Навіны

15 гадоў як не стала Апанаса Цыхуна

Беларускі краязнавец, педагог, пісьменнік Апанас Цыхун нарадзіўся 5 траўня 1910 года ў вёсцы Кунцаўшчына Гарадзенсккага раёну. Паходзіў з сялянскай сям’і. У 1927-32 гадах вучыўся ў Гарадзенскай настаўніцкай семінарыі. У ІІ сусветнай вайне служыў артылерыстам у Вільні, пазней у 1939 годзе бараніў Варшаву, трапіў у палон да фашыстаў. Паводле савецка-нямецкага пагаднення салдатаў польскага войска, якія нарадзіліся на тэрыторыі Заходняй Беларусі, перадавалі ў СССР. На шчасце Цыхуну, які зразумеў, што яго вязуць з аднаго канцлагеру ў іншы, можа яшчэ больш жахлівы, удалося збегчы з цягніка. У 1944 годзе быў яшчэ адзін арышт – энкавэдысты хацелі даказаць, што ён шпіён, якога скінулі з парашуту.

 

Пасля вайны скончыў Гарадзенскі педінстытут. Працаваў завучам Лашанскай сямігадовай школы, дырэктарам Капцёўскай сямігадовай школы, настаўнікам СШ №2 Гародні, дырэктарам Каўбасінскай пачатковай і Батароўскай васьмігадовай школ, інспектарам аддзела народнай асветы Гарадзенскага райвыканкама. Працаваў на глебе беларускага школьніцтва, многія гады кіраваў літаратурным аб’яднаннем. І пры тым дапамагаў іншым беларусам – рыса не надта ўласцівая бальшыні нашай нацыі. Менавіта ён дапамог з працай вязню ГУЛАГу Уладзіміру Кісялю, калі той, выйшаўшы на волю, прыехаў у Гародню і ня меў дзе прыткнуцца. З 1937 года да канца жыцця Цыхун пражываў у Гародні. Выхаваў трох сыноў. Займаючы розныя пасады, выгадаваў шмат сваіх паслядоўнікаў у галіне адукацыі, культуры. Атрымаў беларускія і замежныя ўзнагароды за ўдзел у вайне і мірны пасляваенны перыяд.

Апанас Цыхун апрача сваёй асноўнай працы аддаваў шмат часу і ўвагі вывучэнню гісторыі і культуры, прапагандзе гісторыка-культурнай спадчыны Гарадзеншчыны, збору твораў вуснай народнай творчасці, грамадскай дзейнасці. Ён уздоўж і ўпоперак абышоў і аб’ехаў Гарадзенскі раён, усе яго населеныя пункты. Занатоўваў  цікавыя словы, пачутыя ад сваіх землякоў, якія адсутнічалі ў слоўніках, ці адрозніваліся ад літаратурных формаў. першыя кнігі Апанаса Пятровіча сталі выходзіць, калі аўтару было ўжо за восемдзесят.

Апанас Цыхун і Зміцер Кісель

Многія гады Цыхун папулярызаваў асобу заснавальніка беларускага мовазнаўства Яўхіма Карскага. У 1992 годзе з друку выйшаў краязнаўча-біяграфічны нарыс “Акадэмік з вёскі Лаша”. Цыхун разам з аднадумцамі дамогся стварэння школьнага Лашанскага музею непадалёк Гародні. На жаль пазней гэты куточак быў занядбаны, экспанаты з радзімы акадэміка перанеслі ў адну з гарадскіх гімназій. З пад пяра Цыхуна выйшлі таксама зборнікі “Легенды і балады Гродзеншчыны”, “Песні з народных глыбінь”, “Пройдзеныя шляхі-пуцявіны” (запіскі, успаміны, аўтабіяграфія). Апошняя кніжка, перш чым выйсці ў свет, урыўкамі друкавалася ў беластоцкай “Ніве”. Унікальнай працай стаў складзены Цыхуном слоўнік “Скарбы народнай мовы”, у якім адлюстраваныя хараство і адметнасць вясковай мовы прынёманскай старонкі.

Апанас Цыхун і Яўген Петрашэвіч

Многія гады ён абіваў парогі ўладных кабінетаў, пісаў лісты, дамагаючыся помніка Давыду Гарадзенскаму. Камень з памятнай шыльдай цяпер стаіць паблізу Нёмана ля Каложскай царквы. Каб не Цыхун, не было б і да сёння ля старой Каложы гэтага адметнага знаку. На адкрыццё помніка Цыхуна – галоўнага ініцыятара яго ўсталявання, ўлады не запрасілі.

Апанас Цыхун займаўся пчалярствам, добра граў на скрыпцы і меў добра пастаўлены голас. Напісаў выдатны верш “Родная мова”, які разам са сваім сябрам, заслужаным дзеячом культуры кампазітарам Аляксандрам Шыдлоўскім, быў дапрацаваны і пакладзены на музыку. Атрымаўся своеасаблівы гімн беларускай мове.

Памёр Апанас Цыхун 10 сакавіка 2005 года ў Гародні. Пахаваны на гарадзенскіх могілках па праспекце Касманаўтаў. У Гарадзенскай абласной бібліятэцы імя Яўхіма Карскага захоўваецца фонд Апанаса Цыхуна. У гімназіі №1 Гародні ў музеі Карскага зроблены стэнд, прысвечаны памяці Цыхуна. У вёсцы Луцкаўляны ў музеі захоўваюцца асабістыя рэчы і дакументы. У Гародні ў яго гонар названа вуліца.

Магілы Апанаса Цыхуна і яго жонкі Марыі

Архіў

Красавік 2020
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930

Відэа

праваабарончыя сайты