Навіны

Васіля Пільца засудзілі да году "хатняй хіміі"

У судзе Кастрычніцкага раёна Гародні 12 лютага завяршыўся разгляд крымінальнай справы мясцовага жыхара Васіля Пільца. Яго звінавацілі па частцы 1 артыкула 339 Крымінальнага кодэксу (Хуліганства). Нібыта 14 снежня мінулага года Пілец штурхануў агрэсіўных прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі і актывістаў руху "Антивандал".

Справу разглядаў суддзя Дзмітрый Кедаль. Дзяржаўны абвінаваўца – памочнік пракурора Алена Пронька.

Маніторынг судовага пасяджэння вёў праваабаронца Раман Юргель.

Пацярпелыя па справе Вольга Бондарава і Аляксандр Галахаў, актывісты незарэгістраванага, але падтрымліваемага уладай руху “Антивандал”.

Па матэрыялах следства, 14 снежня  Васіль Пілец аказаў гвалт у дачыненні да Галахава і Вольгі Бондаравай, якія зафарбоўвалі на ходніках выявы бел-чырвона-белых сцягоў, штурхнуў іх, хапаў за вопратку, штурхаў, сарваў маску, тым самым прычыніў пацярпелым фізічны боль.

Дзяржабвінаваўца на сённяшнім пасяджэнні агучыў матэрыялы справы.

Затым адвакат запытаўся ў пацярпелай Вольгі Бондаравай, ці  прыцягвалася яна да адміністрацыйнай адказнасці?

- Так.

- А да крымінальнай, за кантрабанду цыгарэт у Польшчу?

- Таксама так.

Адвакат пытаецца зноў:

- У заключэнні судмедэкспертызы не зафіксавана нанясенне вам цялесных пашкоджанняў?

Бондарава адказвае:  Не. Прычынены боль з'яўляецца цялесным пашкоджаннем."

Адвакат таксама нагадвае, што абвінавачваны быў узяты пад варту з запаленнем лёгкіх са станоўчым тэстам на COVID.

Перад пачаткам суда над Васільём Пільцом.
Перад пачаткам суда над Васілём Пільцом.

Тым часам пракурор скончыла зачытваць матэрыялы справы. Суддзя абвясціў аб праглядзе відэа файлаў з відэакамер дамоў з матэрыялаў справы, якія ёсць у матэрыялах справы. Ідзе прагляд відэа суддзём, пракурорам, абвінавачаным, адвакатам, пацярпелымі Бондаравай і Галахавым.

Адвакат робіць заўвагу, што на відэа выкарыстаная нарэзка з выкарыстаннем нейкай праграмы, а пратакол агляду прадметаў не адпавядае. Адвакат хадайнічае аб відэапраглядзе з мабільнага Бондаравай. Абвінавачаны падтрымаў, пракурор не пярэчыць.

Усе ўдзельнікі працэсу праглядаюць відэа з мабільнага Бондаравай.

Абвінавачаны кажа, што адзін фрагмент на відэа адсутнічае. Звяртаў увагу следчага на гэты момант, але мяняўся следчы і следчая група.

Бондарава заяўляе хадайніцтва аб раскадроўцы кожнага руху на відэазапісу з мабільнага, хоча прадэманстраваць. Адвакат супраць і суддзя не задаволіў хадайніцтва.

Адвакат просіць далучыць да матэрыялаў справы матэрыялы аб узгадненні падобных акцый з РАУС і УУС Гродзенскага аблвыканкама. Прыйшоў адказ, што Вольга Бондарава не звярталася ў органы міліцыі з просьбай аб ахове іх дзеянняў і акцый.

Бондарава тлумачыць што адразу тэлефанавала ў Кастычніцкі РАУС ідэолагу Палякову аб правядзенні такіх зафарбоўванняў, апавяшчала міліцыянтаў вусна, праз тэлефон. Бондарава прапануе праслухаць аўдыёзапіс ўсіх размоў з Паляковым з Кастрычніка РАУС, якія яна рабіла.

Cуддзя абвясціў пра завяршэнне судовага следства. Пачаліся спрэчкі бакоў.

Пракурор кажа, што Пілец, выказваючы грэбаванне да грамадства, ужыў гвалт да Бондаравай і Галахава. Віну не прызнаў.

"14.12.20 ішоў каля 12 дня з сынам, сабакам да касцёлу, сабака тузануў ланцужок, сын упаў на асфальт і выпэцкаў куртку. Пілец крычаў, навошта зафарбоўваць, быў агрэсіўна настроены. Калі Бондарава стала яго здымаць на тэлефон, Пілец патрабаваў спыніць здымку, сарваў маску з твару Галахава, той адскочыў, Пілец схапіў Бондараву і захапіў яе за шыю. Пільца не правакавалі, не выяўлялі агрэсію, а ён кінуўся на іх, абражаў. Беспадстаўна ужыў гвалт і перакуліў банку з фарбай. Паказанні пацярпелых канкрэтызаваны, паслядоўныя. Пацярпелыя выконвалі свой дзяржаўны доўг па зафарбоўванню незарэгістраванай сімволікі".

pilec-06.jpg
Васіль Пілец пасля абвяшчэння прысуду.

Пракурор лічыць даказанай віну Пільца, просіць суд прызнаць яго вінаватым па ч. 1 арт 339 КК РБ і пакараць абмежаваннем волі на 2 гады ва ўстанове адкрытага тыпу.

Пілец ад апошняга слова адмовіўся.

Адвакат прасіў прызнаць абвінавачанага невінаватым.

Суддзя абвяшчае прысуд: адзін год абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу. Пільца вызваліць з-пад варты, адмяніць арышт на маёмасць.

http://spring96.org/

Архіў

Красавік 2021
1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930

Відэа

праваабарончыя сайты