Навіны

Абласны суд прадказальна не задаволіў скаргу Ірыны Давідовіч

13 лістапада Гарадзенскі абласны суд у асобе суддзі Сяргея Піпко разглядзеў скаргу кандыдаткі ў дэпутаты па Івейскай выбарчай акрузе №54 прадстаўніцы АГП Ірыны Давідовіч.

Напомнім, што 30 кастрычніка ў Іўі адбылося паседжанне акруговай выбарчай камісіі №54. На ім разглядалася пытанне пра размяшчэнне кандыдаткай ад партыі АГП Ірынай Давідовіч у сваіх акаўнтах сацыяльных сетак відэароліка з тэлевыступам для Гарадзенскай тэлевізіі. Напомнім, што гэты выступ заблакаваў і не пусціў у эфір кіраўнік тэлерадыёкампаніі "Гродна" Мікалай Мельячэнка.

У выніку акруговая камісія №54 (старшыня Анатоль Букліс, сакратар Святлана Мірончык) абвесціла Ірыне Давідовіч папярэджанне “у звязку з парушэннем правядзення перадвыбарчай агітацыі”.
Ірына Давідовіч не пагадзілася з такім папярэджаннем і абскардзіла гэтае рашэнне АВК у Гарадзенскай абласной выбарчай камісіі. 5 лістапада Гарадзенская ТВК пад старшынствам Уладзіміра Хлябіча прадказальна не задаволіла скаргу Давідовіч.

На разглядзе скаргі Ірыны Давідовіч у абласным судзе прысутнічалі таксама старшыня Івейскай АВК Анатоль Букліс і старшыня абласной ТВК Уладзімір Хлябіч. Характэрна, што Анатоль Букліс публічна прызнаўся, што акруговая камісія ў агульным складзе не праглядала нават згаданы відэаролік. Яго глядзела толькі кіраўніцтва АВК і то старшыня не ўпэўнены, што паглядзеў яго да канца. Аднак ні ў пракурора Павядайкі, ні ў суддзі Піпко, які надзвычай скрупулёзна і педантычна апытваў Ірыну Давідовіч, гэты важнейшы момант не выклікаў ніякіх пытанняў.

На разглядзе скаргі прысутнічалі гарадзенскія праваабаронцы, журналісты, а таксама доўгатэрміновы назіральнік АБСЕ.

Прадстаўнікі выбарчых камісій спрабавалі давесці, што Ірына Давідовіч нібыта сваім відэавыступам распальвала сацыяльную варожасць, аднак нічога ўцямнага на гэты конт не маглі сказаць. Відэавыступ жа Ірыны Давідовіч насамрэч утрымліваў цвёрдую і яскравую, аднак у межах заканадаўства, крытыку цяперашняга кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь, што і паслужыла сапраўднай прычынай зняцця відэароліка з эфіру і пазнейшага папярэджання за відэаролік у інтэрнэце. Праваабаронцы перакананыя, што была дапушчана дыскрымінацыя кандыдата ў дэпутаты, а папярэджанне ад АВК мае палітычны, а не юрыдычны характар.

Пасля паўтарагадзіннага разгляду скаргі суддзя Сяргей Піпко абвесціў доўгі перапынак. Пасля яго было агучана прадказальнае рашэнне - скарга не задаволеная.

Архіў

Сьнежань 2019
1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031

Відэа

праваабарончыя сайты