Навіны

Невялікая сенсацыя ў Гарадзенскім абласным судзе

Чацвёртага верасня ў Гарадзенскім абласным судзе праходзіў разгляд скаргі Партыі БНФ пра неўключэнне сяброў гэтай структуры ў акруговыя камісіі. Кіраўнік Гарадзенскай структуры БНФ Вадзім Саранчукоў, які прадстаўляў інтарэсы партыі, заявіў, што менавіта партыйныя структуры мусяць быць прадстаўлены ў камісіях, бо гэта лагічна. Выбары ёсць праявай палітычнага жыцця краіны, і няўдзел прадстаўнікоў партый у камісіях выглядае нелагічным. Таму вельмі недарэчным падаецца неўключэнне аніводнага прадстаўніка БНФ у акруговыя выбарчыя камісіі па ўсёй Гарадзенскай вобласці. І гэтае неўключэнне ёсць ігнараваннем волі вялікай часткі выбарцаў.

З другога боку, прадстаўнікі аблвыканкаму, намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення аблвыканкама Сяргей Хацук і намесніца начальніка Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Алена Новік заявілі, што не згодны з пазіцыяй Саранчукова. Яны прадставілі звычайную фармальную афіцыйную версію пра дзелавыя якасці і іншыя крытэры, па якіх фармаваліся камісіі і настойвалі на тым, што ўсё справядліва і нічога не парушана.

Чакана прытрымлівалася іх версіі і прадстаўніца пракуратуры Сняжана Дворнікава.

Дарэчы, і прадстаўніца пракуратуры, і суддзя Вячаслаў Міхневіч, ну і вядома ж сам Вадзім Саранчукоў прамаўлялі па-беларуску. Не карысталіся роднай мовай у гэтым працэсе толькі чыноўнікі аблвыканкама.

Таксама суд пайшоў на беспрэцэдэнтны ў Гародні крок – дазволіў Вадзіму Саранчукову весці відэаздымку падчас агалошвання рашэння суда. Па-сутнасці, гэта стала невялічкай сенсацыяй.

На гэтым сенсацыі закончыліся. Само рашэнне суда не стала сенсацыйным. Скарга Партыі БНФ была чакана незадаволена.

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты