Навіны
Новы год з традыцыяй
Злёгку ў познім восеньскім антуражы адсвяткавалі мы першыя Каляды і ўвайшлі ў 2021 год. Незвычайны гэта быў уваход у Новы год. Раней у тэлевізійным пераказе галоўнай навіной першага дня студзеня былі карцінкі мільённых натоўпаў на вуліцах і пляцах сусветных сталіц. У перадачах рэгіянальных тэлецэнтраў паказваліся сюжэты з правінцыйных цэнтраў, такіх як Беласток, Гародня ці Саколка. Да гэтага луналі адмысловыя запушчаныя феерверкі і адбываліся канцэрты артыстаў ужывую, арганізаваныя медыйнымі канцэрнамі ці гарадскімі ўладамі. Адным словам, шаленства навагодняй ночы буяніла ў поўным разгары. Яшчэ дакіньма сотні тысяч тон выстраляных агнявых упрыгожанняў звычайнымі людзьмі ва ўсіх куточках нашай планеты.
Кульмінацыяй поўначы было ўзіранне ў начное неба, на якім разліваліся цацачныя і эфектныя каляровыя бенгальскія агні. Адзін кошт такіх відовішчаў быў заўсёды на баку гарадскіх улад, другі — гэта ініцыятыва звычайных людзей, спалучаная са спаборніцтвам паміж гарадамі, кварталамі, ці нават вуліцамі і паасобнымі шматпавярховымі дамамі. На маім беластоцкім балконе гадамі добра аглядалася запушчаныя агні і віншаванні жыхароў на начных панадворках. Гучней, вышэй, як найдаўжэй — гэта абавязковы прынцып гукавой гульні. Зразумела, што гэта быў толькі дадатак да самай галоўнай падзеі гэтага вечара: добрая кампанія, напіткі з бурбалкай і не толькі, танцы і ўрэшце раніцай, ці познім вечарам ужо першага студзеня вяртанне ў рэчаіснасць, у якой найчасцей не трашчаў за акном мароз, але трашчалі галовы, што патрабавалі невыноснай цішыні і халодных напіткаў, ужо нават і безалкагольных.
Некаторыя мае знаёмыя, спартыўныя заўзятары зімовых скачкоў з трампліна і Турніру чатырох трамплінаў сваё скрыжаванне спорту і выпіўных кампаній завяршалі на каталіцкія Тры Каралі, а тым самым, значыць, на праваслаўную каляду. Тут спартыўнае відовішча выбудоўвала само па сабе таксама экуменічную еднасць заўзятараў зімовага спорту. У гэтым годзе каранавірусная зараза натуральным чынам адмяніла і аблічча навагодняй ночы на ўсёй Зямлі. Абмежаванні, забароны, свядомая ізаляцыя — такой была рэальнасць сёлетняга Сільвестра. Усё дзеля надзеі і веры ў нармальнасць цягам наступіўшага новага 2021 года. Гэтую надзею мільярдам людзей на свеце абяцаюць таксама і лекары, даруючы зараз прышчэпку супраць каранавіруса. Ці людзі не пабаяцца вакцынацыі, якая ўваходзіць у абарот не цягам некалькіх гадоў медычных эксперыментаў, але ў значна карацейшы тэрмін без разгляду доўгатэрміновых наступстваў новага лякарства, пабачым у жыццёвым досведзе на нас саміх.
Аднак чалавечаму роду, з ягонай псіхікай і розумам, жыць надалей у каранавірусным рэжыме проста немагчыма. Мае знаёмыя старажылы паўтараюць з пэўнай перасцярогай, што ад такой бяды лёгка не адчапіцца — як не тая, то прыпляцецца другая. Можа тут і занадта насцярожлівасці, але пры сённяшніх мутацыях хвароб і іх лёгкасці перамяшчэння то і сапраўды невядома, што за хвіліну да нас прыплыве, ці прыляціць.
Але яшчэ вернемся да навагодняй ночы. Нягледзячы на ўсе абмежаванні ў Польшчы, уключна з забаронай выхаду на вуліцу з 19 да 6 гадзіны раніцы, людзі адзначалі яе з традыцыйнымі элементамі, у тым ліку і з феерверкамі. Трэба было тут крыху партызаншчыны, але ж чаго не робіцца для любімага ўсімі відовішча. У Беластоку было некалькі хваль агнявых стралянняў. У маім раёне феерверкі асвятлялі неба а 17, 19, 22 гадзіне і ў самую поўнач. Бабахалі нядрэнна, калярова і доўга. Паліцыйныя машыны на сігнальных сірэнах насіліся па ўсім горадзе, несвядома ўпісваючыся ў магію патрэбы галоснасці гукаў адзінай такой ночы ў годзе. Праз акно наглядаў я групы не толькі маладзёнаў, якія, адпаліўшы петарды і агні, спраўна разбягаліся паміж блёкамі, скрываючыся перад эвентуальнымі штрафамі, каб зноў вярнуцца да любімай справы праз нейкі момант. Здаецца, усе аказаліся задаволенымі з сёлетняга Сільвестра — улады вынікам абмежаванняў, а народ, што падтрымаў традыцыю.
Перад намі цяпер тур праваслаўнага кругазвароту, які завершыцца ў трэцяй дэкадзе студзеня святам Вадохрышча, інакш званым Трыма Каралямі. Тады маюць быць зняты і каранавірусныя абмежаванні.
Яўген Вапа