Навіны

Жарсці на паслявыбарчым пасяджэнні

Выбары закончыліся, але жарсці не ўлягліся. Апазіцыйныя і незалежныя кандыдаты не задаволеныя працэсам падліку галасоў, ды і ўсёй хадой выбарчага працэсу. Паведамляюць пра шматлікія парушэнні. Працягваюць пісаць скаргі і звяртацца ў камісіі, пракуратуру, суды.

Вось і ў Гародні, першае паслявыбарчае пасяджэнне Гарадзенскай-Цэнтральнай акруговай камісіі № 51 не прайшло без пэўнага скандалу. Хоць на пачатку нібыта нічога не ўказвала на яго. Прысутнічалі сябры камісіі, назіральнікі, некаторыя давераныя асобы кандыдатаў у дэпутаты і амаль усе самыя кандыдаты ў дэпутаты па АВК № 51, Вадзім Саранчукоў, Уладзімір Арцыман, Уладзімір Мікалута, і новая, яна ж і былая дэпутатка Лілія Кір’як. Не было толькі Алены Шаламіцкай і яе прадстаўнікоў таксама. Нават прадстаўнік дзяржаўнага тэлебачання пачатак пасяджэння здымаў на камеру. Што даволі вялікая рэдкасць на гэтых выбарах. Прысутны тут Сяргей Верамеенка па ўжо усталяванай звычцы здымаў на відэа ўвесь працэс.

Напачатку камісія разгледзела некаторыя скаргі, у тым ліку і скаргі прадстаўніка кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, назіральніка па АВК № 51 Віктара Сазонава, і другога назіральніка ад гэтай кампаніі па УВК № 17 Уладзіміра Хільмановіча. Скаргі не былі задаволеныя. У адной факт пражывання асобы ўказанай у скарзе на канкрэтным адрасе не пацвердзіўся, іншыя былі незадаволденыя па іншых прычынах. А пры пераходзе да другога пытання з абуральнай прамовай выступіў Уладзімір Арцыман і запатрабаваў, каб разгледзелі і яго скаргу таксама. Довады кіраўніка камісіі Сяргея Рапіна, што скарга толькі што пададзеная і патрабуе праверкі не задаволіла кандыдата ў дэпутаты і ён запатрабаваў, каб камісіі прама зараз скарга хаця бы была зачытаная. Што і адбылося. Сама ж гэтая скарга, будзе разглядацца на пазнейшых пасяджэннях, як і іншыя яшчэ не разгледжаныя скаргі і яшчэ каторыя будуць падавацца.

Але напал жарсцяў на гэтым не сцішыўся. І выбухнуў ён пад час агучвання вынікаў выбараў і віншаванняў з боку камісіі новага і былога дэпутата Ліліі Кір’як. Сталі разносіцца воклічы “Ганьба”, а прысутны тут Мікалай Салянік паспрабаваў пасаромець дэпутата і выказаўся, што ўсе тут прысутныя ведаюць як і кім збіраліся галасы для яе выйгрышу. Саляніка падтрымалі і яшчэ некалькі прысутных. Лілія Кір’як напэўна не чакала такой рэакцыі, але паспрабавала сказаць, што ёй не сорамна перад сваімі выбаршчыкамі, чым яшчэ больш распаліла жарсці, якія не сціхалі і пасля заканчэння пасяджэння, калі прысутныя выйшлі на калідор. Ліліі Кір’як нават прыйшлося вярнуцца назад, у зал пасяджэння камісіі.

У бок камісіі таксама прагучалі жорсткія выказванні. Прагучалі словы і “люстарацыя” і “суд”.

Кандыдаты ў дэпутаты і іх прадстаўнікі яшчэ доўга дзяліліся сваімі планамі абскарджвання вынікаў гэтых выбараў і ў калідоры, і на вуліцы. Ні лідар гарадзенскага БНФ Вадзім Саранчукоў, ні Уладзімір Арцыман не збіраюцца адпачываць пасля выбараў. Іх намерам ёсць давесці пачатае да лагічнага завяршэння.

Што ж тычыцца адмены вынікаў выбараў праз суды і іншыя інстанцыі, іх перагляд, або паўторныя выбары, то навейшая гісторыя Беларусі такіх фактаў не ведае. Праўда, не ведала яна раней і такіх жарсцяў, якія адбыліся на пасяджэнні АВК № 51. Усё на свеце некалі адбываецца ўпершыню.

На іншых АВК Гародні, дзе прысутнічалі назіральнікі ад кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” першыя паслявыбарчыя пасяджэнні прайшлі у больш спакойным рэжыме.

На пасяджэнні АВК № 49 аднагалосна зацвердзілі вынікі выбараў. Былі разгледжаныя скаргі кандаў па гэтай акрузе Артура Рымшы і Жаны Гасцяевай па непрызнанню падліку галасоў на ўчастках. У скаргах указвалася, што на выбарчых дзяльніцах бюлетэні не паказвалі ўсім прысутным давераным асобам і назіральнікам. Падлік вёўся за 4-9 метраў ад назіральнікаў, за сталамі, вакол якіх стаялі члены УВК, абступіўшы іх так, што назіральнікі нічога істотнага не маглі ўбачыць. Але скаргі не задаволілі.
Вяла пасяджэнне старшыня АВК №49 Ірына Мірановіч (кіраунічка справамі адміністрацыі Ксатрычніцкага раёна Гародні). Сакратар Наталля Чыкава (нам дырэктара па выхаваўчай працы СШ №33).

Пасяджэнне АВК № 52 было яшчэ спакойнейшым. Ні табе скаргаў, ні жарсцяў. Зачыталі пратакол, сказалі, што выбары адбыліся і распусцілі ўсіх па хатах. Управіліся правесці пасяджэнне за 10 хвілін.

Архіў

Сьнежань 2019
1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031

Відэа

праваабарончыя сайты