Навіны

Вольны дух

   Гародня ўсёадно застаецца вольным горадам!

   Нягледзячы на тое, што людзей у чорным з дубінамі ў руках і з балаклавамі на галовах у ім часамі бегае больш чым іншых, нягледзячы на масавыя выклікі грамадзян Гародні ў міліцыю, пракуратуру, следчы камітэт і іншыя сілавыя ведамствы, нягледзячы на канвеер судоў і прысудаў, безліч затрыманняў, арыштаў, заведзеных спраў, запушчаных у хаду працэсаў, Гародня ўсядно застаецца вольным горадам па духу свайму.

   Зрэшты, як і ўся краіна з прыгожай назвай Беларусь.

   Зараз выклікі ў міліцыю, хіба што, у гэтай краіне не атрымліваюць толькі самыя міліцыянты, ну і іншыя сілавікі ды прадстаўнікі ўлады. Хоць апошнія не так упэўненыя, што іх абміне гэты лёс. І не абміне, хіба што, нікога. Яно так заўсёды. У гэтай чорнай справе галоўнае пачаць. А там і да тых, хто пачаў, чарга абавязкова даходзіць. У гісторыі так безліч разоў паўтаралася. Закон жанру. Ну то чаму зараз мусіць быць па-іншаму?!

   Ну а колькасць асуджаных па артыкулу 23.34 Адміністрацыйнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь у цяперашні дадзены канкрэтны адрэзак часу хіба што можа прэтэндаваць на ўваход у кнігу рэкордаў Гінеса. Такая яна вялікая, тая колькасць асуджаных за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах, што, напэўна, у перспектыве імкнецца перавысіць колькасць насельніцтва Рэспублікі Беларусь у некалькі разоў. І спыняцца на дасягнутым не плануе.  

   А несанкцыянаваным мерапрыемствам зараз называецца ўсё што заўгодна. Ішоў на мітынгу з бела-чырвона-белым сцягам, гэта дакладна несанкцыянаванае мерапрыемства. Ішоў без сцяга, таксама дакладна. Стаяў недалёка, сядзеў далёка, глядзеў у бок, усё гэта не мае значэння. Нават калі чалавек проста ў краму выйшаў і папаўся сілавікам, якія зацягнулі яго ў суд, няма аніякіх сумневаў, што асудзяць за ўдзел у масавым мерапрыемстве.

   Ну і правільна. Хай судзяць. Ёсць за што. Няма чаго хадзіць па крамах, калі ўся краіна ідзе на мітынг.

   Ну а там, на несанкцыянаваным мерапрыемстве, можна і дубінай у плечы дастаць, а можна і чаго добрага здабыць. Па рознаму здараецца. Вось у мінулую нядзелю стаў сведкам размовы двух чалавекаў. Як аказалася, некалькі гадоў запар яны былі лютымі ворагамі. Не размаўлялі адзін з другім, і жонкі іх не размаўлялі між сабой, і нават дзеці. Нечага даўно яны не падзялілі, ужо і самыя не памятаюць чаго, толькі злосць і крыўда заставаліся. А тут, сустрэўшыся на несанкцыянаваным мітынгу, пад бела-чырвона-белымі сцягамі, паглядзелі адзін другому ў вочы да і выгукнулі ў адзін голас:

– І што мы не падзялілі з табой, зямляк?! Ды хай яно гарыць гарам і прападае пропадам! Давай мірыцца! Мы ж землякі! Мы зараз тут разам за праўду стаім! Краіну сваю адстойваем! Дзеля дзетак сваіх, і тваіх і маіх. Давай абдымаемся. І жонкі хай абдымуцца. І дзеці. Мы ж адзін народ!

   Я ажно слязу пусціў. Ніколі не думаў што ўбачу такое. Ды яшчэ на несанкцыянаваным мітынгу. Прапала ў іх нянавісць адзін да другога, як карова языком яе злізала і і півам запіла. Любоў на тым месцы ўзышла і цеплыня душэўная. Любіць адзін другога сталі. А нянавісць пакінулі для зла.

   А вось як люта нашы людзі сталі ненавідзець тое зло, у гэтым пераканаўся з наступнай сустрэчы.

– Даўно мы не выпівалі з табой, – кажа адзін беларус другому. – Можа махнём па чарцы сёння калі ўсё добра тут закончыцца, і не забяруць нас ў аўтазак?

– Не, – цвёрда адказвае другі. – Я зарокся, пакуль мы гэтае зло не пераможам, кроплі ў рот не вазьму! Да канца зарок датрымаю.

   А вось такога я не тое што не чуў ніколі, але і не чакаў пачуць! Гэта ж як трэба ненавідзець тое зло, каб адважыцца на такі зарок! Гэта, я вам скажу, ужо не жарты! Тут усё па-даросламу.

   Ну, жарты жартамі, а калі па праўдзе гаварыць, то на душы то даволі трывожна. Ну а як можа баць па іншаму, на той душы, калі робіцца такое зверства ў дачыненні да людзей. Ды яшчэ палохаюць, што зробяць яшчэ большае зверства. Ва ўсіх на душы трывожна. Але людзі ўсядно ідуць на тое несанкцыянаванае мерапрыемства. Перамагаюць страх, трывогу, непакой і ідуць. Ідуць як на свята. Ведаюць, што гэты паход можа нядобра для іх закончыцца, а ўсядно як на свята ідуць. Танцуюць, граюць, спяваюць, робяць перфоменцы, чытаюць вершы… Ідуць ахвяраваць сабой дзеля праўды. І ахвяруюць. Ідуць за перамогай. Ды яшчэ жартуюць як трапна па дарозе! Проста здзіўляешся народнаму гумару. Хіба што ні ў каго няма такога.

   Ідзе чалавек з плакатам “Міліцыя з народам”. Ну тут як бы ўсё зразумела чаго ён хоча. Гэты плакат то даволі сур’ёзны. А вось ўслед за ім другі ідзе з плакатам “І алкаголікі з народам”. Але і гэта не ўсё. Знайшоўся і яшчэ трэці, які нейдзе адкапаў і павялічыў фота старшыні Цэнтральнай Выбарчай Камісіі з вельмі патрапанай прычоскай і падпісаў “Цырульнікі таксама з народам”. А ўслед за ім сунецца нейкі хлопчык па імені Макс з плакатам “Усіх Максаў не перасадзіш”… А яшчэ адзін з вельмі сур’ёзным тварам, зусім без ценю усмешкі на абліччы, проста нясе ката…

   І ўсіх такіх плакатаў не пераскажаш. Газеты не хопіць.

   Пра адзін толькі яшчэ згадаць хочацца. Надта ж ён трапны, як па мне. Улады, значыць, вырашылі свой народны мітынг зрабіць у сваю ж падтрымку. Не могуць яны без народнай падтрымкі жыць. Вось толькі дзе народ узяць? Ну то панапрывозілі адкуль маглі. Прыехалі ў Гародню і з берасцейскімі нумарамі аўтобусы, і нават з сталічнымі. Мітынгоўшчыкаў, значыць, прывезлі. А тыя, як толькі з аўтобусаў павылазілі, то адразу давай крычаць нешта нядобрае на бела-чырвона-белы сцяг. Маўляў, кепскія гэта колеры. А ім у адказ гарадзенцы прасценкі такі тэкст падсунулі:

   “Даводзім да вашага ведама, што чалавечая кроў складаецца з белых і чырвоных элементаў. І ваша кроў таксама. Вось і жывіце цяпер з гэтым”.

   Не ведаю, як яны цяпер жыць далей будуць даведаўшыся гэтую інфармацыю. Там больш, што яна праўдзівая на ўсе сто адсоткаў. Тут і ЦВК не сфальшуе.

   Ну, халера з імі з тымі жартамі, але ж не ўсё так весела. Вось і на несанкцыянаваных мітынгах, акрамя спробы абадзёрыць сябе і іншых гумарам, больш усё ж сур’ёзнага. І зусім не вясёлага. Дастаткова паглядзець хоць адно відэа хоць з якога беларускага гораду, хоць з якой мірнай акцыі пратэсту, і ўсё стане ясна. Улада робіць стаўку выключна на сілу і ўвесь час падымае яе ўзровень…

   Так, з тых часоў, калі гарадзенцам было паабяцана, што яны могуць хадзіць па сваім родным горадзе з сцягамі і плакатамі і ніхто іх не кране, прайшла, здаецца, цэлая эпоха. Хоць прайшоў усяго толькі адзін месяць. Але зараз у Беларусі такі час, што не толькі месяц, нават адзін дзень ужо эпоха.

   І вось ужо і інаўгурацыя кіраўніка краіны прайшла.

   Пра яе, здаецца, напісанае ўжо больш, чым пра ўсе папярэднія інаўгурацыі усіх папярэдніх кіраўнікоў краін па ўсім свеце. Ну і праўда, што там пра папярэднія пісаць было? Сумота ды і толькі. Картэжы, салюты, народныя гулянні, віншаванні замежных дыпламатаў і тэлеграмы ад кіраўнікоў краін свету. Толькі грошы на вецер выкідваць. А чым плаціць сілавікам, якія будуць спыняць народ з яго віншаваннямі?

   А народ выйшаў. Зноў на несанкцыянаваныя мерапрыемствы. Зноў пад нацыянальнай сімволікай. І зноў дубінкі, газ, стрэлы, затрыманні, арышты, суды, пакаранні… Але людзі працягваюць ісці. Проста выходзяць на мірныя акцыі каб задэклараваць, што іх думка не змянілася. Што яны працягваюць настойваць на сваім. Што яны будуць выходзіць, пакуль іх не пачуе ўлада. А калі не пачуе, то ўсядно будуць выходзіць, пакуль не дамогуцца таго, па што выходзяць.

   Гучыць: “Верым, можам, пераможам!”. Узлятае ў высь: “Сцены рухнуць, рухнуць, рухнуць!”. Грыміць: “Жыве Беларусь!!!”. У народа свая інаўгурацыя. І па вялікаму рахунку беларускі народ інаўгураваў сябе ў кіраўнікі свайго лёсу. Ён верыць толькі ў сваю сілу. Ён гатовы ўзяць у свае рукі не толькі ўладу, але і адказнасць за тое, што ўзяў. Ён варты быць інаўгураваны як Беларускі Народ на вечныя вякі. Ён заслужыў гэтае званне. Праз вякі ён выпакутаваў яго. А зараз і заслужыў, паказаўшы наколькі ён яго варты.

   Яшчэ далёка не ўсё закончылася. Ды і не закончыцца ніколі. Кожнае пакаленне мусіць даказваць сваю прагу да волі і справядлівасці. Кожнае пакаленне мусіць дапаўняць да здабыткаў ранейшых і папаўняць іх скарб сваім унёскам…

   А пакуль што па вуліцах Гародні людзей у чорным часамі бегае больш чым іншых… Але нягледзячы ні на затрыманні, ні на пакаранні, ні на ціск, Гародня ўсё ж вольны горад. Бо ў ім ужо вітае вольны дух.

   Той самы вольны дух, які лунае зараз разам з бела-чырвона-белымі сцягамі над усёй Беларуссю.

   Віктар Сазонаў.

Відэа

праваабарончыя сайты