У сераду 4 лістапада працягваюцца затрыманні людзей па палітычных прычынах у Беларусі. Праваабаронцы "Вясны" збіраюць новыя факты пераследу па ўсёй краіне: затрыманні, вобшукі, адлічэнні студэнтаў і іншыя формы ціску.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:
|
Раніцай у маладэчанскага блогера і актывіста Руслана Кісялёва прайшоў ператрус, які ладзілі супрацоўнікі ГУБАЗіК. Пасля ператрусу Руслана па папярэдняй інфармацыі адвезлі ў Фрунзенскае РУУС Мінска.
Мяркуючы па ўсяму ўзбуджана крымінальная справа з-за размяшчэння відэароліка ў блогу Кісялёва.
Ягоная маці Соф’я Кісялёва паведаміла, што з кватэры забралі ноўбук, тэлефон і электронныя носьбіты інфармацыі. Таксама ёй далі прачытаць пастанову, паводле якой праводзілі ператрус. Соф’я Кісялёва адзначыла, што там фігуравала больш за дзесяць крымінальных артыкулаў, якія дакладна, жанчына не запомніла.
– Як нам патлумачылі, гэта з-за таго, што Руслан выклаў на ютубе запіс размовы з прадстаўніком органаў унутраных спраў, – сказала Кісялёва журналістам «Рэгіянальнай газеты».
Проста з працоўных месцаў з Мінскай філармоніі сілавікі забралі двух удзельнікаў «Вольнага хору». Павезлі ў Савецкі РУУС артыста камернага хору Дзяніса Іванова і віялэнчэліста Аляксандра Сердзюкова, піша TuzinFM.by. Да таго ўжо затрымлівалі дзвюх дырыгентак, якія ўдзельнічалі ў «Вольным хоры».
Сёння ў горадзе Ліда міліцыя скруціла проста на працы прадаўца "Пятага элемента", па сумяшчальніцтве фельчара хуткай дапамогі, Алега Краўцова. Раней яго затрымлівалі на 7 сутак пасля інтэрв'ю Сяргею Ціханоўскаму падчас яго прыезду ў Ліду, - піша t.me/belsat.
З Гарадзенскага драматычнага тэатру сёння звольненыя Аляксей Станога і Паліна Левіна, якія раней далучыліся да агульнанацыянальнай забастоўкі.
http://spring96.org/be/news/100253