Навіны

Справа Фурманава-Разнічэнкі-Кнігі: працяг (фота)

11 лютага ў судзе Кастрычніцкага раёну адбыўся працяг разгляду рэзананснай крымінальнай справы трох гарадзенцаў - Дзмітрыя Фурманава, Яўгена Разнічэнкі і Уладзіміра Кнігі. Справу вядзе суддзя Вольга Бекушава, пракурор Мікіта Мыслівец. Абвінавачаных бароняць тры менскія адвакаты. 

У гэты дзень павінны былі дапытаць трох "пацярпелых". Аднак выявілася, што адзін іх хварэе, а яшчэ двох - у камандзіроўцы. Нібыта міліцыянты Казлоўскі і Хваленя задзейнічаны на ахове грамадскага парадку.

Далей адбыўся допыт Тамары Разнічэнкі - маці Яўгена Разнічэнкі. Яна расказала пра свайго сына, пра тое, што ён быў на заробках у Расеі, працаваў там таксістам, потым вярнуўся па сямейных абставінах у Гародню і ўладкаваўся тут на працу. Спіртнога не ўжываў. У Тамары Разнічэнкі кепскае здароўе, сын ёё заўсёды дапамагаў. Яўген - зычлівы чалавек і зусім не схільны да нейкага гвалту. На відэа інцыдэнта Тамара Разнічэнка свайго сына не пазнала. Але ў пратаколе запісана следчым, што пазнала, як міліцыянт падаў на Яўгена.

Выявілася, што ў Тамары Разнічэнкі вельмі кепскі зрок. Адвакат заявіў хадайніцтва пра далучэнне даведкі офтальмолага пра яе вельмі кепскі зрок да матэрыялаў справы. Пракурор быў супраць гэтага далучэння, але калі адвакаты і абвінавачаныя падтрымалі гэтае хадайніцтва, суддзя задаволіла яго.

Далей адбыўся допыт іншай сведкі - гарадзенкі Людмілы Дзянісавай. Яна была на плошчы ў той вечар, падпісвалася за Святлану Ціханоўскую. Абвінавачаных і "пацярпелых" не ведае. Сведка расказала, што ўсё было вельмі мірна і спакойна, пакуль нейкія дзве жанчыны не сталі чапляцца да Сяргея Ціханоўскага. Сказала, што Ціханоўскі імкнуўся пазбегнуць правакацыі, але гэтыя жанчыны да яго чапляліся далей і ўрэшце наляцелі міліцыянты, якія сталі хапаць людзей і запіхваць іх у бус. Сказала, што бачыла як міліцыянт упаў і стаў свістаць. Ціханоўскі паводзіў сябе абсалютна мірна і людзям было незразумела, чаму яго схапілі. Таму людзі пайшлі да будынку УУС на вуліцы Акадэмічнай. Сама Дзянісава пазней была аштрафаваная за нібыта ўдзел у несанкцыянаванай акцыі паводле артыкулу 23.34.

Далей сведкам выступіў гарадзенец Уладзімір Мілеўскі. Ён таксама ў той вечар прыехаў на плошчу падпісацца за альтэрнатыўных кандыдатаў. Падпісаўшыся, назіраў штурханіну і наступствы інцыдэнта. Бачыў як дзве жанчыны правакавалі Ціханоўскага на канфлікт, а той сыходзіў ад іх. Потым засвістаў міліцыянт і наляцеў ОМОН, стаў хапаць без разбору людзей. Пазней Мілеўскі быў выкліканы на допыт у Следчы камітэт як сведка падзей.

Наступнае паседжанне ў гэтым працэсе пройдзе 12 лютага ў 10.45. Плануецца допыт чатырох сведак. 

фота праваабаронца Рамана Юргеля

 

Архіў

Красавік 2021
1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930

Відэа

праваабарончыя сайты