Навіны

У Смаргоні свабода мірных сходаў у “выбарчую кампанію” на мяжы забароны?

14 і 16 ліпеня сямёра смаргонцаў праз Тэлеграм-канал дамовіліся і правялі два роварныя праезды па вуліцах горада, з праслухоўваннем адначасна  беларускіх музычных твораў.
Гэтыя  падзеі, першая з якіх  нейкім чынам супала з рэгістрацыяй кандыдатаў у прэзідэнты, мабілізавала значныя сілы Смаргонскага РАУС.
14 ліпеня супрацоўнікі міліцыі суправаджалі на сваім транспарце раварыстаў і рабілі відэазапіс, ніякіх заўвагаў удзельнікам пры гэтым  не выказвалі.

Пасля гэтага раварысты размясцілі аб'яву ў Тэлеграм-канале аб зборы 16 ліпеня ля помніка Багушэвічу ў гарадскім парку для чарговага велападарожжа.

Гэта аб'ява чамусьці вельмі ўстрывожыла мясцовых ахоўнікаў парадку, бо гарадскі парк, умоўна кажучы, быў імі акупаваны да часу збору аматараў падарожжаў.  Ля помніка дзяжурылі пачаргова па два супрацоўнікі міліцыі, іншыя патрулявалі тэрыторыю.

 

«Кінааператар» здымаў прысутных у парку. І, відавочна, каб уразіць публіку, у ста метрах ад месца збору, на мяжы тэрыторыі касцёла і побач з дзіцячымі атракцыёнамі, быў размешчаны аўтазак.
За некалькі гадзін да збору 16 ліпеня жанчына-удзельніца велапраезду 14 ліпеня была выклікана ў РАУС, дзе ў яе ўзялі тлумачэнне і далі зразумець, што яна, магчыма, удзельнічала ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Пасля завяршэння заезду 16 ліпеня чацвёра ўдзельнікаў былі дастаўлены у мясцовы РАУС, дзе ў іх узялі тлумачэнні і адпусцілі.
Але тут самае камічнае выявілася ў тым, што раварысты 16 ліпеня не сабраліся ля помніка, а, не спыняючыся ў парку, наўпрост паехалі па горадзе. Але зноў жа у суправаджэнні транспарту РАУС.

Як мяркуе мясцовы праваабаронца Алесь Дзергачоў, які рабіў маніторынг падзеі 16 ліпеня, відавочнае зніжэнне рэйтынгу кіраўніка дзяржавы вымушае ўладу ў перыяд так званага  выбарчага працэсу быць у страху і чамусьці набіраць прыхільнікаў не дасягненнямі і выразнай праграмай паляпшэння жыцця, а грубай дэманстрацыяй свайго сілавога патэнцыялу. А гэта выглядае непрывабна, мяжуе з неабгрунтаваным абмежаваннем грамадзянскіх правоў.

 

Архіў

Жнівень 2020
12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31

Відэа

праваабарончыя сайты