Навіны

Савет Рэспублікі: “выбары” у закрытым рэжыме

7 лістапада “выбары” “сенатараў” на Гарадзеншчыне пройдуць фактычна ў закрытым рэжыме. Назіральнік ад БХК Раман Юргель атрымаў адмову прысутнічаць на паседжанні Гарадзенскага абласнога Савета дэпутатаў па выбарах членаў Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу РБ 7-га склікання.

З гісторыі назірання можна прыгадаць, што ў верасні 2016 года Раман Юргель быў дапушчаны прысутнічаць на аналагічных “выбарах”. Зараз улада зрабіла крок назад.

Фармальнай падставай для адмовы Юргелю, як вынікае з афіцыйнага адказу (глядзі фота) за подпісам старшыні Гродзенскага абласнога савету дэпутатаў Ігара Жука стала Пастанова ЦВК ад 10.10.2019 №60 «О порядке присутствия наблюдателей при проведении выборов членов Совета Республики РБ». У пастанове быў вызначаны парадак прысутнасці назіральнікаў пры правядзенні дадзеных выбараў: «…наблюдение на заседаниях местных Советов депутатов базового уровня областей, Минского городского Совета депутатов при проведении выборов членов Совета Республики, вправе осуществлять только члены Совета Республики, депутаты ПП НС РБ, и депутаты областных Советов депутатов действующих созывов, кроме лиц, зарегистрированных кандидатами в члены Совета Республики…». Фактычна гэтая пастанова ЦВК наўпрост супярэчыць арт. 13 Выбарчага Кодэксу РБ, дзе выразна напісна: «Падрыхтоўка і правядзенне выбараў ажыццяўляюцца адкрыта і галосна»

Сёлета працэс вылучэння кандыдатаў у члены Савету Рэспублікі ў Гарадзенскай вобласці быў завершаны 3 кастрычніка на супольных паседжаннях  прэзідыумаў Саветаў дэпутатаў і органаў выканаўчай улады.

Па Гарадзеншчыне вылучаны 8 кандыдытаў у “сенатары”:

Віктар Сняжыцкі, рэктар УА “Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт”;

Ігар Гедзіч, дырэктар Гродзенскага абласнога драматычнага тэатру;

Віктар Лісковіч, намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкаму;

Кацярына Серафіновіч, галоўны рэдактар “Лідскай газеты”;

Валянцін Байко, намеснік дырэктара па развіцці прадпрыемства «Конте Спа»;

Аляксандр Шышко, старшыня СВК «Азёры Гродзенскага раёну»;

Эльвіра Сарока, дырэктар УА «Навагрудскі дзяржаўны сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй»;

Алег Раманаў, першы прарэктар «Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купалы».

З мінулага складу членаў Савету Рэспублікі па Гарадзеншчыне застануцца двое – Віктар Сняжыцкі і Аляксандр Шышко.

Напомнім, што ўсе 64 члены Савету Рэспублікі маюць юрыдычную недатыкальнасць. Пры тым ад кожнай вобласці і горада Менску абіраецца па 8 членаў, а яшчэ 8 прызначае Аляксандр Лукашэнка.

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты