Навіны

Хроніка пераследу ў пятніцу 13 лістапада

13 лістапада працягваецца пераслед людзей па палітычных прычынах у Беларусі. Праваабаронцы "Вясны" збіраюць новыя факты пераследу па ўсёй краіне: затрыманні, вобшукі і іншыя формы ціску.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • +375 17 377 55 40.
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Раніцай 13 лістапада дадому да праваабаронцы "Вясны" і журналістка Тамары Шчапёткінай у Бярозе прыйшлі з вобшукам. Абставіны высвятляюцца. Нядаўна ў адносінах да Тамары Шчапёткінай была спыненая крымінальная справа па арт. 188 (Паклёп) і 189 (Знявага) Крымінальнага кодэксу: за адсутнасцю складу злачынства, паколькі не былі названыя прозвішчы і імёны тых, хто прыняў на свой кошт "знявагу і паклёп".

Дапоўнена. Да журналісткі прыходзілі шэсць брэсцкіх супрацоўнікаў крымінальнага вышуку. Падстава – абвінавачванні па арт. 188 і 189 Крымінальнага кодэкса. Забралі два ноўтбукі, мабільны тэлефон, дыктафон, фатаапарат, блакноны, запісы прозвішчаў міліцыянтаў, што рабілі "дагляд".

Як паведамляе журналістка Марына Коктыш, у рэдакцыю «Народнай Волі» прыйшлі невядомыя людзі без дакументаў. Яны не прадстаўляюцца. Хочуць канфіскаваць увесь сённяшні тыраж. Кажуць, што едзе АМАП. Кіроўцу, які прывёз газеты, затрымалі. Таксама затрыманыя два валанцёры.

У Магілёве быў затрыманы на працоўным месцы Ігар Клінцоў. Людзі ў цывільным даставілі яго ў Следчы камітэт. Яны не прадставіліся, толькі сказалі, што праз гадзіну ён вернецца назад з позвай. Прайшло ўжо 2,5 гадзіны – інфармацыі пра Клінцова дагэтуль няма. Дзяўчына Ігара спрабавала дамагчыся інфармацыі ў СК, аднак там ёй, з яе словаў, паведамілі, што такога ў іх няма.

Затрыманні падчас акцый у памяць загінулага Рамана Бандарэнкі

У 12 гадзін у Беларусі была абвешчаная неафіцыйная хвіліна маўчання ў памяць аб загінуўшым 12 лістапада Рамане Бандарэнкі. Людзі ў гэты час выбудаваліся ў Ланцугі салідарнасці па розных гарадах Беларусі. Паведамляецца, што на праспекце Незалежнасці былі затрыманыя некалькі чалавек. Сярод затрыманых – Агнія Лойка, кіраўніца спецпраектаў TUT.BY Марыя Ерома, Аляксей Казлоў, Юрый Кункевіч, Дзмітрый Бурый, Юрый Томасаў.

У Серабранцы днём затрыманы Ягор Камбалаў. Яго даставілі ў Ленінскае РУУС.

У Брэсце затрымалі на Усходзе каля 12:20 падчас хвіліны маўчання з нагоды забойства Рамана Бандарэнкі побач з месцам гібелі Геннадзя Шутава:

  • Лідзію Лысюк
  • Вольгу Ляшчынскую 
  • Ігара Ермаловіча 
  • Андрэя Жынгероўскага 

Таксама ў Брэсце на прыпынку МОПРа быў затрыманы Раман Рэшацкі.

У Слуцку падчас хвіліны маўчання была затрыманая Інна Славінская. Таксама, меркавана, ноччу затрыманы 23-гадовы Арцём Акуліч. Ён паспеў патэлефанаваць маці і сказаць, што яго "ўзялі з фарбай".

У Маладзечне каля "Пінгвіна" на вуліцы Талстога затрымана Жанна Мандрык.

Таксама вядома пра затрыманне падчас акцыі ў Вілейцы. Сярод затрыманых – Аляксей Сюдак і Андрэй Кудзік

У Ляхавічах затрымалі ўсіх мужчынаў і жанчын, якія выйшлі аддаць даніну памяці Раману Бандарэнку. 

Праваабаронцам "Вясны" паведамілі, што затрыманы таксама лідар гурта "Стары Ольса" Дзмітрый Сасноўскі. Паведамляецца, што затрыманне адбылося ў Клецку.

У Светлагорску прыкладна ў 13:00 пасля акцыі на "Колакале" затрымалі мясцовага актывіста Анатоля Змітровіча. Яго падвозіў на машыне нейкі хлопец, іх астанавілі супрацоўнікі ДАІ. Змітровіч выйшаў з машыны і яго адразу затрымалі. Павезлі ў РАУС. 

У Барысаве затрымана Анастасія Макарэнка. Яе даставілі мясцовае РАУС.

У Докшыцах паведамляецца пра затрыманне:

  • Таццяны Дорц,
  • Ірыны Пранько,
  • Ігара Шауры,
  • Сяргея Пляшкуна,
  • Даяны Ранкоўскай,
  • Арпіны Бадалян,
  • Вадзіма Ходаля,
  • Алена Падбярэзская.

Паведамляецца, што яны затрыманыя да суда да панядзелка.

Стала вядома, што затрыманая ўчора выкладчыца БДУІР Вольга Філатчанкава праходзіць па крымінальнай справе паводле арт. 342 КК. Яе вінавацяць у «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак». Па гэтай жа справе праходзяць затрыманыя ўчора студэнты (Кася Будзько, Яна Арабейка, Ксенія Сырамалот, Ягор Канецкі, Анастасія Булыбенка, Марыя Каленік і іншыя). Вольга прымала ўдзел у страйку працаўнікоў БДУІР і была адной з тых, хто запісаў відэазварот да беларусаў з заклікам не выконваць злачынныя загады. Верагодна, яны ўсе знаходзяцца ў СІЗА КДБ.

 Інфармацыя дапаўняецца.

 

Дзе і як шукаць затрыманых у Мінску?

У сувязі з маштабнымі затрыманнямі ў Мінску ў Праваабарончы цэнтр "Вясна" звяртаецца шмат людзей, каб даведацца пра лёс родных і блізкіх.

 

http://spring96.org/be/news/100396

Відэа

праваабарончыя сайты