Навіны

Крымінальная справа за гвалт да міліцыянтаў: Праходзяць вобшукі, затрыманых пераводзяць у СІЗА

Сяргей Ціханоўскі на сустрэчы ў Гродне. Фота TUT.BY

Сяргей Ціханоўскі на сустрэчы ў Гродне. Фота TUT.BY

Увечары 1 чэрвеня скончыўся трохдзённы тэрмін з моманту затрымання блогера Сяргея Ціханоўскага і сямі яго паплечнікаў у Гродне 29 траўня. Усе яны затрыманы ў межах крымінальнай справы за гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі (арт. 364 КК РБ) і знаходзяцца ў мінскім ізалятары на вул. Акрэсціна. Пасля сканчэння трох сутак на волю ніхто з затрыманых не выйшаў, бо тэрмін утрымання пад вартай падоўжаны да 10 сутак з моманту затрымання. Цягам гэтага часу (да вечара 8 чэрвеня) затрыманым мусяць прад'яўвіць абвінавачванні альбо вызваліць.

"Вясна" публікуе звесткі, якія на дадзены момант вядомы пра крымінальную справу ў дачыненні да Сяргея Ціханоўскага і яго паплечнікаў.

Спіс затрыманых у межах крымінальнай справы па арт. 364 КК РБ:

1. Ціханоўскі Сяргей, затрыманы 29.05.2020, знаходзіцца ў СІЗА-1 на вул. Валадарскага ў Мінску

2. Разнічэнка Яўген, затрыманы 30.05.2020, знаходзіцца ў СІЗА-1 на вул. Валадарскага ў Мінску

3. Фурманаў Зміцер, затрыманы 29.05.2020

4. Навумік Уладзімір, затрыманы 29.05.2020

5. Ушак Вяргілій, затрыманы 29.05.2020, знаходзіцца ў СІЗА-1 на вул. Валадарскага ў Мінску

6. Арановіч Аляксандр, затрыманы 29.05.2020, знаходзіцца ў СІЗА-1 на вул. Валадарскага ў Мінску

7. Калмыкоў Сяргей, затрыманы 29.05.2020, знаходзіцца ў СІЗА-1 на вул. Валадарскага ў Мінску

8. Баброўскі Васіль, затрыманы 29.05.2020, знаходзіцца ў СІЗА-1 на вул. Валадарскага ў Мінску

9. Сакаў Арцём, затрыманы 31.05.2020, пераведзены з Гродна ў ІЧУ на вул. Акрэсціна ў Мінску

Что вядома па стане на 4 чэрвеня?

29 траўня у Гродне падчас правядзення пікету па зборы подпісаў грамадзян у падтрымку вылучэння ў якасці кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай супрацоўнікамі міліцыі быў затрыманы кіраўнік ініцыятыўнай групы, блогер папулярнага YouTube канала “Краіна для жыцця”  Сяргей Ціханоўскі і яшчэ, як мінімум 15 грамадзян, якія прымалі ўдзел у пікеце. Затрыманне адбылося пасля таго, як некалькі жанчын спрабавалі стварыць канфліктную сітуацыю. Інцыдэнт скончыўся ўмяшальніцтвам міліцыі, дэманстрацыйным падзеннем сурацоўніка міліцыі на зямлю і затрыманнем Ціханоўскага і іншых удзельнікаў пікету АМАПам. Частку затрыманых пазней вызвалілі.

 

У Гродне затрымалі блогера Ціханоўскага і яго паплечнікаў. Спіс абнаўляецца

Падчас перадвыбарчага пікету па зборы подпісаў за Святлану Ціханоўскую затрыманы кіраўнік яе ініцыятыўнай групы, блогер Сяргей Ціханоўскі. Таксама верагодна затрыманы людзі з каманды праекту "Краіна для жыцця".

30 траўня Міністэрства ўнутраных спраў паведаміла, што ў сувязі з інцыдэнтам у Гродне следчымі ўзбуджаная крымінальная справа за гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў (па арт. 364 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь). Вечарам таго ж дня стала вядома, што Сяргея Ціханоўскага, а таксама яшчэ сем затрыманых перавезлі з Гродна ў Мінск у ізалятар часовага ўтрымання на вул. Акрэсціна. 

 

Затрыманых у Гродне перавезлі ў Мінск. Яны праходзяць па крымінальнай справе

Як паведаміла "Вясне" Святлана Ціханоўская, стала вядома, што восем затрыманых увечары 29 траўня ў Гродне, у тым ліку яе мужа блогера Сяргея Ціханоўскага, перавезлі з гродненскага ізалятара ў Мінск. Узбуджана крымінальная справа па факту артыкула 364 Крымінальнага кодэкса за гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Цяпер затрыманыя знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна.

31 траўня праваабарончая супольнасць Беларус выступіла з заявай аб прызнанні Сяргея Ціханоўскага палітычным зняволеным. Праваабаронцы патрабуюць неадкладнага вызвалення Ціханоўскага і спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да яго, а таксама вызвалення і спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да іншых затрыманых у Гродне грамадзян, калі яны непасрэдна не здзяйснялі гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі.

 

Заява праваабарончых арганізацый аб прызнанні Сяргея Ціханоўскага палітвязнем

Патрабуем неадкладнага вызвалення Сяргея Ціханоўскага і спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да яго

1 чэрвеня стала вядома пра затрыманне ўдзельнікаў каманды праекту "Краіна для жыцця" Арцёма Сакава і Канстанціна Сярогіна. Сярогіна пазней адпусцілі, а Арцём затрыманы Ленінскім аддзелам унутраных спраў Гродна на 3 сутак у межах крымінальнай справы

Праходзяць вобшукі

Увечары 1 чэрвеня стала вядома, што ў гродзенскай кватэры аднаго з затрыманых Уладзіміра Навуміка праходзіць вобшук. Па яго выніках былі выняты ноўтбук, флэшкі. Вобшук праводзілі супрацоўнікі міліцыі. 

Вобшукі прайшлі ў кватэрах ў Яўгена Разнічэнкі, Сяргея Калмыкова, Васіля Баброўскага. Таксама вобшукі прайшлі ў сваякоў некаторых з затрыманых. 2 чэрвеня вобшук прайшоў у доме Аляксандра Арановіча ў Старых дарогах (быў канфіскаваны сістэмны блок).

Таксама невядомы людзі забралі машыну з апаратурай, на якой прыехала ў Гродна каманда Сяргея Ціханоўскага. Машына належыць гомельскаму актывісту Уладзіміру Кузняцову, які даў яе у часовае карыстанне Ціханоўскаму. Уладзімір напісаў заяву пра ўгон яго аўто. 

Пасля пяці вечара 3 чэрвеня на лецішчы Сяргея Ціханоўскага пад Гомелем пачаўся вобшук. Раніцай маці блогера, якая цяпер знаходзіцца са Святланай Ціханоўскай у Менску, патэлефанавалі следчыя і папрасілі прыехаць на лецішча, якое знаходзіцца менш, чым за 30 кіламетраў ад Гомеля, паведаміла TUT.BY Святлана Ціханоўская. Таксама паведамляецца, што вобшук прайшоў на студыі Сяргея. 

Ператрус працягнуўся і ўначы. Паводле інфармацыі, якую паведамілі TUT.BY, падчас яго на лецішчы знайшлі 900.000 долараў.

 

Крыніца: пры ператрусе на лецішчы ў Сяргея Ціханоўскага знайшлі 900 тысяч долараў

На лецішчы ў блогера Сяргея Ціханоўскага, які з'яўляецца кіраўніком ініцыятыўнай групы па вылучэнні жонкі Святланы Ціханоўскай кандыдатам у прэзідэнты, падчас трэцяга ператрусу знайшлі 900 тысяч даляраў. Пра гэта паведаміў TUT.BY прэс-сакратар ініцыятыўнай групы Аляксандр Кабанаў.

Таксама ноччу 4 чэрвеня пачаўся ператрус у фермера Аляксандра Сіраша ў вёсцы Прудок пад Мазыром, дзе Ціханоўскі здымаў жартоўнае інтэрв'ю з "прыкарытнікамі". Па стане на 10.30 тэлефон фермера недасяжныя.

Дзе знаходзяцца затрыманыя?

Днём 2 чэрвеня стала вядома, што Вяргілій Ушак пераведзены ў СІЗА-1 на вул. Валадарскага ў Мінску.

Маці Арцёма Сакава паведамілі "Вясне", што яе сына з гродзенскага ізалятара перавялі ў Мінск. Пазней стала вядома, што ён знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання на вул. Акрэсціна.

У твітэры "Краіны для жыцця" паведамляецца, што Святлане Ціханоўскай, якая прыйшла ў ІЧУ на Акрэсціна перадаць перадачу мужу, паведамілі, што яго перавялі ў СІЗА-1 на вул. Валадарскага. 3 чэрвеня Святланы Ціханоўскай пацвердзілі, што Сяргей у СІЗА-1.

3 чэрвеня праваабаронцам "Вясны" стала вядома, што Яўген Разнічэнка дакладна знаходзіцца ў СІЗА-1 на вул. Валадарскага.

Таксама маці Аляксандра Арановіча пацвердзілі месцахнаходжанне яе сына ў СІЗА-1. Там жа знаходзяцца Васіль Баброўскі і Сяргей Калымкоў.

Ці перавялі і астатніх затрыманых у СІЗА-1, у дадзены момант высвятляецца.

Што яшчэ трэба ведаць па справе?

Жонка затрыманага Уладзіміра Навуміка, спаслаўшыся на адваката, паведаміла "Вясне", што верагодна ў пятніцу 5 чэрвеня яму будзе прад'яўлена абвінавачванне.

Дзяўчыну затрыманага Сяргея Калмыкова выклікалі ў Следчы камітэт у якасці сведкі. 

У Мазыры затрыманыя блогер з каманды Ціханоўскага Аляксандр Цуканаў і ягоны сябар Дзяніс. Прычына затрымання высвятляецца.

 

http://spring96.org/be/news/97299

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты