Навіны

Галоўная тэма

Але ж і ляманту нарабілі зараз у медыйнай прасторы пасля сустрэчы кіраўнікоў Беларусі і Расіі у Сочы! Нібыта чакалі ад гэтай сустрэчы чаго іншага! І з большага ўсё пра кошты на нафту трызвоняць, нібыта гэта было галоўнае ў той сустрэчы. Вельмі ўсім цікава стала, ці падаражае ў Беларусі салярка?!

   Адказваю, абавязкова падаражае. Не сумнявайцеся. Але гэта не таму, што начальнікі Беларусі і Расіі не змаглі дамовіцца паміж сабой пра кошт нафты. Салярка будзе даражэць у кожным выпадку і анякія дамоўленасці на тое не паўздзейнічаюць. Але не рэзка падаражае. Гэта і ёсць нікім неразгаданая таямніца нашай унікальнай эканамічнай мадэлі.

   Як гэта паўплывае на жыццё беларусаў? Ды аніяк. У беларусаў зараз такое жыццё, што ў глабальным сэнсе нішто на яго паўплываць не можа. Вазілі салярку ў Польшчу, зараблялі на гэтым, цяпер павязуць з Польшчы. І таксама крыху заробяць. Як некалі з тэлевізарамі, бытавой хіміяй і іншымі таварамі… Трэба ж неяк эканамічны баланс падтрымліваць. Колькі вывезлі, столькі і ўвязуць. Поўны эканамічны парытэт і справядлівасць.

   У разе чаго з Расіі прывалакуць тую салярку. І ў бензабаках, і ў цэстэрнах, і ў кішэнях калі прыйдзецца. Валакуць жа неяк у Расію беларускага ласося, беларускіх крэветак, беларускі сыр “Пармезан” і іншыя прадукты, на якія Расія ўвяла санкцыі. Мяжа ж то між Расіяй і Беларуссю вельмі празрыстая. Таму, калі расійскі кіраўнік жадае, каб у беларусаў рэзка павялічыўся кошт на салярку, спачатку трэба павялічыць кошт на нафту для сябе. Або аддзяліцца ад Беларусі сапраўднай мяжой, што тут, у сінявокай, будзе ўспрынятае з радасцю і ўсенародным адабрэннем.

   Ні на тое, ні на другое, ён не пойдзе. Бо не кошт на нафту яго турбуе!!!

   Ну а сённяшнія кіраўнікі Расіі і Беларусі дамовяцца. Няма аніякіх сумневаў у тым, што яны знойдуць агульную мову. Па вялікім рахунку, яны ўжо даўно пра ўсё дамовіліся! У галоўным аспекце, вядома ж! А ўсё астатняе, гэта шалупінне. Ну а нейкія там перыядычныя сваркі між імі на людзях, дык як жа без гэтага?! У кожных так бывае. З гадамі нервы падводзяць, ды і сумна без чарговай порцыі адрэналіну. Таксама ж не жалезныя. Але як сцвярджае расійская народная прымаўка – мілыя лаюцца, дык толькі цешацца.

   Ды і яшчэ адна народная мудрасць, цяпер ужо беларуская, кажа, што груган гругану вока не выдзеўбе. То навошта ім сваім прыкладам абвяргаць гэтую праўду жыцця? Асабліва тады, калі яна ім патрэбная як конь цыганам! Яны ж аднадумцы ў галоўным! Яны хочуць кіраваць сваімі краінамі да апошніх дзён сваіх, ну і яшчэ хочуць каб апошнія дні надышлі не вельмі хутка. І калі пра працягласць дзён трэба дамаўляцца з кім іншым, то пра кіраванне сваімі краінамі яны могуць паразмаўляць паміж сабой і толькі. Прынамсі, яны так думаюць.

   Ёсць між імі невялічкія рознагалоссі. Расійскі кіраўнік хоча павялічыць свае ўладанні за кошт усёй Беларусі. Ён гэтага і не хавае. Беларускі ж, наадварот, хіба што свае не супраць быў бы павялічыць за кошт усяго ўсходняга суседа. На першы погляд розніца невялікая. Але гэта толькі ў матэматыцы так, што ад перамены складаемых сума не мяняецца. У палітыцы акурат перамены і ёсць галоўным.

   Таму яны яшчэ разок другі сустрэнуцца, і дамовяцца пра кошты на нафту на нейкі час. А там далей хто яго ведае? Невядома хто перацерпіць. Як кажа яшчэ адна мудрасць, цяпер ужо ўсходняя, можа з ішаком што здарыцца, можа з падзішахам… А можа з іншымі краінамі што, або з глабальным пацяпленнем, ці фемінізацыяй планеты…?! Жывём жа як на вулкане! Нішто не вечна…

   Тым больш, што ёсць чым заняцца. Зараз на нашых геаграфічных шыротах стала модна мяняць Канстытуцыі. Таксама тэма нумар “уан”, падкінутая для медыйнай прасторы. Як быццам бы мы жывём па гэтым галоўным законе, што ўсе так моцна клапоцяцца пра змест яго новай версіі. Ці можа хто сумняваецца, што парламенты такіх краін як Беларусь і Расія могуць не прыняць прапанаваныя кіраўнікамі гэтых краін папраўкі?! Ды яны, тыя парламенты, за папраўкі ў Біблію прагаласуюць аднагалосна, калі пра гэта іх ласкава папросяць людзі, якія, нібыта, між сабой не дамовіліся пра кошт нафты.

    Таму, не нафта ёсць тэма! Тэма тут ёсць толькі Незалежнасць! Прынамсі для нас, беларусаў.

   Віктар Сазонаў. 

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты