Навіны

Блог Алеся Бяляцкага: Турма. Забытыя людзі. Гісторыя: XVII. НАГРЭТАЯ ШКОНКА

Спаў я на сярэдняй з трох шконак, на “пальме”. Пада мной разьмяшчаўся генерал ПаўлавічВалодзя займаў ніжнія нары, бліжэй да вакна. Вася, дырэктар мясакамбінату – ніжнюю, бліжэй да “тармазоў”. Іншыя “пасажыры”, якіх то дадавалі ў нашую хату, то прыбіралі кудысь, папераменна займалі іншыя вольныя шконкі. Ніколі ў камеры пры мне не было болей за шасьцёра зьняволеных. Валодзя распавядаў, што калі ў хату закінулі Зьміцера Дашкевіча, ужо быў поўны камплект зэкаў. Зьміцеру некалькі дзён давялося спаць долі, каля стала.

Я ж пераехаў на месца Дзьмітрыя Вуса. Суд над ім адбыўся ў траўні. Дзьмітрыю, як кандыдату ў прэзідэнты, тэрміну не пашкадавалі і далі пяць з паловай гадоў. Лукашэнка па-свойму расставіў сваіх апанентаў на выбарах па рэйтынгу зьняволеньня: Мікола Статкевіч быў асуджаны на шэсьць гадоў, Андрэй Саньнікаў – на пяць, Дзьмітры Вус апынуўся ў сяродцы.

dzmitry_vus.jpg
Дзьмітры Вус. Фота "Наша Ніва"

 

Гэта было дзіўна, бо ніколі перад удзелам у прэзідэнцкай кампаніі ён не ўдзельнічаў ні ў якіх апазіцыйных акцыях, ня быў сябрам ніякіх партыяў, быў даволі лаяльным да ўлады, нідзе не вытыркаўся. Падазраю, што і сваё дэпутатцтва ў менскім гарсавеце ў 1999-м годзе атрымаў са згоды вертыкалі. Ці, як мінімум, яны яго праміргалі. У 2000-м годзе Сяргей Скрабец, які быў тады пасьпяховым бізнэсоўцам, нават здолеў у Палатку прабрацца. А тут – на табе.

Былі два кандыдаты ў прэзідэнты, арышт якіх у мяне выклікаў зьдзіўленьне. Першы – Алесь Міхалевіч, які хоць і вырас у дэмакратычным асяродку, яшчэ з ЗБС і коласаўскага ліцэю, але перад выбарамі і падчас іх у адносінах да ўладаў і да Лукашэнкі займаў нейтральную, а то і лаяльную пазіцыю, моцна іх не крытыкаваў і трымаўся ад іншых дэмакратычных кандыдататаў падалей. Такая ў яго была тактыка, якая, тым ня меньш, яго ня выратавала. “Пагарэў” Алесь, на маю думку, калі ня вытрымаў і ў апошнія дні кампаніі ўсё ж заклікаў людзей, разам з іншымі дэмакратычнымі кандыдадатамі, прыйсьці адразу пасьля заканчэньня галасаваньня на Кастрычніцкую плошчу. Ніхто ж ня ведаў, як далей будуць разьвівацца падзеі. Таму, калі затрымлівалі ўсіх кандыдатаў-“бунтаўнікоў”, моцна не разьбіраліся, хто больш лаяльны, хто меньш –затрымалі і яго.

Дзьмітры Вус для Лукашэнкі быў ідэальным спарынг-партнёрам: ані грошай вялікіх ня меў, ані вядомасьці. Ніхто надта і ня ведаў, што ёсьць такі палітык. Але і збор подпісаў за сваё вылучэньне, і агітацыйную кампанію ён праводзіў разам з іншым кандыдатам у прэзідэнты – Міколам Саткевічам. А вось тога ўлады, а мабыць і Лукашэнка, лічылі ці не самым злосным сваім ворагам. Гэта і была мабыць асноўная прычына такога прысуду Дзьмітрыю Вусу. Навука, каб ведаў з кім вадзіў дружбу.

Ня ведаю, што іх, даволі розных па поглядах, па жыццёвым вопыце, аб’яднала ў гэтай супольнай працы. Можа, як раз недахоп сродкаў і людзкіх рэсурсаў. Наўрад ці Дзьмітры сабраў неабходныя для вылучэньня сто тысяч подпісаў. Ды зарэгістравалі абодвух, як і ўсіх астатніх, хто падаваўся на кандыдаты ў прэзідэнты. Тактыка Лукашэнкі ды ягоных паліттэхнолагаў была зразумелая: чым больш малавядомых кандыдатаў у выбарчай кампаніі, тым пазнавальнейшай была асоба Самога.

Падчас сьледзтва Вус быў пад падпіскай, на яго ціснулі, прымушалі абгаварыць Статкевіча. Ён, да свайго гонару, выстаяў, нагаворваць на Міколу адмовіўся. І гэта яму не даравалі, у выніку, закаталі па плешку.

Гэбэ не лічыла Вуса моцна небясьпечным, інакш бы не чакаў бы ён суда на волі. І пакуль ішло абскарджаньне прысуду, не сядзеў бы ён у СІЗА на Валадарцы, а там, дзе сядзелі ўсе іншыя кандыдаты ў прэзідэнты, – у СІЗА КГБ, у “амерыканцы”. Але калі патрапіў за кампанію ў гэты пасьлявыбарчы лёдарэз, дык выбрацца зь яго бяз стратаў было ўжо нерэальна.

Урэшце, пасьля абскарджаньня прысуду, якое скончылася нічым, паехаў Дзьмітры ў магілёўскую калонію.

Мае сукамернікі адгукаліся пра яго стрымана, зусім ня так, як пра Зьміцера Дашкевіча ці пра Алежку Гнедчыка. Казалі, што надта бедаваў па сваёй маладой жонцы, якая напачатку году нарадзіла сына. Але вось калі пачынаў гаварыць пра палітыку ці пра выбары, тады ўсё – хавайся у бульбу.

Валодзя хмыкаў: такога, ня дай Бог, выбралі б у прэзідэнты, дык і Лукашэнка мілым здаўся бы. А Паўлавіч сьмяяўся: толькі закрані выбары, як Вус хапаўся за канстытуцыю, якая заўсёды была зь ім, і пачынаў хадзіць па камеры з брашурай у выцягнутай у руцэ і – цытаваць! Апантана распавядаў пра яе парушэньне падчас выбараў. Кожны раз гадзіны па дзьве. Не спыніць. Забываўся на свае хваробы і балячкі, а хварэў ён сур’ёзна, так, што на шконку з першага разу залезьці ня мог, і вечна ляжаў на нарах, мучаўся з пазванком пасьля аварыі. 

– Разумны ж чалавек, не дурны, а як ён нас гэтай канстытуцыяй затлуміў, – стагнаў Вася.

– Ты не такіх поглядаў як Вус? – падазрона пытаўся ў мяне Валодзя.

– А хто яго ведае, – сьмяяўся я, – гледячы, што ты маеш на ўвазе.

– Не, не такі, – зазначыў, пільна і хутка паглядзеўшы на мяне, Валодзя. – Такіх уломкаў, як Дзіма Вус, болей не знайсьці.

Выпускалі Дзьмітрыя Вуса па амністыі – 1-га кастрычніка 2011 года – з турэмнай бальнічкі, якая была пад намі. З калоніі адправілі яго ў Мінск на лячэньне. І дзякуй Богу! Я быў шчыра рады за яго. Турма ўсё ж разьлічаная не на выпадковых людзей, якія, на жаль, трапляюцца тут скрозь.

Я сядзеў першыя тыдні зьняволеньня, спасьцігаў турэмную навуку, чакаў, куды далей павядзе мяне лёс. У гэты час Натальля атрымала першы ліст за 8-га жніўня, дзе я пісаў ёй:

"Жыцьцё працягваецца, я паступова асвойваюся і вывучаю няхітрыя навукі жыцьця ў СІЗА. Устаём рана  у 6, кладземся таксама рана – у 22. Дзіўным чынам арганізм хутка прыстасоўваецца да забытага ўжо з часоў службы ў войску распарадку. Тут усё робіцца нясьпешна, але вельмі дакладна і “са смакам”. Прагулка – “са смакам”, паход у лазьню – “са смакам”…

Вадзілі да доктара, зрабілі флюраграфію, адкаталі пальчыкі ўжо другі раз за гэтыя тры дні, завялі мэдыцынскую картачку. Скаргаў на здароўе ў мяне няма... Пакуль я ўсё ўспрымаю, як штосьці нерэальнае, паглядзім, якія адчуваньні зьявяцца пазьней…

У гэтую гарачыню было троху душнавата, але прайшоў дождж, і на выгуле паветра было сьвежым і чыстым. Добра, што вялікія сьветлыя дні, у мяне на сьвятло заўсёды добрая рэакцыя".

У лісьце за 27-га жніўня сваёй каляжанцы я пішу:

“Я-та ўвогуле трымаюся нармальна, але ўсё роўна прыемна атрымаць вестку з волі. Таксама прыемна, што столькі людей паручылася за мяне. Жыцьцё тут не сказаў бы, што надта сумнае. Я шмат чытаю, пішу лісты, вучу ангельскую, нас выводзяць штодень на прагулку  так дзень і праходзіць. Тут радуесься нейкім дробязям і неяк больш сэнсу і ўвагі ўдзяляеш даволі простым рэчам. Меньш рухаў, дзеянняў і мітусьлівых будзённых торганьняў робяць чалавека лепшым – няма калі і няма як рабіць благое і нікчэмнае… Моцна на допыты мяне не цягаюць, мабыць сьледчая ня бачыць сэнсу… Вы там не сумуйце не ўпадайце ў транс і не кіпяшыце. Усё буде добра.

P.S. Чытаю зараз Булгакава, які піша: “А скажы, шаноўная мумія, ці была ты пад судом пры савецкай уладзе і, калі не была, дык чаму?” (аповяд “Егіпецкая мумія”)”.

 

Блог Алеся Бяляцкага: Турма. Забытыя людзі. Гісторыя: XVI. “ДЗЕКАБРЫСТЫ”

З “дзекабрыстаў” у нашай хаце некалькі тыдняў сядзеў Алег Гнедчык. Валодзя ад яго быў у захапленьні, кажа: “Два словы зь яго ня выцягнеш, толькі спаў ды еў, болей нічога не рабіў”.

Алесь Бяляцкі

Праваабаронца, эсэіст, літаратурны крытык, былы палітычны зьняволены. Звычайна пішу пра тое, што думаю і бачу.

Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў

 

http://spring96.org/be/blogs/bialacki/96745

Архіў

Чэрвень 2020
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930

Відэа

праваабарончыя сайты