Навіны

Стан Дзяніса Лук’янава, якога збіў АМАП, крытычны

На 26 жніўня стан 36-гадовага жыхара Абухава Дзяніса Лук’янава, шматдзетнага бацькі, якога збіў гарадзенскі АМАП, дастаткова цяжкі. Лекары ўвялі яго ў стан штучнай комы. Гісторыя, якую расказалі сваякі пацярпелага, страшная ў сваёй рэчаіснасці і разам з тым, на жаль, характэрная для сённяшняй Беларусі. Тое, што міліцыянты часта збіваюць затрыманых па фармальных прыкметах, ці зусім затрыманых беспадстаўна, усе ведаюць. Перыядычна гэта сканчаецца нават цяжкімі наступствамі для здароўя і жыцця людзей. Дастаткова азнаёміцца з матэрыяламі журналісцкіх расследаванняў у рубрыцы #БезПраваНаРасправу на сайце правабаронага цэнтру “Вясна”.

Дзяніс Лук’янаў разам з сваімі сябрамі знаходзіўся 20 ліпеня на аўташоў каля вёскі Караліно. У нейкі час, пасля завяршэння фэсту, ён застаўся адзін. Пры тым Лук’янаў быў крыху выпіўшым. Мужчыну затрымалі амапаўцы. Яго завезлі на ўскраек ляснога масіву, дзе міліцыянты сталі практыкавацца ў тэхніцы ўдараў па чалавеку, адпрацоўвалі розныя прыёмы, стараючыся пры тым не пакінуць ніякіх слядоў. Білі пераважна па мяккіх тканках цела. Па словах гарадзенскага грамадска-палітычнага актывіста Міколы Саляніка, роднага дзядзькі Дзяніса Лук’янава, пляменнік ніколі не бываў агрэсіўны, ён дастаткова спакойны па характары і далёка немагутнага целаскладу. Зусім малаверагодна, што ён мог аказваць нейкі супраціў.

Потым міліцыянты Лук’янава завезлі ў РАУС, пасля ў выцвярэзнік, выпісалі штраф, праз суткі ён трапіў дахаты.

Доўгі час Лук’янаў не расказваў сваім родным пра тое, што здарылася. Але праз час яму зусім стала кепска і яго шпіталізавалі. Лекары сказалі, што такіх пашкоджанняў чалавек не мог атрымаць у выніку звычайнага падзення. Толькі тады запалоханы раней міліцыянтамі Лук’янаў расказаў праўду пра тое, што з ім здарылася.

У сур’ёзна траўмаванага пачаўся некроз – адміранне тканак цела. Пайшло агульнае заражэнне крыві. Лук’янаву зрабілі 6 ці 7 аперацый, але пакуль яго стан толькі пагаршаўся. Тут трэба адзначыць, што ў шпіталі Лук’янава некалькі разоў імкнуліся апытаць міліцыянты, калі ён знаходзіўся ў паўпрытомным стане і наўрад ці адэкватна мог адказваць на пытанні.

Міліцыя пакуль адмаўляе факт збіцця Дзяніса Лук’янава яе супрацоўнікамі. Паводле інфармацыі МУС, мужчына быў на фэсце нападпітку, чым парушаў грамадскі парадак. Спачатку дзяжурны міліцыянт даставіў яго ў намёт для разбору, потым у Гарадзенскі РАУС, а пасля – у выцьвярэзьнік. Нібыта першыя супрацоўнікі АМАП прыбылі на аўтафэст пазней і “да дастаўлення мужчыны ў аддзел міліцыі дачынення ня мелі”, -  гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні. Маўляў, Лук’янаў траўмаваўся сам, калі падаў.

Аднак сваякі пацярпелага не вераць у гэтую версію. Стрыечная сястра Дзяніса Лук’янава Дар’я Салянік падала некалькі заяваў па фактах здарэння – у Следчы камітэт, у пракуратуру і ў Службу ўнутраных расследаванняў міліцыі. Пакуль ніякіх адказаў адтуль яшчэ няма.

Кажа Мікалай Салянік: “Ахвярай міліцэйскага злоўжывання і непрапарцыйнага прымянення сілы можа стаць кожны грамадзян нашай краіны. Калі мяне з паплечнікам затрымліваў АМАП, трэба было бачыць як яны наносілі ўдары, якой нянавісцю, нават звярыным аскалам былі напоўнены іх твары. Дык гэта з намі – з “палітычнымі” так яны абыходзіліся, а што ўжо казаць пра звычайных грамадзян. Людзі павінны ўсведамляць, што нікому не ўдасца пасіўна адседзецца, калі дзяржава сістэмна ажыццяўляе такое беззаконне, а яе сілавыя структуры напоўнены агрэсіяй і нянавісцю да людзей. Недбга мирыцца з таким беззаконнем”.    

 

26.08.2019 Тэгі: Дзяніс Лук'янаў

Відэа

праваабарончыя сайты