Навіны

Казка пра выбары

   Зноў выбары! У нас, у Беларусі, зноў выбары! Гучыць сатырычна, ужо не першы раз так гучыць, але факт ёсць фактам. Хутка ўжо выбіраць пасунемся. Працэс пайшоў.  

   Калі наш выбарчы працэс так можна назваць, вядома ж. Зрэшты, не важна як назавеш, важная ёсць сутнасць. Бо калі пачнём прыдзірацца да слоў, то ўвогуле слова “выбары” можа назаўсёды знікнуць з чалавечага лексікону. Прычым не толькі ў нас. Ну, але гэта ўжо філасофія. У ёй і заблытацца лёгка, але цяжка выблытацца, як мужыку з бабскай спадніцы. Таму лепш вернемся да нашых бараноў. Дакладней да выбараў.

   Памятаю, як некалі даўно адзін дасведчаны чалавек з замежжа распавядаў мне анекдот пра выбары:

    Прывёў, маўляў, Бог да Адама Еву, ды кажа:

   – Адам, выбірай сабе жонку!

   Я тады падумаў, што вельмі адпавядае гэты анекдот савецкім выбарам. Часы былі тады савецкія. Зараз ужо таго Савецкага Саюзу няма даўно, яго толькі мараць аднавіць некаторыя апантаныя імклівым рыўком у мінулае галовы, але той анекдот нечым актуальны і для сённяшняй Беларусі.

   Вось толькі персанажаў крыху стала больш. Ёсць нібыта яшчэ нейкія афіцыйныя кандыдаты на ролю афіцыйнай Евы, або Еваў, раз гаворка ідзе пра так званыя парламенцкія выбары. У наяўнасці і афіцыйныя змеі і не менш афіцыйныя райскія яблыкі. Кожнай афіцыйнай Еве па аднаму забароненаму плоду выдаецца. Толькі яна яго Адаму не дае, а выключна заманьвае ім. Абяцае, так бы мовіць, з прыроднай хітрасцю і спакусай.

   Нібыта ёсць і кандыдаты на неафіцыйных Еваў. У тых, праўда, праблемы з райскімі яблыкамі, якіх на ўсіх бракуе. Таму яны спрабуюць адкрыць Адаму вочы на тое, што і ад афіцыйных Еваў яму яблычнага пірага чакаць няма чаго. Але Адам і так больш цікавіцца алкаголем, чым абяцанымі яблыкамі. Кажа, што сінічка ў руках значна лепш, чым журавель у небе.

   Са змеямі таксама ўсё ў парадку. Іх многа, і на іх месца кандыдатаў яшчэ больш. Яны гатовыя прадставіць Еву Адаму і пракантраляваць, ці правільна той сябе паводзіць з сваёй абранніцай. Ну і абранніцу пракантраляваць трэба, каб не асабліва з Адамам загульвала. Хай загульвае са змеямі лепш. Змей у сучасным табелі па рагу стаіць вышэй Адама, таму і на Еву мае значна большыя правы.

   На гэтым персанажы не заканчваюцца. Там іх больш, чым у п’есах Уільяма Шэкспіра або казках Ганса Хрысціяна Андэрсана. Ёсць і ваўкалакі, і вадуны, і вядзьмаркі, і ведзьмакі… Каго там толькі няма?! Сюжэт крыху адрозніваецца ад Біблейскага, ну дык і райскі сад тут толькі абяцаюць…

   Маюцца і іншыя постаці.

   Ёсць і Адам у выглядзе народу, які як быццам бы мусіць выбраць Еву. Але згубіў ужо ўсялякую цягу да палавога жыцця ў цэлым, і да жанчын у прыватнасці. Таму Адам не асабліва пераймаецца, як там тая Ева выглядае. Не вельмі цікавіцца і тым, якія ў яе яблыкі. Бо, мяркуе сам сабе Адам, што тая яблыкі Ева з’есць сама, або з якім змеем ці ваўкалакам. Яму і агрызка не застанецца.

   Яму, бы, Адаму, зелля якога чарадзейнага наварыць, каб флюіды ды гармоны зайгралі. Ці пабольш “Віягры” адкуль-небудзь даставіць, каб абудзіць цікавасць да Еваў. Глядзіш, пачаў бы ён паглядаць на Еваў, прыглядацца як якая рухаецца, як выглядае. Якая харашэйшая, якая ладнейшая. У якой з генетыкай перавагі, у якой з характарам. У якой хата бляхай крытая, а ў якой характар больш прывабны. Якая з прыстойнай сям’і, а якая прыгажуня, што свет не бачыў. Ну каб выбіраць пачаў Адам. Выбар хоць і не вельмі разнастайны, але ж ёсць.  

   На Евіну маму, будучую цешчу, таксама глянуць не грэх. Ну гэта ўжо без “Віягры”. І без чарадзейнага зелля. Тут цвярозым вокам трэба ацэньваць.

   Ну а на самых Еваў толькі з тым зеллем, раз зусім прапала цікавасць ды цяга да іх.

   Ды вось бяда, Евы што афіцыйныя, што не афіцыйныя, абяцаюць выключна райскія яблыкі. Іншых паднашэнняў Адаму не робяць, і нават не плануюць. Думаюць, што п’яніца праспацца можа, а вось Адам ніколі. Эх, чуе маё сэрца, дагуляюцца яны…

   Ну не, хопіць пра выбары. З нашымі выбарамі ўсё ж больш заблытаешся, чым мужык у бабскай спадніцы. Нават з філасофіяй, хіба, менш блытаніны.

   А развязка ў казцы можа быць толькі адна. І толькі тады, калі Адама ўсё гэта вельмі моцна дастане…

   Віктар Сазонаў.

 

23.08.2019 Тэгі: Віктар Сазонаў, Блог

Архіў

Лістапад 2019
123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930

Відэа

праваабарончыя сайты