Навіны

150 гадоў з дня нараджэння Язэпа Стаброўскага

Археолаг, краязнавец, гісторык, філосаф, вайсковец, вынаходнік, заснавальнік Слонімскага раённага краязнаўчага музея Язэп Стаброўскі нарадзіўся 2 лістапада 1869 года ў Слоніме.

Бацька Язэпа Стаброўскага – Іосіф удзельнічаў у венгерскай, турэцкай і севастопальскай войнах. Пахаваны ў роднай вёсцы Орлавічы (Слонімскі раён). Маці Язэпа Стаброўскага – Людвіка родам з князёў Масальскіх. Памерла ў 1902 годзе, пахавана побач з мужам. Бацька Людвікі Стаброўскай – Адольф Масальскі актыўна ўдзельнічаў у паўстанні 1863 года. За гэта Мураўёў-вешальнік выслаў яго ў Нерчынскія руднікі. Родны брат маці – Карл Масальскі таксама ўдзельнічаў у паўстанні. Ён быў камандзірам аднаго з атрадаў Кастуся Каліноўскага. Яго схапілі, пасадзілі ў клетку і вазілі па вуліцах Слоніма, а пасля расстралялі...

У 1888 годзе Язэп Стаброўскі стаў курсантам Аляксандраўскай ваеннай вучэльні. Скончыў Полацкі кадэцкі корпус, Маскоўскі археалагічны інстытут і Вышэйшыя археалагічныя курсы пры Самарскім універсітэце. Быў сябрам-карэспандэнтам Віленскага аддзялення Маскоўскага археалагічнага таварыства і сябрам Яраслаўскага археалагічнага таварыства.

Першую сусветную вайну Язэп Стаброўскі закончыў у чыне палкоўніка. Але з цягам часу навуковыя інтарэсы ўзялі верх над прафесійна-ваеннымі. І ў 1921 годзе ён вяртаецца на родную Слонімшчыну, усе свае сілы і веды аддае даследаванню роднага краю. Стаброўскі збірае ўсё, што, на яго погляд, уяўляла гістарычную каштоўнасць. У калекцыі Язэпа Стаброўскага былі такія экспанаты, якія маглі б упрыгожыць стэнды і залы найлепшых музеяў Еўропы: багатая калекцыя крамянёвых і каменных вырабаў часоў мезаліту і неаліту, галава старажытна-славянскага ідала, аўтографы Мікалая Карамзіна, Гаўрыіла Дзяржавіна, Льва Талстога, два лісты Аляксандра Пушкіна да яго жонкі Наталлі Ганчаровай, гістарычныя рукапісы XVI-XII стагоддзяў і многія-многія іншыя рэчы.

Восенню 1924 года Язэп Стаброўскі арганізаваў у Слоніме выставу старадаўніх дакументаў і кніг, якія збіраў шмат гадоў. Выстава выклікала вялікую цікавасць у наведнікаў, асабліва сярод моладзі. Пасля яе закрыцця ўвесь сабраны археалагічны матэрыял і каштоўную калекцыю вырабаў каменнага веку Стаброўскі паклаў у аснову гісторыка-краязнаўчага музея. Ён расчыніў дзверы перад наведнікамі 20 верасня 1929 года. У адкрыцці музея прымаў удзел тагачасны прэзідэнт Польшчы Ігнацы Масціцкі.

Язэп Стаброўскі быў не толькі выдатным археолагам і краязнаўцам, але і таленавітым гісторыкам і вынаходнікам. Ім даследавана больш за 150 курганоў на Гарадзеншчыне, напісаны і надрукаваны дзесяткі артыкулаў па краязнаўстве і гісторыі. Ён захаваў успаміны з Першай сусветнай вайны і альбом з 300 фотаздымкамі. У свой час знайшлі прымяненне яго шрапнель удасканаленага ўзору (зацверджаны ў 1907 годзе Галоўным расейскім артылерыйскім упраўленнем) і тэлефон-прыёмнік удасканаленай канструкцыі (польскі патэнт № 18728).

Апошнія свае гады Стаброўскі шмат чытаў і пісаў, сістэматызаваў свае веды, стварыў шэраг твораў, якія раскрываюць яго ўяўленні па астраноміі, прыродазнаўстве, гісторыі і археалогіі. Памёр Язэп Стаброўскі ў беднасці ў вёсцы Орлавічы 15 студзеня 1968 года, мала не дажыўшы да ста гадоў. Пахаваны ў Орлавічах. Слонімскі раённы краязнаўчы музей носіць яго імя. У 2002 годзе на будынку музея ўсталявана мемарыяльная дошка (скульптар Леанід Богдан).

 

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты