Навіны

Трое сутак пад вартай дзеля зручнасці міліцыянта

30 лістапада ў Смаргоні суддзя Людміла Пятрова прыняла рашэнне пакараць 3 суткамі арышту праваабаронцу Алеся Дзергачова, якія ён адбыў пасля затрымання, якое адбылося 13.11.2020.
Дарэчы, гэтае затрыманне Алесь Дзергачоў абскардзіў. Скарга разгледжана судом адначасна з матэрыяламі справы і прызнана неабгрунтаванай
Падчас разгляду скаргі  Дзергачоў задаў пытанне ўчастковаму Андрэю Кавязу: -У чым палягала неабходнасць затрымання і утрымання пад вартай праз 5 дзён пасля масавага мерапрыемства? На што той адказаў, што для зручнасці ў складанні пратакола. Маўляў, зараз з 12 пасад участковых ў Смаргоні занята толькі 5. Падвойная, а то і патройная нагрузка. А па позвах хто не з’яўляецца, хто не адчыняе дзверы пры наведванні… А так сабраў разам патрэбных людзей у ізалятары і без праблем аформіў пратаколы за тры дні.
На ўдакладняльнае пытанне пра тое, навошта яго ўтрымлівалі пад вартай трэція суткі, бо пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні складзены на другія, участковы адказаў, што выкарыстаў права затрымліваць на тэрмін да трох сутак.

Вось такая беларуская рэчаіснасць: спачатку міліцыя знявольвае, а пасля суд пацвярджае тэрмін. Пры гэтым ён не хоча нават унікаць у пытанне, чаму чалавека ўтрымлівалі пад вартай пасля дасягнення мэты затрымання.

Відэа

праваабарончыя сайты