Навіны
Паўсюдны каранавірус
Хочаш не хочаш, але каранавірус штораз мацней уваходзіць у наша грамадскае, прыватнае і псіхічнае жыццё. Ягоная нябачная атака пачынае маланкава кранаць ужо родных, сяброў і нас саміх. Эмоцыі і псіхічная напруга грамадства ўзрастаюць з дня на дзень. Кіраўнікі паасобных дзяржаў разам са сваім апаратам кіравання і інструментамі ўлады аказваюцца не ў змозе забяспечыць медыцынскую дапамогу ўсім патрабуючым, а прафілактыка не ў сіле спыніць рост захворванняў. Некаторыя, часта абсурдныя, крокі дапамагаюць так, як памерламу кадзіла. Па чарзе адна за другой паасобныя краіны ўводзяць больш ці менш жорсткія формы абмежаванняў для сваіх грамадзян. У рэальнасці, здаецца, тут няма аніякага прынцыпу і параза любой улады маецца навідавоку. А ўсе здаецца робяць стаўку толькі на ізаляванне самых старэйшых грамадзян, а астатнія, здаецца, мусяць перахварэць інфекцыю з усімі гэтага паслядоўнасцямі, у тым ліку і тымі самымі трагічнымі. Калі не будзе знойдзена бяспечная вакцына супраць каранавіруса, то ягоная мутацыя будзе ўспыхваць у любым куточку свету са здвоенай сілай паражэння. А ўжо сам вірус, здаецца, назаўсёды знітаваўся з чалавечым родам і будзе чарговай эпідэміялагічнай пагрозай для нашага зямнога жыцця. Зараз штодзень прыходзіцца нам слухаць і наглядаць гісторыі як каранавірусная пятля бярэ ў палон ці нахабна задушвае хворых у нашым сямейным і сяброўскім кругах. Няйначай было і ў маім родным, вясковым аазісе. Два тыдні назад, у суботу, калі, развітаўшыся з пакойным Віктарам Шведам, уключыў я свой мабільнік, пабачыў там некалькі паступаючых па сабе тэлефанаванняў ад майго роднага брата, які якраз знаходзіўся на вёсцы ў бацькоў. Дрэнныя думкі мільганулі мне ў гэты момант у галаве і я адразу пазваніў брату. Сапраўды, навіна была сумная і датычыла нашай вясковай сваячкі, новапрадстаўленай Валянціны. Памерла яна на каранавірус у суботу ў адным з беластоцкіх шпіталяў і ў той жа дзень была пахавана без апошняга развітання з роднымі ці адпявання ў прыхадской царкве на нашых могілках у Вэрстоку. Які ж гэта яшчэ ўзвялічаны боль мужу, дзецям, родным, калі патрапілі ў такую ж сітуацыю. У шоку і болю былі і ўсе аднавяскоўцы, у тым ліку і тыя, якія штодзень не пражываюць у сяле. Вечная ёй наша памяць. А з ёй здарылася наступная гісторыя. Некалькі тыдняў назад трапіла яна ў шпіталь у Беластоку на аперацыю. Цягам пабыўкі ў бальніцы падхапіла і каранавірусную заразу. З блізкімі змагла размаўляць слабеючым з кожным днём голасам некалькі хвілін толькі па тэлефоне, бо ж, вядома, што ніхто не мог наведаць яе на шпітальным ложку. Пайшла ратаваць здароўе, а памерла ад зусім чаго іншага і вярнулася ў закрытай труне. Калі пачуў я гэтую сумную навіну адразу пасля развітання з Віктарам Шведам, то, вярнуўшыся дадому, проста зваліўся на ложак і некалькі гадзін праляжаў бы гэты кавалак цела, з якога зышла жыццёвая энергія. А цягам наступных дзён на працы падобныя гісторыі пачалі ўсплываць і сярод нашай рэдакцыйнай кампаніі. У шпіталі пачалі трапляць нават сем’і іх блізкіх. Вядома, што перажыванні ў такой сітуацыі падрэзваюць рукі кожнаму. Выявілася таксама, што многія захварэлі каранавірусам, калі знаходзіліся на багаслужбах і могілках у часе апошняй дарогі з блізкімі ім асобамі. Напэўна такога развітання не хацелі б тыя, якія пайшлі ўжо з зямнога жыцця. Размовы ў такой сітуацыі з кожным днём нясуць штораз больш трывогі ў нашых галасах. Відавочныя статыстычныя рэкорды захворванняў у Польшчы і нашым ваяводстве, хочаш не хочаш, але напэўна выклікаюць павышаны страх, асабліва калі некаторыя спецыялісты гавораць, што калі тыя лічбы павялічацца ў чатыры-пяць разоў, тады вынік будзе прыбліжаны да рэальнасці. Не такога ўсе чакалі гэтай восенню. Значыць, перад намі і не менш сумныя Каляды.
Яўген Вапа