Навіны

Працяг крымінальных спраў Аляксея Лапы і Сяргея Рымшы

2 снежня ў розных судах Гародні прадоўжыўся разгляд крымінальных справаў Аляксея Лапы і Сяргея Рымшы.

У судзе Кастрычніцкага раёна чарговае паседжанне па справе Аляксея Лапы цягнулася каля двух гадзін. Справу вядзе суддзя Дзмітрый Кедаль. Былі апытаныя два сведкі - міліцыянт, які прымаў дзяжурны выклік і следчы, які вёў справу жорстка збітага таксіста Аляксея Лапы, якога потым зваінавацілі нібыта ў крымінальным злачынстве. Дакументы, якія вёў следчы Станішэўскі, у матэрыялах справы зроблены вельмі неразборлівым почыркам, таму яго і выклікалі ў суд як сведку. Следчы паказаў, што шмат чаго не памятае з тых дзён. Адвакат Лапы звяртаў увагу на супярэчнасці ў матэрыялах справы, высветліць гэтыя пытанні фактычна не ўдалося. Наступнае паседжанне суда прызначана на 14.20 9 снежня.

У судзе Ленінскага раёну адбываўся працяг разгляды справы Сяргея Рымшы (на фота). Справу разглядае суддзя Юрый Казакевіч. Міліцыянт Ілья Сацура як сведка так пакуль і не з'явіўся ў суд, ён надалей на бальнічным. Суд працягнуў разглядаць пісьмовыя матэрыялы справы. Пракурор зачытаў матэрыялы справы: за след ад каменя на міліцэйскай "газэлі" даведка ў справе пра спагнанне шкоды на 375 рублёў. Рымшу непасрэдна далі копію зыскавай заявы аўтагаспадаркі УУС Гарадзенскага аблвыканкаму. Рымша азнаёміўся з копіяй. Далей суд пастанавіў спыніць удзел Рымшы ў грамадзянскім працэсе, паколькі ён праходзіць па крымінальным працэсе. Такім чынам гэты зыск будзе разгледжаны ў крымінальным працэсе. Сяргей Рымша выказаў нязгоду з гэтым зыскавым патрабаваннем, паколькі ніякіх прадметаў 9 жніўня ён не кідаў ў бус міліцыянтаў.

Далей пракурор працягнуў зачытваць матэрыялы справы, дзе было сказана, што відэазапісы за 9-12 жніўня далучаны да справы. Агучылі рапарт намесніка начальніка Ленінскага РАУС Асіповіча, дзе сказана, што 9 жніўня ў Гародні былі незаконныя масавыя мерапрыемствы і Рымша ў іх удзельнічаў. Адбыўся прагляд відэаматэрыялаў з рэгістратараў ДАІ, аўто АМАПу, таксама відэа з мабільніка Рымшы, якое ён здымаў для сябе. На відэа мірныя пратэстоўцы скандуюць "Позор!" і "Уходи!", таксама чуваць перамовы міліцыянтаў па рацыях пра накіраванне нарадаў.

Пасля абеду а 14.30 разгляд справы прадоўжыўся. Удзельнікі працэсу праглядалі відэа. Адвакат Аляксандр Бірылаў хадайнічаў пра дадатовы выклік і допыт у судзе ўсіх 6 міліцыянтаў з мэтай супольнага прагляду на відэа працэса затрымання Сяргея Рымшы. Пракурор выступіў супраць гэтага, суддзя адмовіў у хадайніцтве, пастанавіўшы выклікаць толькі міліцыянта Сацуру, які не даваў пакуль у судзе сведчанняў.

Пракурор зачытаў звесткі пра змест відэафайлаў з розных рэсурсаў, табліцу фотаздымкаў пра дзеянні грамадзян у счэпцы ў цэнтры Гародні і крыках "Міліцыя з народам!". Адвакат падкрэсліў, што Рымшы там не было! 

Сам Рымша даў наступныя паказанні 10 жніўня пра падзеі 9-га жніўня: "Людзі закрычалі "Жыве Беларусь" і я пляскаў у далоні. Я не бачыў, хто кідаў камень ў міліцэйскую "газэль". Сам я каменняў не кідаў і ў маім заплечніку не было камянёў, толькі асабістыя рэчы. Я толькі падтрымліваў воклічы апладысментамі. Гук удара я чуў, падумаў, што нехта кідаў камень, але сам я нічога не кідаў. Я быў абураны затрыманнямі людзей на плошчы, але проста стаяў і назіраў". 12 жніўня на допыце ў следчага Рымша таксама пацвердзіў, што нічога не кідаў і не бачыў, хто кідаў камень.

Наступныя судовыя паседжанні па гэтай справе прызначаны на 10 і 11 снежня, адпаведна на 10.30 і 14.30. Адбудзецца даследаванне рэчавых доказаў, судовыя спрэчкі бакоў, апошняе слова падсуднага і будзе агучаны прыгавор.

фота праваабаронцы-назіральніка Рамана Юргеля

 

Архіў

Красавік 2021
1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930

Відэа

праваабарончыя сайты