Навіны

У Мінску гродзенца прысудзілі да трох гадоў "хіміі" за пагрозу прымянення гвалту праз SMS

Суддзя суда Маскоўскага раёна горада Мінска Лідзія Целіца 22 студзеня вынесла прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да Аляксандра Сячко –абмежаванне волі тэрмінам у тры гады ў папраўчай установе адкрытага тыпу. У гэты тэрмін залічана знаходжанне Аляксандра пад вартай падчас следства з 23 кастрычніка 2020 года па 22 студзеня 2021 года. Пасля абвяшчэння прысуду Аляксандра выпусцілі з-пад варты.

Менавіта такое пакаранне запытвала дзяржабвінаваўца Жураўлёва.

Аляксандр Сячко пасля абвяшчэння прысуду
Аляксандр Сячко пасля абвяшчэння прысуду

 

Асудзілі ж Аляксандра Сячко паводле артыкула 364 КК РБ (Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). Сячко прызнаў, што напісаў SMS-паведамленне камандзіру аддзялення Мінскага Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў (Окестина) Яўгену Урублеўскаму са словамі: "Маліся, уб**док, ты хутка падохнеш»:

"Пасля прагляду відэа аб масавых збіваннях і ўсіх гэтых бясчынствах падчас жнівеньскіх падзей я быў абураны і шакаваны – і на эмоцыях напісаў паведамленне", – распавёў "Вясне" Аляксандр Сячко.

22 кастрычніка, як сцвярджае Аляксандр, да яго прыехалі аператыўныя супрацоўнікі з Мінска (сам ён жыве ў Гродне):

"Не прадстаўляючыся, хацелі патрапіць у кватэру. Аформілі ж маё затрыманне 23 кастрычніка – то бок пратрымалі мяне амаль суткі без рэгістрацыі і афармлення, каб адвакаты не ведалі, дзе я", – адзначыў Аляксандр.

Тры месяцы, пакуль ішло следства, Аляксандр знаходзіўся ў розных месцах: у Жодзіна, затым у Гродна, а пасля яго перавялі ў СІЗА№1 у Мінску. Сярод умоў утрымання Аляксандр адзначыў наяўнасць праблемы атрымаць медыцынскую дапамогу:

"Лекар абяцае: "Так-так, я прыйду". А ў выніку чакаеш яго па тры-пяць дзён – і нічога. І толькі ўжо калі едзеш на суд, то там сяк-так з лекарам ужо можна было дамовіцца і атрымаць прэпараты".

Аляксандр Сячко адзначыў, што Урублеўскаму паступіла каля 1300 паведамленняў — рэакцыі людзей на катаванні на Акрэсціна 9-12 жніўня 2020 года.

Суд таксама абавязаў Аляксандра Сячко выплаціць Урублеўскаму кампенсацыю маральнай шкоды памерам у 1000 беларускіх рублёў. А яго мабільны тэлефон, з якога і было напісана SMS, — канфіскаваць.

 

http://spring96.org/be/news/101496

Відэа

праваабарончыя сайты