Навіны

Кантрабандыст у адпачынку

   Яшчэ зусім нядаўна лічылася, што кантрабандыст, гэта ледзьве не адзіная прафесія, якая не прадугледжвае законнага адпачынку. Што трэба кантрабандысту? Мяжа. Ёсць мяжа, ёсць работа. Які тут адпачынак?! Гэта як для селяніна пасяўная ці ўборачная. Ні дня без працы. Касі каса, пакуль раса…

   Ну, а калі без жартаў, то сітуацыя выглядае дакладна так, як і з жартамі. Пакуль працуе мяжа, датуль працуе і беларускі так званы кантрабандыст. Чаму так званы, ды таму, што ён, як і ўсё ў нас, не да канца сапраўдны. Сапраўднаму кантрабандысту няма перашкоды. Зачыненая мяжа, ці адчыненая, розніцы аніякай. Сабраўся і пайшоў упоперак. А вось большасць беларускіх кантрабандыстаў, людзі вельмі законапаслухмяныя. Як і большасць беларусаў увогуле. Нацыянальная забава ёсць такая, закону трымацца. Таму як мяжу зачынілі з прычыны пандэміі, кантрабандысты перасталі яе парушаць. Нельга таму што.

   Медалі за закона паслухмянасць ім вядома ж ніхто не дасць, ды і нічога не дасць. Ні гроша за згубленую працу кантрабандыст не атрымае. Зрэшты, як і кожны іншы беларус, які заробкі згубіў у гэты цяжкі перыяд. А жыць то неяк трэба. Бо як зачынялі межы, то здавалася гэта не на доўга. І некаторыя нават узрадаваліся першаму ў жыцці адпачынку. Але адпачынак добры толькі тады, як ёсць за што адпачываць. А беларускі кантрабандыст тым і адрозніваецца ад сапраўднага, што запасаў вялікіх не нажыў. І што цяпер?

   Вось адзін мой знаёмы, вазіў штодня ў Польшчу пару пачак цыгарэт ды літар алкаголю, назад адзене на сябе некалькі пар джынсаў, прадасць іх тут, з таго і жыў. Па дарозе дадатковы заробак сабе прыгледзеў. Заўважыў, што ў Польшчы цэгла таннейшая. Ну то купіць з дзясятак цаглін, раскідае па машыне і вязе ў Беларусь. Мытнікі ды памежнікі думаюць што дурань. А ён прыедзе дахаты, дастане цэмент і кожны дзянёк па пяць дзесяць цаглінак дабаўляў да сцяны. З гадамі і цэлы дом збудаваў, двухпавярховы, цагляны. А навакольныя тады загаварылі, што кантрабандысты добра зарабляюць, калі такі асабняк узвесці атрымалася. Толькі як прыйшла пандэмія і межы зачынілі, і скончыліся штодзённыя паездкі праз мяжу, аказалася, што нават месяць пражыць на зберажэнні ад так званай кантрабанднай дзейнасці складана. Прыйшлося ўладкавацца на дзяржаўную працу з вельмі нізкім заробкам, з чаго вельмі задаволены. Бо не ўсім так пашанцавала. Такіх працаў на ўсіх кантрабандыстаў не хапае.

   Кінуліся кантрабандысты і ў таксісты. Прафесіі ўзаемазамяняльныя. Многія кантрабандысты былі таксістамі і наадварот. Толькі вось каму столькі таксістаў патрэбна?! Раней кантрабандысты былі часамі і пасажырамі таксі. А зараз, дзе ўзяць столькі пасажыраў. Таму кідаюцца ў пошуках заробку хто куды можа. Але ніхто іх там не чакае.

   Ну то паехалі яны па ўсёй сваёй радзіме Беларусі, бо ў іншыя краі патрапіць немажліва, і пераважна да бацькоў на вёскі ды да сябе на лецішчы, што ў каго ёсць. І сталі варочаць зямлю ды садзіць бульбу і іншую расліннасць, каб у выпадку чаго неяк пракарміцца самым ды сем’і пракарміць. Праца на зямельцы ў беларусаў на ўзроўні генетычнай памяці. І праз шмат пакаленняў навыкі не губляюцца. Таму ёсць надзея, што можа і пракормяцца.

   Ну а тыя, што і кавалачка зямелькі не маюць, глядзяць на сітуацыю з жахам. І пакуль у лясах яшчэ грыбы не павылазілі ды ягады не выспелі, сядзяць уздоўж Нёману з вудачкамі. Выжыць за кошт прыродных рэсурсаў, гэта ў беларусаў таксама рыса генетычная. Рэсурсаў, толькі, становіцца ўсё менш. Ну дык гэта праблема агульначалавечая.

   Тыя, у каго ёсць карта паляка, ўжо падрыхтаваліся пры першай мажлівасці пераехаць у Польшчу, адсядзець там належны каранцін і пасля ў Польшчы ўладкавацца на працу. Хоць на якую. Карта паляка гэта дазваляе рабіць і яе вартасць зараз вырасла ў разы. А ў параўнанні з беларускімі дакументамі, то і ў дзесяткі разоў.

   Ну а астатнія жывуць спадзяваннем, што мяжу хутка адчыняць. І тады, законна, з тымі парушэннямі закону, якія таксама нейкім чынам можна палічыць законнымі, яны зноў паедуць пратаптанымі маршрутамі да ўсталяванага гадамі памежнага жыцця.

   Ну а пакуль што вось такі адпачынак. Кантрабандны. Згодна з прафесіяй.

   Віктар Сазонаў.

Архіў

Чэрвень 2020
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930

Відэа

праваабарончыя сайты