Навіны

130 гадоў з дня нараджэння Вінцука Адважнага

Беларускі каталіцкі святар, пісьменнік, паэт, дзеяч эміграцыі Язэп Германовіч, вядомы таксама пад псеўданімам Вінцук Адважны, нарадзіўся 4 сакавіка 1890 году ў славутым мястэчку Гальшаны Ашмянскага павету. Паходзіў з сялянскай сям’і: бацькі – Станіслаў і Ганна (з дому Савіцкіх) Германовічы. У 1898-1902 гадах наведваў Гальшанскую народную школу, а наступныя чатыры гады – Ашмянскую гарадскую вучэльню. У Ашмяне сустрэўся з беларускім друкаваным словам, дзе яму і ягонай сястры Людвіні беларускі святар Гуневіч даў пачытаць багушэвічаўскую “Дудку беларускую”.

дом №7 у Гальшанах па вуліцы Ашмянскай, дзе жылі Германовічы

У 1913 годзе Германовіч скончыў Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю. Там ён быў запісаны літоўцам – звыклая практыка тагачасных касцельных кіроўных колаў запісваць беларусаў палякамі ці літоўцамі. У чэрвені 1913-га пасвечаны ў святары, тады ж распачаў душпастырскую дзейнасць як вікарый у мясцовасці Далістова Беластоцкага павету. Пазней працаваў у розных парафіях Беластоцкага дэканату (Беласток, Крынкі, Мсцібава, Вялікая Лапеніца).

Яшчэ ў 1921 годзе Германовіч уступіў у Таварыства Беларускай Школы, арганізаваў адну з беларускіх школ, у касцёле гаварыў казанні на беларускай мове. Гэта выклікала незадаволенасць найвышэйшай іерархіі, і Адважны змушаны быў пераехаць у Друю, дзе ў 1924-ым уступіў у ордэн марыянаў. Пачаткова выконваў абавязкі пробашча Друйскай парафіі, пазней быў магістрам навіцыяту і, акрамя таго, настаўнікам рэлігіі і лацінскай мовы ў Друйскай гімназіі.

Германовіч шырока выступаў у беларускім перыядычным друку свайго часу. Празаічныя і паэтычныя творы Вінцука Адважнага рэгулярна з’яўляліся на старонках папулярных выданняў (“Krynica”, “Chryscijanskaja Dumka”). Пераследаваўся польскімі свецкімі і духоўнымі ўладамі. З 1932-га – на місіянерскай працы ў Харбіне (Маньчжурыя), дзе таксама быў дырэктарам гімназіі. У 1936-ым вярнуўся ў Вільню, кіраваў Беларускім марыянскім домам студэнтаў. У 1938-ым дэпартаваны разам са студэнтамі ў Цэнтральную Польшчу, адкуль у хуткім часе зноў выехаў у Харбін. У 1948 арыштаваны кітайскай паліцыяй і перададзены савецкім органам бяспекі. Быў засуджаны сталінскай сістэмай да 25 гадоў прымусовых работ у савецкіх канцлагерах. Знаходзіўся ў зняволенні ў Сібіры. Прайшоў пакутніцкі шлях, але ацалеў. Пасля смерці Сталіна вызвалены. Выехаў у Польшчу, пад канец 1959 году ў Рым, а неўзабаве пераехаў у лонданскі Дом Марыянаў.

Язэп Германовіч браў актыўны ўдзел у рэлігійным і культурным жыцці беларускага замежжа. Рэдагаваў часопіс “Божым шляхам” (Лондан). Пра сваё знаходжанне ў канцлагерах напісаў успаміны “Кітай – Сібір – Масква”, якія выклікалі вялікую цікавасць, былі апублікаваныя на беларускай, італьянскай, польскай, літоўскай мовах. Не так даўно гэтая кніжка зазнала новае выданне.

Памёр Язэп Германовіч 26 снежня 1978 году ў Лондане. Пахаваны на могілках Сэн-Панкрас. Усё сваё жыццё ён прысвяціў душпастырскай дзейнасці і адраджэнню беларускага.

У 2011-ым годзе ў папулярнай серыі “Беларускі кнігазбор” выйшла кніжка выбраных твораў Вінцука Адважнага. Чытаючы іх, можна адчуць сапраўдны смак рэгіянальнай беларускай мовы Ашмяншчыны. Помніка ж Язэпу Германовічу ў яго родных Гальшанах, на жаль, няма.

Падрыхтаваў Уладзімір Хільмановіч

04.03.2020 Тэгі: каляндар

Архіў

Красавік 2020
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930

Відэа

праваабарончыя сайты