Навіны

Жыхар Смаргоні падаў у суд на раённага пракурора

16 верасня 2020 года пракурор Смаргонскага раёна Андрэй Клышэвіч абвесціў Іллю Петунову папярэджанне за нібыта неналежнае выхаванне свайго непаўнагадовага сына, які быў з ім на “несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве”. 
Пракурор лічыць, што наведванне несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў як быццам бы ставіць пад пагрозу жыццё дзіцяці.
Дык што ж пагражае?
Выяўляецца, па звестках, якія мае пракурор, на такіх мерапрыемствах “брыдкасловяць і агучваюць лозунгі”, што ставіць пад пагрозу бяспеку дзіцяці.
Ілля Петуноў абскардзіў папярэджанне ў абласную пракуратуру. Аднак намеснік пракурора вобласці Андрэй Скурат скаргу не задаволіў. Пры гэтым ў адказе ўвогуле не стаў аспрэчваць ці пацвярджаць брыдкаслоўе на масавых мерапрыемствах, ці прыводзіць прыклады шкодных для здароўя дзіцяці лозунгаў. Ілля Петуноў ў сваёй скарзе спасылаўся на частку 3 артыкулу 67 Кодэкса аб шлюбе і сям’і, у якой прыводзяцца крытэры знаходжання дзіцяці ў сацыяльна небяспечным становішчы (там прыведзеных Клышэвічам крытэраў няма). А намеснік пракурора вобласці ў адказе спаслаўся на ч.1 гэтага ж артыкула, дзе прыводзяцца агульныя патрабаванні да выхавання.
Як кажуць, Ілля гаворыць пра Фаму, а пракурор адказвае пра Ярому. 
На гэтай падставе некалькі дзён таму Ілля Петуноў звярнуўся ў суд са скаргай на неправамерныя дзеянні пракурора раёна Андрэя Клышэвіча.
Відавочна, у судзе пракурору прыйдзецца раскрываць статыстыку брыдкаслоўя на несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах і тлумачыць, як той жа лозунг “Жыве Беларусь!” уплывае на выхаванне дзіцяці і чым пагражае яго жыццю. 

на фота Ілля Петуноў справа ў акулярах  
           

Відэа

праваабарончыя сайты