Навіны
Назіранне самымі за сабой
Назіральнік ёсць вачамі грамадства.
Менавіта таму і існуе на выбарах інстытут незалежных назіральнікаў, каб грамадства іх вачамі бачыла, што робіцца на выбарчых дзяльніцах, калі выбаршчык адтуль зышоў, аддаўшы свой голас за свайго абранніка.
А што далей з тым голасам? Ці дойдзе ён да адрасата, ці яшчэ горш, яго можа скрадуць, выкінуць, ці прыпішуць іншаму?
Вось для гэтага і мусіць быць на ўчастку ад пачатку і да канца незалежны назіральнік.
Незалежны.
Менавіта незалежны.
Бо калі назіральнік ад якой праўладнай арганізацыі, то і назірае ён за ўладу. Або не назірае, але і тады атрымліваецца, што не назірае таксама за ўладу. Бо ён вочы ўлады, раз ён праўладны. А воран ворану, як вядома, вока не дзяўбе.
А грамадству патрэбны назіральнік ад грамадства.
Незалежны назіральнік.
У Гародні ад кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, якая і прадстаўляе незалежнае назіранне, зарэгістраваныя доўгатэрміновымі чатыры назіральнікі у ТВК (Тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі): Віктар Сазонаў, Раман Юргель, Андрэй Коця і Святлана Рудкоўская. Усе яны вырашылі зарэгістравацца і ў УВК (Участковыя выбарчыя камісіі).
Віктар Сазонаў зарэгістраваўся ў УВК № 12 у Ленінскім раёне Гародні 27-га ліпеня. Па ліку ён аказаўся восьмым.
Андрэй Коця зарэгістраваўся ў УВК № 8 у Ленінскім раёне Гародні 27-га ліпеня. Па ліку аказаўся 10-м.
Раман Юргель зарэгістраваўся ў УВК № 109 у Кастрычніцкім раёне Гародні 24-га ліпеня. Па ліку аказаўся 8-м.
Святлана Рудкоўская зарэгістравалася ў УВК № 64 у Кастрычніцкім раёне Гародні 24-га ліпеня. Па ліку аказалася 8-й.
Усе назіральнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” рэгістраваліся ад Беларускага Хельсінкскага Камітэту.
Але першымі аказаліся прадстаўнікі праўладных арганізацый, такіх як БРСМ, Белая Русь, Саюзу жанчын, Саюз ветэранаў, праўладных прафсаюзаў і гэтак далей.
Справа ў тым, што Цэнтральная Выбарчая Каміся змяніла правілы назірання ўжо па ходу выбараў. Памяняла, як бы мовіць, коней на пераправе. Убачыўшы, што назіральнікаў будзе шмат, і многа будзе з непраўладных арганізацый, ЦВК, спаслаўшыся на пандэмію, абмежавала колькасць назіральнікаў на участках да трох на папярэднім галасаванні, і да пяці ў асноўны дзень. І перавагу нібыта трэба аддаваць тым, хто раней зарэгістраваўся.
Раней зарэгістраваліся, безумоўна, тыя, хто раней ведаў пра такое “мудрае”рашэнне. Таму праўладныя назіральнікі занялі ўсе першыя месцы, а вось астатнія могуць і не ўбачыць, што там будзе рабіцца на выбарчых участках.
У камісіях кажуць, што будуць нейкія графікі дзяжурстваў назіральнікаў. Але ж уся сутнасць назірання ў тым, што некаторыя назіральнікі сочаць за працэсам ад пачатку і да канца, і толькі тады можна рабіць нейкія лагічныя высновы. А другія прыходзяць калі хочуць, і застаюць камісіі ў той момант, калі тыя не былі гатовыя да лішніх вачэй.
Зараз жа вочы грамадства ў выглядзе незалежных назіральнікаў могуць аказацца за сценамі выбарчых дзяльніц.
Зрэшты, камісія і будзе складаць тыя графікі. Камісія будзе вызначаць сама, калі і хто будзе назіраць за іх працай. Вельмі зручны падыход. Зручны для камісіі, вядома ж, а не для грамадства, якое ў такім выпадку застаецца па-за працэсам назірання.
Улада будзе сачыць сама за сабой.
Самыя стварылі камісіі, самыя і назіральнікаў для тых камісій самымі тымі камісіямі і вызначаць будуць.