Навіны

Мікалая Саляніка засудзілі да вялізнага штрафу (фота)

23 снежня ў судзе Кастрычніцкага раёну Гародні грамадскага актывіста Мікалая Саляніка засудзілі да вялізнага штрафу - агулам на 45 базавых велічынь. Гэта складае 1 145 рублёў 50 капеек альбо каля 570 даляраў у эквіваленце.

Карную пастанову аформіла суддзя Алена Тоўсцік-Самойла. Цікава, што ўдзельнікаў акцыі "Ланцуг салідарнасці", што адбылася 15 снежня ў Гародні, судзілі розныя суддзі судоў Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў. Напомнім, што чатыры ўдзельнікі акцыі былі засуджаныя яшчэ 20 снежня.

Суддзя Алена Тоўсцік-Самойла

Мікалай Салянік пару дзён не выходзіў з дому, але ўрэшце міліцыянты склалі на яго два пратаколы пра нібыта адміністрацыйныя правапарушэнні. Першы пратакол паводле артыкулу 23.34, частка 2, другі - паводле артыкулу 23.34, частка 3. Мікалай Салянік не пагадзіўся з складзенымі пратаколамі, пра што ён яшчэ раз заявіў на судовым працэсе.

Падтрымаць грамадскага актывіста ў суд Кастрычніцкага раёну прыйшлі каля 15 чалавек. Салянік прыйшоў у суд з асобнікамі крымінальнага і адміністрацыйнага кодэксу, а таксама Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Што цікава суд Кастрычніцкага раёну нават не вывесіў на інфармацыйным стэндзе інфармацыю пра тое, што будзе разглядацца адміністрацыйная справа Мікалая Саляніка.

Мікалай Салянік на судовым працэсе заявіў пра вяршэнства Канстытуцыі ў сістэме заканадаўства краіны, а таксама заявіў, што абавязак і кожнай дзяржаўнай структуры і грамадзяніна бараніць незалежнасць краіны. 

На разглядзе справы сведкамі выступалі трое міліцыянтаў. Першы з іх Станіслаў Шутовіч "даследаваў" інтэрнэт і пільна выявіў ў допісе Саляніка ў сацыяльнай сетцы фэйсбук заклік да правядзення несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.

Другі міліцыянт - Генадзь Кейзер быў сведкам акцыі на Старым гарадзенскім мосце 15 снежня. На судзе ён засведчыў, што папярэджваў Саляніка і іншых пра незаконнасць іх дзеянняў.

 

Генадзь Кейзер і Станіслаў Шутовіч

Трэці міліцыянт Вадзім Путнікаў нёс баявое дзяжурства на машыне, ездзячы па мосце туды-сюды. Выявілася, што ў твар Салянік і Путнікаў не бачыліся, але Путнікаў выразна засведчыў парушэнне заканадаўства ўдзельнікамі акцыі.

Пасля амаль гадзіннага перапынку ў паседжанні Алена Тоўсцік-Самойла прадказальна абвесціла Саляніку вялізны штраф, пасля чаго паспешліва пакінула залу праз запасны выхад. Паводле першага пратаколу Саляніка аштрафавалі на 22 базавыя велічыні, паводле другога - на 23 (агулам 45 базавых велічынь штрафу - тысяча сто сорак сем рублёў 50 капеек.

Пасля гэтага Мікалай Салянік разадраў асобнік Канстытуцыі РБ з чырвона-зялёнай вокладкай, завіўшы што гэта не Канстытуцыя, а фікцыя, якую не прызнаюць ні сілавыя структуры, ні суды. Сцвердзіўшы, што гэтая Канстытуцыя не дзейнічае, ён пакінуў яе рэшткі ў "падарунак" суду.

Архіў

Жнівень 2020
12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты