Навіны

Уладзімір Някляеў: Гэта палітычная замова.

Ліквідацыя Саюза беларускіх пісьменнікаў для паэта, палітыка экс-кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева нечаканасцю не стала. Пра гэта ён заявіў у эфіры нашага радыё:

– Спіс ён ёсць, спіс грамадскіх арганізацый, якія падлягаюць ліквідацыі. Гэты спіс ніхто не адмяняў. Згодна гэтага спісу, адна за адной гэтыя арганізацыі ліквідуюцца. Гэта палітычная замова і чакаць, што ў дыктатуры, дзе пануе беззаконне, нейкая грамадская арганізацыя выйграе суд у дзяржаўнай структуры, у дадзеным выпадку ў Міністэрстве юстыцыі не даводзілася, так што ніхто не чакаў.

Вярхоўны суд Беларусі па позве Міністэрства юстыцыі 1 кастрычніка ліквідаваў грамадскае аб’яднанне „Саюз беларускіх пісьменнікаў”. Раней члены супольнасці рабілі неаднаразовыя спробы звярнуцца да дзеючай улады з просьбай аб спыненні „масавых рэпрэсій”. Пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года сябры пісьменніцкага саюзу выступілі з крытыкай, асудзіўшы дзеянні ўладаў у дачыненні да пратэстуючых.

„Саюз беларускіх пісьменнікаў” – адна з найстарэйшых творчых арганізацый Беларусі, заснаваная ў 1934 годзе. У яе дзейнасці ў розныя гады прымалі ўдзел паэты і драматургі Іван Мележ, Янка Купала, Якуб Колас, Максім Танк, Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін, а таксама пісьменнікі Іван Шамякін, Кандрат Крапіва ды іншыя.

Беларускае Радыё Рацыя

Чытай больш на: https://www.racyja.com/palityka/uladzimir-nyaklyaeu-geta-palitychnaya-za/

05.10.2021
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Відэа

праваабарончыя сайты