Навіны

135 гадоў з дня нараджэння Баляслава Пачопкі

Беларускі святар, настаўнік і рэлігійны публіцыст Баляслаў Пачопка нарадзіўся 13 кастрычніка 1884 года ў засценку Уляны Рукойненскай гміны Віленскага павету. Паходзіў з незаможнай сялянскай каталіцкай сям’і Антона Пачопкі і Ганны з роду Гайдукевічаў. Ахрышчаны ў Лаварышках, скончыў 4 класы вучэльні ў Рукойнах. Працягнуў вучобу ў гімназіі ў Вільні. У 1905 г. паступіў у Віленскую духоўную семінарыю. Грашыма яму дапамагала княгіня Магдалена Радзівіл. У 1907 г. з-за праблем спыніў вучобу.

З 1907 года Пачопка ў Пецярбургу, працаваў дробным чыноўнікам, адначасна навучаўся. Браў удзел у беларускіх і польскіх культурна-асветніцкіх гуртках у Пецярбургу, куды прыносіў вершы і песні, дасылаў невялікія артыкулы ў розныя выданні. Аднак царскія ўлады па палітычных матывах спынілі дзейнасць гурткоў. Пачопка вярнуўся на радзіму, дзе працаваў прыватным настаўнікам у маёнтку Швядовічаў Крывейкішкі. У 1911 г. у дзяржаўнай гімназіі ў Шаўлях здаў экстэрнам экзамен за курс 8 класаў гімназіі. 31 студзеня 1912 г. ажаніўся з 19-гадовай Марцыянай Пілецкай, з якой меў сем дзяцей. Жыў у Вільні, супрацаваў з рэдакцыямі газет “Наша ніва” і “Biełarus”, працаваў як хатні настаўнік. Пачынаючы з пятага нумару быў рэдактарам і выдаўцом “Biełarusа”. Падрыхтаваў і выдаў шэраг беларускіх рэлігійных кніжак. Пісаў вершы па-беларуску і па-польску, збіраў беларускі фальклор, даследаваў гісторыю батлейкі. 

Працаваў у Вільні ў Камітэце дапамогі пацярпелым ад вайны. Дзякуючы высілкам Пачопкі і Алаізы Пашкевіч, была ўтворана першая сталая беларуская школа ў Вільні. За кароткі час – з лістапада 1915 па люты 1916 гг. – Пачопка разам з Цёткай і братамі Луцкевічамі стварылі ў Вільні 6 беларускіх школ. Гэта былі першыя ў гісторыі беларускія школы. Са снежня 1915 г. яны ж заняліся арганізацыяй першых вечаровых настаўніцкіх курсаў для падрыхтоўкі беларускіх настаўнікаў, Пачопка быў адным з выкладчыкаў на курсах.

У кастрычніку 1915 г. разам з сям’ёй пераехаў у Свіслач, каб з дазволу нямецкіх уладаў стварыць там першую беларускую настаўніцкую семінарыю. Быў яе дырэктарам, У семінарыі, якая дзеіла ў перыяд з 15.10.1916 па 15.11.1918 гг. падрыхтавана 144 беларускія настаўнікі, Баляслаў Пачопка выкладаў беларускую мову, лаціну, вёў заняткі па рэлігіі. Летам 1920 г., у час кароткага наступу бальшавікоў, хаваўся ад рэпрэсій.

Пасля ліквідацыі настаўніцкай семінарыі ў Свіслачы працаваў дырэктарам і настаўнікам у школах Ваўкавыскага павету: у вёсках Вільчукі і Масюкі, скончыў педагагічныя курсы ў Лідзе. У міжваенны час прыняў усходні абрад на прапанову ўкраінскага манаха-рэдэмптарыста Мікалая Чарнецкага. 5 гадоў завочна вучыўся ў Львове. У 1926 высвечаны спярша на дыякана, потым на святара. Служыў у Бабровічах (Івацэвіцкі раён), выкладаў рэлігію, памагаў бедным. У душпастырскай дзейнасці карыстаўся пераважна беларускай мовай.

З прыходам саветаў у 1939 г. пачаліся маральны і матэрыяльны ціск на святара і яго сям’ю, правакацыі, у царкве быў учынены пагром. Баляслаў Пачопка трапіў у шпіталь, яго дапытваў НКВД. Памёр 26 снежня 1940 г. Пахаваны на каталіцкіх могілках у Целяханах.  Сям’я з’ехала на Віленшчыну, пазней у Польшчу. Месца пахавання ўдалося адшукаць у 2002 г. На Дзяды 2004 года на магіле урачыста адкрыты і асвечаны помнік з дрэва з выяваю ўваскрослага Хрыста (аўтар помніка мастак Мікалай Колас з Баранавічаў).

 

Архіў

Чэрвень 2020
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930

Відэа

праваабарончыя сайты