Навіны

Францыск Скарына яшчэ ў дарозе

Беларускі ордэн Францыска Скарыны быў заснаваны ў 1995 годзе пастановай Вярхоўнага Савета, як адна з найвышэйшых дзяржаўных узнагародаў Рэспублікі Беларусь за асаблівыя заслугі ў справе нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння. У першую чаргу ордэнам Францыска Скарыны ўзнагароджваюцца грамадзяне за значныя поспехі ў справе нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння Беларусі, за дасягненні ў галіне нацыянальнай мовы, літаратуры, мастацтва, а таксама прапаганды культурнай спадчыны беларускага народа.

Скажыце, людцы добрыя, за што сёння атрымала ордэн Францыска Скарыны расейская палітыканша Валянціна Матвіенка?  За якія заслугі перад беларусамі яе ўзнагародзілі найвышэйшай нашай узнагародай?  Няўжо яна вярнула ўкрадзеныя ў Беларусі ў XIX-XX стагоддзях нашы нацыянальныя скарбы з расейскіх эрмітажаў? Няўжо яна прывезла і вярнула нам вывезеную галоўную духоўную святыню Беларусі – крыж Еўфрасінні Полацкай? Няўжо яна нам падаравала адну з кніг Францыска Скарыны? Няўжо яна вярнула адзін з вагонаў скарбаў з палаца Пуслоўскіх са слонімскага Альбярціна, шэсць вагонаў якіх былі нахабна вывезеныя напярэдадні Першай сусветнай вайны ў Расею?  І ўсе там аселі назаўсёды. Ды не! Гэтага не адбылося, такія падарункі нам спадарыня Матвіенка не падаравала і ніколі не падаруе. Дык у чым яе заслуга перад беларускім народам, перад Рэспублікай Беларусь? За што, уручаючы ордэн Францыска Скарыны, мы так нізка апусцілі вялікага нашага асветніка? Прынізілі яго, абразілі, зняважылі…

За якія значныя поспехі ў справе нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння Беларусі, за дасягненні ў галіне нацыянальнай мовы, літаратуры, мастацтва, а таксама прапаганды культурнай спадчыны беларускага народа атрымалі ордэн Францыска Скарыны расейскі палітык Павел Барадзін, расейскі спявак Мікалай Баскаў, расейская спявачка Надзея Бабкіна, былы мэр Масквы Юрый Лужкоў, расейскі спявак Піліп Кіркораў, кіраўнік Кубанскага казацкага хору Краснадарскага краю Віктар Захарчанка і іншыя? За што яны заслужылі нашай вялікай узнагароды? Яны ж слова па-беларуску не ведаюць, песні ніводнай нашай не выканалі, яны не ведаюць і не будуць ведаць ніколі, хто такі Францыск Скарына. І ім да лямпачкі наша вялікая дзяржаўная ўзнагарода. І ім да самай яркай лямпачкі і наша Беларусь, і наша дзяржава. Так як і яны нам, беларусам, да лямпачкі і іх творчасць таксама. Гэта для нас узнагарода з’яўляецца важнай, дарагой і каштоўнай, бо мы – унукі і прапраўнукі вялікага сына Полацкай зямлі, нашага першадрукара і асветніка. І ордэнам Францыска Скарыны сёння павінны быць узнагароджаны сотні беларусаў – самых дастойных, таленавітых, вартых. І калі я пачну называць прозвішчы тых, хто заслугоўвае гэтай узнагароды, спіс будзе даволі вялікі. Але гэтых людзей не заўважаюць у нас ні вялікія чыноўнікі, ні местачковыя вертыкальшчыкі. Ды і Францыск Скарына, відаць, не зусім вярнуўся на Беларусь, ён яшчэ ў доўгай дарозе, якая вядзе на Бацькаўшчыну да сваіх людзей, а не да баскавых і бабкіных.

Сяргей Чыгрын

 

 

 

 

05.03.2020

Архіў

Красавік 2020
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930

Відэа

праваабарончыя сайты