Навіны

Яшчэ адно брутальнае затрыманне ў Мастах

26-га ліпеня гэтага году ў Мастах Гарадзенскай вобласці быў затрыманы міліцыяй яшчэ адзін актывіст Раман Рабцаў. Пра падзеі, звязаныя з затрыманнем, і тым, што было пазней, распавядае сам Раман Рабцаў:

"– Я, Рабцаў Раман, што жыву ў горадзе Гародня, 26 ліпеня паехаў у г. Масты дзеля распаўсюду агітацыйнага матэрыялу, які я ўласнаручна напісаў і надрукаваў. Агітацыйны матэрыял быў трох відаў і пераважна меў зьмест выбарчай тэматыкі:

1) Выбарчы дапаможнік 2020 – 8 старонак А4 (4 аркушы) канцэнтраванай інфармацыі адносна выбараў з падразьдзеламі: чаму дзейная ўлада кепская, гісторыя перасьледу асноўных апанэнтаў Лукашэнкі пачас электаральнай кампаніі 2020 году, інфармацыя пра зарэгістраваных кандыдатаў у прэзыдэнты, спасылкі на незалежныя крыніцы інфармацыі.

Дапаможік не заклікаў галасаваць за кагосьці канкрэтна.

2) Агітка А5 з заклікам уступаць у беларускую Тэлеграм супольнасьць з рэклямай асноўных каналаў.

3) Агітка А6 з заклікам бараніць свой голас праз удзел у ініцыятыве “Голас”, belarus2020.org

У Масты я з сабою ўзяў ~140 экз. дапаможніка, ~50 экз. агіткі пра тэлеграм, ~810 экз. агіткі пра belarus2020.org. Мэтай паездкі быў распаўсюд дадзеных матэрыялаў па паштовых скрынках і, магчыма, агітацыя.

Падчас таго, як я ішоў па вул. Станцыйная, перада мной рэзка спынілася грамадзянская машына, перакрыўшы мне хаду. Улічваючы тое, што побач быў сядзібны вучастак, я падумаў што, магчыма чалавек сьпяшаецца дадому ці на нешта забыўся. Але з машыны выйшаў хлопец, якога я бачыў у пачатку вуліцы, ён прадставіўся супрацоўнікам міліцыі, назваў прозьвішча "Завіленчык", службовага пасьведчаньня не паказаў і сказаў мне каб я пачакаў дзеля разбору. Пасьля ён пачаў званіць калегам, дазваніўшыся да кагосьці, сказаў што пад'едзе міліцыянт.

Калі прыехаў аўтамабіль, зь яго выйшаў міліцыянт, прадставіўся, прапанаваў праехаць у пастарунак, я згадзіўся. Даехаўшы да будынку міліцыі, ейныя працаўнікі высьветлілі ў мяне хто я такі, дзе жыву і працую, абшукалі мае асабістыя рэчы, сказалі выключыць тэлефон і пасьля правялі ў кабінет.

У кабінеце міліцыянты пералічылі мае паперкі, капітан Казячы П.А. сказаў што мае дзеяньні падпадаюць пад артыкул 21.14 КаАП і пачаў складаць пратакол апытаньня. Падчас допыту, мне сказалі што я мушу здаць свой смартфон для вывучэньня - такая працэдура.

Такім чынам, у мяне былі забраныя ўсе агіт. матэрыялы, тэлефон з флэш і сім-карткай, быў выдадзены пратакол асабістага вобшуку. Скончыўшы, спадар Казячы сказаў што трэба пачакаць, бо старшыня ОЎС кантралюе парадак падчас футбольнага матчу, патрэбныя ягоныя подпісы.

Калі прыехаў старшыня, мне аддалі заплечнік з іншымі асабістымі рэчамі, выдалі позву і сказалі што я свабодны. Агулам у пастарунку ОЎС Мастоўскага раёну я правёў каля 5 гадзін.

Выйшаўшы з будынку, я пачуў як якісьці міліцыянт крыкнуў іншаму, які стаяў каля службовай машыны, каб мяне агледзелі. Я сказаў што мяне даглядалі, у гэтым няма патрэбы, на што атрымаў адказ - ня важна. Я вываліў усе рэчы на сядзеньне машыны, склаў іх назад, міліцыянт сказаў каб я прысеў. Калі я сеў, ён зачыніў дзьверы, я спытаў: "Што, едзем куды?". Ён незразумела адказаў, кінуўшы фразу "ня ведаю што там у вас". Пасьля да мяне падсеў іншы міліцыянт і мы паехалі. Ад яго я даведаўся што мы едзем у Ленінскі РАУС г. Гародня. Абодва не прадставіліся.

У РАУСе мяне перадалі іншым супрацоўнікам і ад іх я даведаўся што пракурор Мастоўскага раёну даў санкцыю на вобшук маёй кватэры, майго рабочага кабінета, пакоя ў інтэрнаце, у якім я не жыву 3 гады.

З супрацоўнікамі Ленінскага РАУС мы зьездзілі на маю кватэру, яны знайшлі двух сьведкаў і прапанавалі самому аддаць агітку, якая засталася. Я згадзіўся, увайшоўшы ў кватэру я адразу паказаў на экзэмпляры "Дапаможніка" якія я ня ўзяў з сабою ў Масты, іх пералічылі - 89 экз.

Пасьля вобшуку кватэры мяне перадалі супрацоўнікам Кастрычніцкага РАУС, якія паехалі са мной разам у інтэрнат. Па прыезьдзе, вахторка сказала, што ў маім былым пакоі ўжо як 1,5 гады жыве іншы чалавек, яна ня можа да яго дазваніцца і ня хоча ўпускаць міліцыянтаў. Міліцыянты праз званкі знайшлі ягоны нумар, дазваніліся, атрымалі згоду на вобшук. Падчас вобшуку ніякіх сьлядоў "адміністратыўнага правапарушэньня" знойдзена не было.

Наступным прыпынкам быў мой офіс, вобшук праводзіўся ў прысутнасьці галоўнага інжынера. Агітацыйных матэрыялаў знойдзена не было, міліцыянты канфіскавалі сыстэмны блёк. Потым мяне зноў завезьлі ў Ленінскі РАУС, з супрацоўнікамі якога мы зноў паехалі на маёй кватэры, дзе я згадзіўся перадаць жорсткія дыскі ад пэрсанальнага кампутару.

Пасьля гэтага 26.07.2020 мяне, нарэшце, пакінулі ў спакоі.

27.07.2020 я даведаўся ад сваёй сястры што міліцыянты прыязджалі з вобшукам у кватэру маіх бацькоў у горадзе Горкі Магілёўскай вобласьці, адкуль я родам і дзе прапісаны.

На 28.07.2020 у мяне была позва ў ОЎС Мастоўскага раёну, у 14:30 міліцыянт правёў дадатковае апытанне па маёй справе».

Архіў

Жнівень 2020
12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31

Відэа

праваабарончыя сайты