Навіны

110 гадоў з дня смерці Элізы Ажэшкі

Пісьменніца, грамадская дзяячка, удзельніца вызвольнага паўстання 1863 года Эліза Ажэшка нарадзілася 6 чэрвеня 1841 года ў маёнтку Мількаўшчына (Гарадзенскі раён).

 

Паходзіла з сям’і заможнага землеўласніка і адваката Паўлоўскага. Была ахрышчана ў касцёле мястэчка Каменка (Шчучынскі р-н). Адукацыю атрымала ў Варшаўскім пансіёне, дзе вучылася ў 1852-57 гадах.

 

Помнік старому касцёлу ў Каменцы

Калі Элізе споўнілася 17 гадоў, яе выдалі замуж за Пятра Ажэшку, сямейная пара жыла ў маёнтку Людвінова (цяпер Драгічынскі р-н). Калі пачаўся вызвольны чын 1863 года, актыўна дапамагала паўстанцам. Займалася забеспячэннем партызанскага атрада Рамуальда Траўгута, які дзеіў на Кобрыншчыне. Пасля разгрому атрада ў Горацкіх лясах Эліза выратавала цяжка параненага Траўгута: у сваёй карэце адвезла яго да межаў Каралеўства Польскага. Пасля паўстання яе мужа Пятра выслалі ў Пермскую губерню, а маёнтак канфіскавалі. Змушаная праз усё жыццё маўчаць, пра свой асабісты ўдзел у паўстанні Эліза прызналася блізкаму сябру толькі на схіле жыцця. Шлюб Элізы Ажэшкі з Пятром Ажэшкам па яе ініцыятыве быў прызнаны ў 1869 годзе несапраўдным. Ажэшка пераехала ў Гародню, прадала маёнтак Мількаўшчына і жыла літаратурнай працай.

 

У Мількаўшчыне

У 1894 годзе выйшла замуж за даўняга прыяцеля Станіслава Нагорскага. Аднак шлюб стаўся непрацяглым. 19 лістапада 1896 года, якраз у час гучнага адзначэння яе імянінаў, муж сканаў ад паралюшу сэрца. Адна з цэнтральных вуліцаў Гародні носіць імя менавіта Элізы Ажэшкі, на ёй стаіць прыгожы дамок пад нумарам 17. Ён пабудаваны ў 1976 годзе з пераносам углыб як копія драўлянага дому, у якім жыла пісьменніца, пераехаўшы сюды і выйшаўшы замуж за Нагорскага. Менавіта тут быў напісаны зборнік навелаў “Gloria victis”, многія іншыя творы.

Дэбютавала ў друку Эліза Ажэшка апавяданнем “Малюнак з галодных гадоў” (“Obrazek z lat głodowych”) у 1866 годзе. “У мужыку‑беларусу бачыла чалавека і як чалавека шанавала яго». Такой характарыстыкай адгукнулася сто гадоў таму, 18 мая 1910 года, на смерць Элізы Ажэшкі “Наша Ніва”. Пісьменніца, стала класікам польскамоўнай літаратуры. Яе “Над Нёманам”, “Хам” і “Нізіны” напісаныя на тагачасным беларускім матэрыяле.

Канверт у гонар Элізы Ажэшкі 

Эліза Ажэшка была вельмі папулярнай пісьменніцай свайго часу, яе празаічныя творы інсцэнаваліся, перакладаліся на беларускую мову і н апачатку XX стагодзьдзя ставіліся на сцэнах шматлікіх беларускіх гарадоў. Пры жыцці блізка сябравала з Францішкам Багушэвічам, які прысвяціў ёй верш “Яснавяльможнай пане Арэшчысе”. Ажэшка вельмі шмат падарожнічала па Беларусі, сабрала 228 назоваў раслінаў. Усім беларускім назвам з дапамогай знаёмага батаніка яна дала лацінскія адпаведнікі. Шмат назваў раслінаў, пададзеных Ажэшкай, не фіксуюць іншыя беларускія слоўнікі.

Пісьменніца была ўзорам прынцыповасці, годнасці, а таксама сцвярджальніцай рэгіянальнага патрыятызму, прыналежнасці да зямлі, якой варта і трэба ганарыцца. Ведама, што Ажэшка цягам свайго жыцця слова не вымавіла публічна па-расейску, а размаўляла па-польску, па-французску і па-беларуску. Стаўленне жыхароў гораду да Ажэшкі найлепш характарызуе наступны факт: калі яна цяжка хварэла, людзі выслалі брукаванку паблізу яе дому саломай, каб не грымелі пад вокнамі колы. А правесці Ажэшку ў апошні шлях прыйшлі тысячы людзей.

Памерла Эліза Ажэшка 18 траўня 1910 года. Пахавана ў Гародні на старых каталіцкіх могілках.

Магіла Элізы Ажэшкі

У доме, дзе жыла апошнія свае гады пісьменніца, створаны дом-музей. Гэтая вуліца мае імя Ажэшкі і на ёй усталяваны помнік пісьменніцы.

Дом-музей Элізы Ажэшкі

У Мількаўшчыне ў школе створаны музей, а на тэрыторыі былой сядзібы захавалася старая алея, усталяваны памятны камень.

Памятны камень у Мількаўшчыне

Што засталося над Нёманам з часу Пані Элізы, з натуры яе творчасці? Плынь і шум ракі паблізу крыжа Яна і Цэцыліі ў Багатырэвічах, рэшткі падмурку старога лецішча ў Мінявічах, колішні палац Ромераў у Луне і пахаванне на тамтэйшых могілках роду Камінскіх. Урэшце знакамітыя гербарыі Ажэшкі, якая грунтоўна займалася батанікай.   

Уладзімір Хільмановіч, фота аўтара

 

Архіў

Чэрвень 2020
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930

Відэа

праваабарончыя сайты