Навіны

Дэмакраты Гарадзеншчыны спрабуюць патрапіць у ТВК і АВК

31 жніўня, у суботу, у Гарадзенскім  абласным выканаўчым камітэце адбудзецца супольнае паседжанне прэзідыума Гарадзенскага абласнога Савета дэпутатаў і Гарадзенскага абласнога выканаўчага камітэта па стварэнні ў рэгіёне тэрытарыяльнай (Гарадзенскай абласной) і акруговых выбарчых камісій.

Дэмакратычныя сілы Гарадзеншчыны павылучалі ў склад камісій, які будзе зацвярджацца ўладнымі структурамі, сваіх прадстаўнікоў. Кіраўнік Гарадзенскай структуры Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў паведаміў, што арганізацыя вылучыла ў згаданыя камісіі 6 прадстаўнікоў – у АВК акругаў № 51, 55, 56, 59. Прычым па акрузе №51 – рознымі спосабамі вылучэння ажно трох чалавек.

Гарадзенская АГП, па словах новага абласнога кіраўніка Мікалая Уласевіча і кіраўніка Гарадзенскай гарадской арганізацыі Уладзіміра Пруднікава вылучыла аднаго прадстаўніка ў абласную, і 5 – у акруговыя камісіі.

Гарадзенская БСДП Грамада вылучыла двух чалавек на акругі № 51, і № 60.

Структура “Гавары праўду” са слоў абласнога кіраўніка Зміцера Бандарчука вылучыла 1 чалавека ў абласную камісію.

Таксама вылучаны ў склад адной з камісій прадстаўнік БХД Мікалай Баўсюк. Беларуская партыя левых “Справядлівы свет” паводле слоў абласнога кіраўніка Паўла Станеўскага вылучыла 6 чалавек на акругі № 49, 50, 51, 55, 56, 58.

Іншыя дэмакратычныя партыі Гарадзеншчыны альбо не вылучалі сваіх прадстаўнікоў у ТВК і АВК, альбо не падзяліліся інфармацыяй.

Гарадзенскія прадстаўнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” адзначаюць пэўную паспешлівасць і “першынства” гарадзенскай “вертыкалі” па ўтварэнні ТВК і АВК у рэгіёне. У іншых абласных цэнтрах такія паседжанні адбудуцца пасля выходных у панядзелак.

На паседжанне па ўтварэнні гарадзенскіх ТВК і АВК як назіральнік вылучаны правабаронец Раман Юргель.  

Відэа

праваабарончыя сайты