Навіны

Павел Севярынец асуджаны яшчэ на 15 сутак арышту

Апазіцыйны палітык Павел Севярынец, які ўжо месяц знаходзіцца ў зняволенні, асуджаны яшчэ на 15 сутак арышту, паведамляюць праваабаронцы. Такім чынам, агульны тэрмін яго арыштаў перавысіў 90 сутак.

Паводле інфармацыі сайта spring96.org, чарговы працэс над Севярынцам адбыўся 8 ліпеня ў судзе Савецкага раёна Менска. Сувязь з асуджаным была арганізаваная праз Skype. Суддзя — Вера Галаўкова.

„На гэты раз яго асудзілі за заклікі да ўдзелу ў акцыі каля Камароўскага рынку 7 чэрвеня, якая праходзіла падчас пікетаў па зборы подпісаў за альтэрнатыўных вылучэнцаў у кандыдаты. 15 сутак непасрэдна за ўдзел у акцыі Севярынец атрымаў раней”, — паведамляюць праваабаронцы.

Севярынец быў затрыманы 7 чэрвеня каля свайго дома неўзабаве пасля таго, як правёў на плошчы перад Камароўскім рынкам „народны пікет свабоды і салідарнасці” побач з пікетамі па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты. На наступны дзень суд Фрунзенскага раёна Мінска арыштаваў яго на 15 сутак за ўдзел у адным з папярэдніх перадвыбарчых пікетаў. Пазней Севярынцу былі прызначаныя адміністрацыйныя арышты за ўдзел у іншых акцыях. У выніку некалькіх судовых пасяджэнняў Севярынец атрымаў сумарна 90 сутак арышту. Палітык утрымліваецца ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) на Акрэсціна.

Праваабарончая арганізацыя „Міжнародная амністыя” аб’явіла акцыю па вызваленні Паўла Севярынца. У паведамленні „Міжнароднай амністыі” адзначалася, што арганізацыі стала вядома аб жорсткім абыходжанні з палітыкам у ЦІП: яму 10 дзён не давалі сустрэцца з адвакатам, яго трымалі ў карцары.

„Павел Севярынец — вязень сумлення, якога варта неадкладна вызваліць без усялякіх умоў, а да таго часу гарантаваць яго бяспеку і недатыкальнасць”, — падкрэслівала праваабарончая арганізацыя. „Міжнародная амністыя” таксама адзначала, што Севярынца ўжо прызнавалі вязнем сумлення ў 2011 годзе. Тады ён быў прыгавораны да трох гадоў папраўчых работ па выніках удзелу ў масавых акцыях пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года.

„Міжнародная амністыя” заклікала неабыякавых грамадзян далучыцца да акцыі па вызваленні Севярынца — накіроўваць на імя генпракурора Беларусі Аляксандра Канюка лісты з патрабаваннямі неадкладна вызваліць апазіцыйнага палітыка.

belapan.by

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/pavel-sevyarynets-asudzhany-yashche-na-15-suta/

08.07.2020
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Архіў

Жнівень 2020
12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты