Навіны

Працяг разгляду крымінальнай справы Сяргея Рымшы

25 лістапада працягнуўся разгляд крымінальнай справы гарадзенца Сяргея Рымшы. Яго вінавацяць адразу па двух артыкулах крымінальнага кодэксу - 342 (Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і 364 (Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). Справу разглядае суддзя Юрый Казакевіч. Пракуратуру прадстаўляе Мікіта Мыслівец. Інтарэсы Рымшы прадстаўляе адвакат Аляксандр Бірылаў.

Крымінальная справа датычыць падзей, якія адбыліся ў Гародні 9 жніўня. Тады позна ўвечары ў таніраваны мікрааўтобус з сілавікамі паляцеў камень. Пасля гэтага Сяргея Рымшу затрымалі, збілі, завезлі ў Ленінскі РАУС, пазней яму паведамілі, што на яго пачатая крымінальная справа.

Прайшло апытанне "пацярпелых" супрацоўнікаў сілавых органаў. Гэта міліцыянты Багушэвіч, Літвін, Сацура. Апошні з іх захварэў і не змог прысутнічаць на паседжанні суду.

Іван Багушэвіч, міліцыянт ППС Ленінскага РАУС сказаў, што ён быў 9 жніўня на службе, у міліцэйскім бусе было 5 пэпээсаўцаў і 2 амапаўцы. Расказаў, што ў бок машыны-газэлі паляцеў прадмет, пачуў стук удара па азтамабілі, сцвердзіў, што бачыў як менавіта Рымша кідаў камень у машыну. Рашэнне пра затрыманне Рымшы прымалася ўсім нарадам міліцыянтаў. якія былі ў бусе. Маўляў, іншых лысых і ў кашульцы з бел-чырвона-белай сімволікай на вуліцы тады не было. Затрымлівалі Рымшу ўсе разам, ён знаходзіўся на падлозе буса, спецсродкаў пры затрыманні не прымянялі. Рапарт Багушэвіч складаў ў Ленінскім РАУСе, хто прысутнічаў пры складанні - не памятае, тлумачэнні следчаму даваў, але каму канкрэтна - не памятае.

Суддзя агучыў пратакол допыту "пацярпелага" Багушэвіча. Выявіліся супярэчнасці ў паказаннях Багушэвіча. У пратаколе напісана, што Рымшу затрымалі з заплечнікам, прымяніўшы фізічную сілу, у заплечніку нібыта акрамя асабістых рэчаў убачылі тратуарную плітку. На судзе ж Багушэвіч сказаў, што яны не адкрывалі заплечнік Рымшы зусім. Урэшце Багушэвіч сказаў, што дакладна не памятае, як яно было насамрэч.

Наступны "пацярпелы" - міліцыянт Кірыл Літвін. Ён сказаў, што быў у той дзень на службе, але не бачыў хто дакладна і якія прадметы кідаў. Толькі чуў, што былі два ўдары нечым па аўтамабілю. Сказаў, што заплечнік даглядалі, знайшлі ў ім нібыта два камяні. Загад на затрыманне Рымшы аддаў старэйшы патруля, амапавец у балаклаве. Суддзя агучыў пратакол допыту Літвіна. З пратаколу вынікае, што Літвін казаў, што фрагмент тратуарнай пліткі ў Рымшы знайшлі.

І Багушэвіч і Літвін засведчылі, што не маюць асабістых прэтэнзій да Рымшы, усё аддаюць на разгляд суддзі.

Пракурор заявіў, што не бачыць асаблівай патрэбы пра выклік у суд "пацярпелага" Сацуры, адвакат заявіў, што лічыць патрэбнымі яго сведчанні.

У справе быў абвешчаны перапынак да 14.30.

Пасля абеду разгляд аднавіўся. Суд высветліў дакладную прычыну адсутнасці міліцыянта Сацуры і змяніў парадак разгляду па справе. Пачалося даследаванне пісьмовых матэрыялаў справы. Пракурор зачытаў рапарт Багушэвіча пра затрыманне Рымшы - паводле рапарту нібыта Рымша 9 жніўня кідаўся камянямі, быў п'яны, супраціўляўся супрацоўнікам органаў. Потым былі зачытаныя іншыя матэрыялы справы.

Наступнае паседжанне суду па справе Сяргея Рымшы адбудзецца 2 снежня а 10.30.

 

 

 

Відэа

праваабарончыя сайты