Навіны

Банеры пра выбары па-беларуску?

На афіцыйных сайтах раённых адміністрацый Гарадзеншчыны нарэшце сталі з’яўляцца банеры “Выбары-2019” і на беларускамоўных старонках. Пакуль што не на ўсіх, але ёсць надзея, што такі банер будзе на сто адсотках беларускамоўных старонак раённых сайтаў. Такая ўпэўненасць вынікае з простага аналізу пра тое, як функцыянуе ўладная вертыкаль. Наўрад ці хто там прымае рашэнне самастойна. А паколькі такія банеры сталі з’яўляцца, значыць з верху паступіў адпаведны загад.

Бо як у адваротным выпадку растлумачыць тое, што нідзе не было, а пасля стала з’яўляцца адразу ў некалькіх раёнах.

Банер “Выбары-2019” на беларускамоўных старонках афіцыйных сайтаў раённых адміністрацый Гарадзеншчыны таксама беларускамоўны. А вось інфармацыя на іх даецца па-руску. Проста малпуецца з рускамоўнай версіі. Таму можна канстатаваць, што патрабаванні выбарчага заканадаўства мясцовыя ўлады стараюцца хоць неяк фармальна выканаць, а вось закон аб мовах, ці проста выявіць самую звычайную павагу да мовы тытульнай нацыі краіны з назвай Беларусь, не асабліва спяшаюцца.

Нагадаем, што Гарадзенскія праваабаронцы Праваабарончага цэнтру “Вясна” і БХК, удзельнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Андрэй Коця, Віктар Сазонаў, Уладзімір Хільмановіч і Раман Юргель некалькі дзён таму разаслалі электронныя звароты ў раённыя выканкамы Гарадзенскай вобласці.

Нагодай для такіх зваротаў стала тое, што на афіцыйных сайтах райвыканкамаў Гарадзеншчыны на іх беларускамоўных версіях увогуле адсутнічала рубрыка “Выбары-2019”. Мажліва і гэтыя звароты паўплывалі на рашэнне ўладаў.

Праваабаронцы звярталі ўвагу раённых выканкамаў на тое, што на беларускамоўнай версіі сайта ўвогуле няма банеру “Вябары-2019”. Гэта значыць, што беларускамоўныя наведнікі сайту зусім не атрымліваюць інфармацыі пра выбары. Заканадаўства ж патрабуе забяспечыць даступнай інфармацыяй усіх грамадзян.

Звярталася ўвага і на сам факт непавагі да беларускамоўных наведнікаў сайту. Бо чаму рускамоўныя наведнікі могуць атрымліваць інфармацыю на зручнай для іх мове, а беларускамоўныя – не. Гэта ўжо нагадвае дыскрымінацыю грамадзян па моўнай прыкмеце.

Зрэшты, у гэтым пытанні нічога не памянялася. Інфармацыя на беларускамоўных старонках пад банерам "Выбары-2019" застаецца рускамоўнай.

26.08.2019 Тэгі: выбары

Відэа

праваабарончыя сайты