Навіны

Хроніка палітычнага пераследу за 24 лістапада

Затрыманне каля КДБ 28 ліпеня. Фота TUT.BY

Затрыманне каля КДБ 28 ліпеня. Фота TUT.BY

У аўторак, 24 лістапада, у Беларусі працягваецца пераслед па палітычных падставах. Праваабаронцы "Вясны" збіраюць новыя факты пераследу па ўсёй краіне: затрыманні, вобшукі і іншыя формы ціску.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • +375 17 377 55 40.
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

У Магілёве каля пад'езда свайго дома на бульвары Непакорных 24 лістапада быщ затрыманы кіроўца "хуткай дапамогі" Максім Сяргеенка. Мужчына вяртаўся дадому пасля начной змены, калі да яго падышлі супрацоўнікі міліцыі, затрымалі і адвезлі ў Магілёўскі РАУС.

Імаверна, мужчыну падазраюць у правядзенні несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.

У Мінску ў судзе быў затрыманы валанцёр Праваабарончага цэнтру "Вясна" Андрэй. Па сканчэнні судовага пасяджэння на калідоры ён нешта гучна прамовіў. Пасля гэтага на яго суддзя выклікала міліцыі. Яго даставілі ГАМ, адкуль хутка вызвалілі пасля гутаркі.

Увечары перастаў выходзіць на сувязь журналіст Ігар Ільяш, муж затрыманай па крымінальнай справе журналісткі Кацярыны Андрэевай. Па інфармацыі БАЖ, ён мусіў прыйсці на сустрэчу, але не з'явіўся. Тэлефоны журналіста адключаныя. Пазней стала вядома, што сілавікі правялі ператрус у кватэры Ігара — там знойдзены пратакол канфіскацыі рэчаў. Журналіста змясцілі ў ІЧУ на Акрэсціна.

Паведамляецца, што ў Барысаве ранкам была затрымана Галіна Небышынец. Падрабязнасці інцыдэнту высвятляюцца.

Па інфармацыі "Брэсцкай вясны", ўвечары прыйшлі з вобшукам да лідаркі Прафсаюза РЭП Зінаіды Міхнюк. Мяркуецца, што аднаму міліцыянту на акцыі 25 кастрычніка парвалі куртку, а калі дакладней, то разышлося шво на рукаве. Гэта кваліфікавалі як гвалт адносна супрацоўніка міліцыі, артыкул 364 Крымінальнага кодэксу.

У Пінску 24 лістапада знік карэспандэнт "Медыя-Палесся". Яўген Нікалаевіч пайшоў у мясцовы аддзел міліцыі і адтуль не выйшаў. Яўгена па тэлефоне папрасілі прыйсці ў аддзяленне крымінальнага вышуку, дзе яго хочуць апытаць. У якасці каго і ў рамках якой справы, не патлумачылі.

Як паведамляе "Белсат", 25 лістапада ўвечары ў Віцебску некалькі дзясяткаў чалавек выйшлі пагуляць са сцягамі, але некалькі чалавек былі затрыманыя. Спіс затрыманых:

  • Таццяна Дзіканава
  • Сяргей Мукасей
  • Аляксандр Ізобаў
  • Алена Кустава
  • Алег Правальскі
  • Соф'я Цярэнцьева

Па паведамленні @motolkohelpзатрыманы экс-следчы Яўген Юшкевіч. Цяпер ён на Акрэсціна. Яўген Юшкевіч – стваральнік ByChange, ён дапамагаў былым сілавікам «увайсці ў IT», а таксама вёў папулярны Twitter з інсайдамі з МУС і СК, які цяпер недасяжны.

Інфармацыя будзе дапаўняцца.

 

http://spring96.org/be/news/100580

Відэа

праваабарончыя сайты