Навіны

У Беларусі напад на журналістаў і праваабаронцаў (абноўлена)

Каля 15.20 скончыўся ператрус на офісе "Вясны" у Менску. Мікрааўтобусы з забранымі рэчамі з'ехалі. Алеся Бяляцкага павезлі на вобшук да яго дамоў.
 
Юрыст „Вясны” Павел Сапелка выйшаў на сувязь. Ён паведаміў, што у яго дома адбыўся вобшук, была вынята ўся тэхніка. Ён на волі.
 
У менскім офісе „Вясны” на Незалежнасці, 78а ўжо больш за 3 гадзіны працягваецца ператрус. Унутры знаходзіцца старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі. Паводле інфармацыі Валянціна Стэфановіча, ператрусы праходзяць таксама ва ўсіх рэгіянальных цэнтрах арганізацыі, за выключэннем Гародні і Віцебска. Таксама працягваецца вобшук на офісе прафсаюза РЭП, прайшлі ці яшчэ праходзяць вобшукі ў шэрагу іншых актывістаў і журналістаў.
 
Пасля ператрусу затрыманы вясноўскі праваабаронца Зміцер Салаўёў. У яго кватэры выбілі дзверы, забралі ўсю тэхніку і тэлефон.
 
Затрыманы праваабаронцы „Вясны” з Магілёва Аляксей Колчын і Барыс Бухель. У праваабаронцы „Вясны” з Рэчыцы Валерыя Пуціцкага не адказвае тэлефон. Пазней стала вядома, што ў яго прайшоў ператрус, забралі тэлефон, картку і нават партыйнае пасведчанне.
 
У намесніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Алега Агеева прайшоў вобшук, канфіскаваная тэхніка і грошы. Агееў на волі.
 
Ператрус у офісе БАЖ праходзіў па артыкуле 342 КК. Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец сказаў, што пакуль статусу па справе ў яго няма. Таксама ён паведаміў, што яго адпусцілі дадому – ператрусу ў кватэры Андрэя няма. Ён на свабодзе.
 
Ператрус на офісе Беларускай асацыяцыі журналістаў скончаны, дзверы апячатаныя. Канфіскаваная тэхніка, сейф, папка з заявамі на ўваходжанне ў арганізацыю, некаторыя асобнікі часопіса БАЖ „Абажур”. Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец затрыманы. Яго вязуць для ператрусу дадому. Ператрус ладзяць людзі з цалкам схаванымі тварамі.

У менскім офісе пазбаўленага дзяржрэгістрацыі праваабарончага цэнтра „Вясна” праходзіць вобшук, паведаміў БелаПАН намеснік старшыні арганізацыі Валянцін Стэфановіч. Паводле яго слоў, каля 11.00 унутр зайшлі старшыня „Вясны” Алесь Бяляцкі і восем сілавікоў. Да пачатку вобшуку Бяляцкаму патэлефанавалі прадстаўнікі праваахоўных органаў і сказалі з’явіцца ў офіс арганізацыі на праспекце Незалежнасці. „Гэта логіка рэпрэсій — спачатку прыйсці да палітыкаў, актывістаў, а потым да журналістаў і праваабаронцаў. Так было і пасля [прэзідэнцкіх выбараў] 2010 года. Тое, што цяпер адбываецца, — гэта менавіта акцыя запалохвання журналістаў і праваабаронцаў”, — сказаў Стэфановіч у каментары БелаПАН. Вобшукі ў журналістаў і праваабаронцаў пачаліся раніцай 16 лютага ў розных гарадах Беларусі. Пазней Следчы камітэт паведаміў, што вобшукі праводзяцца ў рамках расследавання справы паводле арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса. „У рамках папярэдняга расследавання з мэтай высвятлення абставінаў фінансавання пратэстнай дзейнасці следствам ініцыяванае правядзенне вобшукаў у арганізацыях, якія пазіцыянуюць сябе як праваабарончыя. Правядзенне працэсуальных дзеянняў даручана супрацоўнікам ГУБАЗіК МУС і санкцыянаванае Генеральнай пракуратурай. Канчатковая прававая ацэнка сітуацыі будзе дадзеная пасля правядзення ўсяго комплексу працэсуальных дзеянняў”, — гаворыцца ў паведамленні СК.
 
Пры вобшуку ў кватэры намесніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыса Гарэцкага канфіскавалі мабільныя тэлефоны, ноўтбукі і грошы. Сам Гарэцкі на волі, ніякага працэсуальнага статусу не мае.
 
Не адказваюць на тэлефонныя званкі лідар РЭП Генадзь Фядыніч і старшыня прафсаюза Васіль Завадскі.

Журналістка Ларыса Шчыракова. Фота: Марына Драбышэўская

Журналістка Ларыса Шчыракова. Фота: Марына Драбышэўская

Ад самай раніцы 16 лютага ў дом да гомельскай журналісткі-фрылансеркі Ларысы Шчыраковай прыехалі  АМАПаўцы. Яны патрабуюць адчыніць дзверы дома, паведамляе тэлеграм-чат "Гомельскай Вясны". Паведамляецца папярэдне, што следчыя  праводзяць ператрус у межах крымінальнай справы па артыкуле 362 КК РБ (Забойства супрацоўніка органаў унутраных спраў).

Ператрус у гэты час праводзіцца ў гомельскага журналіста Анатоля Гатоўчыца.

Таксама раніцай прэс-сакратар Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі паведаміў у фэйсбуку, што да яго ломяцца ў дзверы невядомыя.

Ператрусы праводзяцца таксама ў старшыні БАЖу Андрэя Бастунца і намесніка арганізацыі Алега Агеева.

Паведамляецца аб тым, што ператрусы пачаліся ў сябраў Магілёўскай філіі "Вясны" Аляксея Колчына і Барыса Бухеля.

У Магілёве ператрус праводзіцца на кватэры журналіста-фрылансера Алеся Буракова малодшага і журналіста Аляксандра Буракова

З ператрусам прыйшлі да каардынатара кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі", праваабаронцы "Вясны" Андрэя Палуды.

Ператрус пачаўся у кіраўніка Мазырскай філіі "Вясны" Уладзіміра Целяпуна, а таксама да кіраўніцы светлагорскай філіі "Вясны" Алены Маслюковай.

Паведамляецца, што ператрусы праводзяцца ў тым ліку і супрацоўнікамі аддзелаў па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю (ГУБАЗіК).

Прайшоў ператрус у бацькоў віцебскай праваабаронцы Ірыны Траццяковай. Шукалі дакументы. Забралі флэшку і кніжку «Маніторынг аддзяленняў міліцыі». Сама Ірына на волі.

Старшыню Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца забралі супрацоўнікі ГУУС Менгарвыканкаму. Дома ператрус не праводзіўся, але яго будуць ладзіцць ў офісе БАЖ.

Пачаўся ператрус у прэсавай сакратаркі Беларускага Дома правоў чалавека імя Барыса Звозкава Яўгеніі Парашчанкі.

Будзе дапоўнена.

 

http://spring96.org/be/news/101926

16.02.2021

Архіў

Красавік 2021
1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930

Відэа

праваабарончыя сайты