Навіны

Крыж па расстраляных

У дзень памяці расстралянай беларускай інтэлігенцыі, што ў жалобе адзначаецца беларускай супольнасцю 29-га кастрычніка, гарадзенскія праваабаронцы рэгіянальнай філіі “Вясны” Віктар Сазонаў і Уладзімір Хільмановіч вырашылі звярнуцца з ініцыятывай памяці да гісторыкаў, грамадскіх дзеячаў і ўсіх неабыякавых да гісторыі сваёй краіны людзей. Сутнасць ініцыятывы палягае на тым, што праваабаронцы падрыхтавалі памінальны крыж у памяць рэпрэсаваных суайчыннікаў. І зараз прапаноўваюць, каб грамадскасць узяла ўдзел у абмеркаванні месца яго ўсталявання.

На беларускай зямлі, і на Гарадзеншчыне ў прыватнасці, такіх месцаў, на вялікі жаль, многа. Таму выбраць месца для памятнага жалобнага крыжа лепш разам. Адзіная ўмова, крыж мусіць быць усталяваны на Гарадзеншчыне.

Чым больш людзей успомняць гэтыя жалобныя старонкі нашай гісторыі і далучацца да гэтай акцыі, тым большую вагу будзе мець абранае імі месца. У працэсе можна дасылаць апісанні такіх месцаў, гісторыі рэпрэсій, ўспаміны відавочцаў, фотаздымкі. Усё гэта можа патрапіць ў друк, і яшчэ раз распавесці пра лёс і дзейнасць тых, чые мары, надзеі і праца былі абарваныя кулямі катаў.

Дасылайце вашы прапановы і матэрыялы на адрас info@harodniaspring.org

З часам адмыслова створаная камісія выбярэ месца ўсталявання крыжа куды падысці зможа кожны.

29.10.2019

Відэа

праваабарончыя сайты