Навіны

Працяг разгляду крымінальнай справы Аляксея Лапы

24 лістапада ў судзе Кастрычніцкага раёну Гародні працягваецца разгляд крымінальнай справы Аляксея Лапы. Напомнім, што ён быў жорстка збіты апамаўцамі ў ноч з 11 на 12 жніўня, атрымаў сур'ёзныя траўмы. Пра гэта пісалі многія гарадзенскія медыі. Аднак у выніку крымінальная справа адкрытая менавіта на Аляксея Лапу (нібыта былі нанесеныя траўмы супрацоўнікам міліцыі). Значны час Аляксей Лапа знаходзіўся ў шпіталі ў кайданках, яму была зроблена аперацыя. Доўгі час Аляксей Лапа быў на рэабілітацыі, але не аднавіў здароўе дагэтуль. Справа зараз разглядаецца ў судзе Кастрычніцкага раёну Гародні. Яе вядзе суддзя Дзмітрый Кедаль. Прайшлі ўжо тры судовыя паседжанні

У працэсе змяніўся дзяржаўны абвінаваўца - зараз ім стаў пракурор Георгій Смольскі

24 лістапада адбываецца апытанне іншых сведак. Першым з іх выступіў Дзмітрый Рахунок, камандзір роты Гарадзенскага ОМОНа. Яго сведчанні дастаткова супярэчлівыя, на што звярнуў увагу адвакат. 

Адвакат Лапы звярнуў увагу суда на тое, што Аляксею Лапу былі нанесеныя шматлікія траўмы, у тым ліку чэрапна-мазгавая траўма. Гэтае жорскае збіццё было зафіксавана дакументальна медычна. Пры тым Лапу рабілі аперацыю, трымаючы яго ў кайданках у прысутнасці канвою. Пратакол асведчання "пацярпелага" міліцыянта Конана быў напісаны следчым Станішэўскім неразборліва. Сам следчы ў суд не з'явіўся. Пракурор прапанаваў адправіць дакумент у Следчы камітэт на дапрацоўку, каб можна было разборліва прачытаць, што ў ім напісана. Суддзя так і пастанавіў. 

Працяг працэсу адбыўся пасля абеду а 14.20, быў запланаваны прагляд відэа, якое ёсць у матэрыялах справы. Адбылося даследаванне відэаматэрыялаў справы. Далей заслухоўвалі маніторынг тэлефонных званкоў усіх, хто знаходзіўся ў той дзень у машыне Аляксея Лапы. Былі зачытаны матэрыялы судмедэкспертызы, а таксама характарыстыка на Аляксея Лапу. Выступіў адвакат, які зачытаў некаторыя матэрыялы справы.

На пытанне суддзі Кедаля да Лапы, ці быў нейкі дыялог паміж ім і амапаўцамі, Лапа адказаў, што ніякай размовы не было, а невядомыя на той момант людзі пачалі адразу біць шыбы ў машыне. Гэта пацвердзіў і пасажыр, які быў на пярэднім сядзенні. Пасля гэтага адвакат прадаставіў відэазапіс інцыдэнта. На відэа добра бачны і ваенны аўтамабіль.

У канцы гэтага паседжання адвакат заявіў хадайніцтва запатрабаваць у суд матэрыялы па адміністрацыных справах трох пасажыраў, якія былі ў той вечар у машыне з Аляксеем Лапам. Двое з гэтых пасажыраў былі таксама моцна збіты і шпіталізааныя. Хадайніцтва суддзя задаволіў. 

Працяг разгляду крымінальнай справы Аляксея Лапы прызначаны на 2 снежня на 10 гадзін раніцы.

У гэты ж дзень высветлілася, што на аднаго з пасажыраў таксі, якім кіраваў Лапа, Ігара Лазавіка 20 кастрычніка таксама пачатая крымінальная справа паводле артыкулу 364 КК. Першы допыт адбыўся толькі 13 лістапада.

 

 
 
 
 

 

Відэа

праваабарончыя сайты