Навіны
Канцэрты жыцця
Тыдзень назад, пішучы пра ўваход у новы 2021 год, не хапіла месца, каб узгадаць яшчэ адну традыцыю, якая загасцілася ў грамадскай прасторы Падляшша. Менавіта чарговы раз варта ўзгадаць Падляшскі канцэрт пажаданняў на Беларускім Радыё Рацыя, які яднае людзей і проста дазваляе людзям адчуваць сябе не забытымі і пакінутымі ў гэтым паганым часе. Звычайныя, здаецца, пажаданні і чалавечыя, жывыя і аўтэнтычныя выказванні дазваляюць адчуць слухачам сваю зямную прысутнасць, узгадаць сямейныя і сяброўскія сувязі, што пацвярджаюць нас у тым, што мы не да канца самотныя, але патрэбныя сабе ўзаемна. Святочны калядна-навагодні перыяд гэта згушчэнне такіх канцэртаў, але, як чуваць у радыёэфіры, яго вымярэнне набывае ўжо не толькі падляшска-агульнапольскі, але і сусветны маштаб, дзякуючы прысутнасці радыёвяшчання ў інтэрнэт-прасторы. Калі будзеце, Шаноўныя Чытачы, знаёміцца з гэтым нумарам «Нівы», з некаторымі з Вас мы будзем таксама і слухачамі чатырох рацыйных канцэртаў, у тым ліку двух шматгадзінных, навагодніх — па новым і старым каляндарным стылі. Менавіта пасля трох праслуханых канцэртаў я яшчэ больш зразумеў, што чалавек у кожным узросце мае свае мудрасці і патрэбу адметнасці свайго стылю жыцця. Ужо ў галаве не выклікі маладосці і радасці з хуткасці пражытых эмоцый і неспадзяванак. Зараз, калі нешта пазітыўнае трапляецца нам у жыцці, то хочацца з нечым такім быць як найдаўжэй. А гэта выклікае таксама патрэбу нейкага, сабе толькі вядомага стварэння абраду і ўрачыстага адзначэння такіх хвілін у зацішшы свайго дому. Калі зараз задумаўся я над згаданымі канцэртамі, то ўлавіў сябе на тым, што ў тыя гадзіны паводжу сябе так, як героі дакументальнага кіно Міколы Ваўранюка пра гэты радыйны феномен. Перад канцэртам мушу ўсё мець прыбранае ў кватэры, каб спакойна легчы ў ложак і слухаць, слухаць. Проста, памыты і пабрыты, я засоўваюся ў гэтыя зімовыя дні адразу пад коўдру, а кубак з гарбатай заўсёды знаходзіцца пад рукой. Калі я ўжо так уладкаваўся ў свой ложак, то, як не бач, вельмі часта і задрамаў на некалькі хвілін. Значыць, чалавек скінуў з сябе стрэс, калі так ужо расслабіўся. У туалет прызнаюся, сыходжу, калі гучаць песні або навіны, каб не правароніць сказаных жыццёвых мудрасцей і маляўнічых параўнанняў, якія ўмеюць распавесці некаторыя слухачы. Геаграфія месцажыхарства слухачоў і яшчэ іх жывая мова з розных палос беларускіх дыялектаў дазваляюць мне таксама вывучаць своеасаблівасці вобразнага пераказу, які хочацца запамятаць, запісаць і перадаць у агульнабеларускую, моўную спадчыну. Пра гэта так моцна захацелася мне напісаць, калі ў нядзелю вечарам вяртаўся я на аўтобусе з Гайнаўкі ў Беласток менавіта праз тыя вёскі, з якіх даволі часта паступаюць тэлефанаванні ў студыю Радыё Рацыя. Вось так хацелася пабачыць некаторых слухачоў у твар і зверыць з рэальнасцю ўяўленыя асобы. Нават на аснове кароткіх тэлефанаванняў можна здагадацца, колькі добрых і дрэнных эмоцый прыходзіцца перажываць кожнаму чалавеку. Пра сваё гора і бяду слухачы маўчаць, але заўсёды нейкія аскепкі гісторый, з якімі яны адыдуць разам са сваім светам сялянскай, беларускай цывілізацыі, перадаюцца іншым людзям. Нягледзячы на цацачныя ўпрыгожанні некаторых двароў, у большасці вясковых дамоў не было аніякага святла ў вокнах. Ражджаство Хрыстовае ў нядзельны вечар пацвярджала сумныя дэмаграфічныя працэсы на Падляшскай зямлі. Калі дзень раней у суботу вечарам у бацькоўскай хаце слухаў я рацыйны канцэрт, то стрэлкі гадзінніка на фоне паўсюднай цішыні навонкі хаты адмервалі сваім ходам дарогу ў памяць мінулага і непазбежнасць чалавечага прамінання. Прамінанне дакончвае таксама і маю родную вёску. У нядзелю пасля поўдня, але яшчэ завідна на маіх вачах сярэдзінай вуліцы бяжыць няспешна ліса і нясе ў зубах кусок мяса. Бяжыць спакойна, бо ў маім канцы вёскі няма каму яе нават перапалохаць. Перад гадзінай завітаў да нас прыхадскі хор, які ўзвесяліў нас калядкамі. Цяпер усё, як было раней, зноў вяртаецца ва ўладаранне лесу.
Яўген Вапа