Навіны

Розныя Беларусі

Мінулы тыдзень не пакінуў варыянтаў выбару тэмы для чарговага фельетона. Гэта так званы “Усебеларускі сход”, анонс і хада якога трансляваліся ў Беларусі з дзяржаўных экранаў і радыёперадатчыкаў, і, як кажуць, з кожнага праса і патэльні. Па роду заняткаў давялося паглядзець значную частку праграмы гэтага “велічнага хуралу”, на які былі сабраныя “лепшыя людзі краіны” – агулам каля 2400 нікім не абіраных дэлегатаў і яшчэ каля 300 пачэсных гасцей. Цягам усяго агляду не пакідала адчуванне вяртання ў гады нават не маладосці а ранняга юнацтва – а менавіта прагляду камуністычных з’ездаў у Савецкім саюзе. Гэта якраз той выпадак, калі тэрміналогія прамоўцаў не тое, што гаварыла, а крычала сама па сабе. Дазвольце тут працытаваць набор шэрагу штампаваных фразаў, за якімі няма ніякага сэнсу і фактычнага зместу: “переход к интенсивной модели”, “рост объёмов продукции, модернизация”, “первое место по производству картофеля”, “стимулирование внутреннего потребления”, “в числе мировых лидеров”, “результат слаженных действий коллективов”, “ярким примером подлинного народовластия”, “динамика конституционных преобразований”. І так ва ўсіх прамовах – пустыя словы, лозунгі і клішэ. На трыбуне знайшлося месца і жанчыне-ткачу (яе называлі менавіта ткач!), і кіраўніку афіцыйных прафсаюзаў і маладому камсамольцу, і многім іншым элементам, якія трымаюцца правільнага курсу. І назіраючы гэта праз каляровы тэлевізар, часам здавалася, што трансляцыя адбываецца ў чорна-белых колерах экрана нашага дзяцінства.

Сядзелі на гэтым сходзе ў другім шэрагу, якраз за плячыма галоўных дзяржаўных кіраўнікоў, і вышэйшыя прадстаўнікі каталіцкага касцёлу і праваслаўнай царквы, але пра іх хіба патрэбная асобная гаворка.

Паказалі сваё месца на гэтым уладным зборышчы і беларускай мове. Роўна адзін выступ быў адведзены вясковаму настаўніку беларускай мовы. Той дзякаваў за шчаслівае дзяцінства, упэўненае сёння і светлую будучыню, выказаўшы дадаткова гонар тым, што ён нарадзіўся ў калгасе. Ну вось, што вы яшчэ хочаце, этнаграфічныя ж музеі ёсць, 0,5 працэнту беларускамоўных класаў у школах ёсць – якога ж яшчэ развіцця мовы вам трэба? А всё астальное как у брацкай Расіі, толька са знакам качаства.

Галоўнага арганізатара гэтага рэанімаванага вялікага савецкага калгасу ў асобна ўзятай краіне і ўдзельнікаў гэтых замшэлых хуралаў зразумець можна. Яны стварылі менавіта для сябе нэасавецкую рускамоўную Беларусь з усімі магчымымі прывілеямі, кар’ернымі размеркаваннямі, ільготамі і высокімі заробкамі. Галоўнае правіла іх дзейнасці адно – правільна лізаць у патрэбных месцах і маўчаць, дзе трэба маўчаць. Ды пры тым яшчэ сваіх дзяцей і унукаў можна адправіць жыць і вучыцца ў краіны праклятага захаду, які цэлы час імкнецца разбурыць гэты райскі куточак і “астравок стабільнасці” на зямлі. Тое ж, што робіцца за сценамі іхных палацаў з’ездаў, рэзідэнцый, аблвыканкамаў, кантораў і іншых дзяржаўных будынкаў, іх мала цікавіць. Варта было паглядзець на аднатыпныя шэрыя твары гэтых дэлегатаў, нават не слухаючы іх выступаў, каб зразумець чым жывуць і дыхаюць гэтыя дзве тысячы, сабраныя і звезеныя з усёй Беларусі для вялікага сеансу сваёй псіхалагічнай тэрапіі.

Уся гэтая маса нават не заўважае, што народ Беларусі ўжо не хоча быць рабскай цяглай сілай на гэтай зямлі, што ў людзей абудзілася чалавечая годнасць і яны задумаліся, а многія і асэнсавалі тое, куды іх цягнулі чвэрць стагоддзя – у які палітычны, эканамічны і культурны тупік, у якую багну і якое бяспраўе. Наменклатурным удзельнікам не зразумець, што нараджаецца новая Беларусь. Дакладней, можа яны і разумеюць ужо гэта, але павярнуць са сваёй савецка-прарасейскай каляіны няздольныя. Таму так шмат у іх словах і паставах агрэсіі, таму зноў кляймяцца нейкія міфічныя знешнія сілы, якія нібыта хочуць знішчыць Беларусь, таму такі актыўны пошук ворагаў сярод беларускага грамадства і заклікі ў дадатак да і так рэпрэсіўнага заканадаўства прыняць закон пра іншаземных агентаў.

Толькі вось у тых, хто любіць беларускую Беларусь і хоча жыць у вольнай краіне, быць народам, а не натоўпам, зусім іншае ўяўленне пра сваю дзяржаву…   

Уладзімір Хільмановіч   

Архіў

Красавік 2021
1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930

Відэа

праваабарончыя сайты