Навіны

Апазіцыя Гародні на пачатку Выбараў-2019

Першае ўражанне, што на гэтых выбарах паводзіны гарадзенскай дэмакратычнай апазіцыі рэзка кантрастуюць з тымі, якія былі на папярэдніх выбарах ўжо многа гадоў запар, і да якіх грамадства ўжо нібыта і звыклася.

Але гэтым разам няма доўгіх сустрэч паміж лідарамі палітычных партый і грамадскіх арганізацый, якія ў мінулым заканчваліся дэкларацыямі пра стварэнне чарговай кааліцыі. Няма ні “Пяцёрак плюс”, ні “Дзесятак плюс”. Няма шапказакідальніцкіх заяў пра адладжаныя дзеянні і чаканне станоўчага хоць у нечым выніку.

На фоне пампезна заяўленай выбарчай актыўнасці праўладных арганізацый, такіх як БРСМ, апазіцыйныя структуры Гародні паводзяць сябе дастаткова стрымана, і нават сціпла. Такія палітычныя дэкларацыі, як тое, што нейкія структуры ідуць да пэўнага этапу, а там, калі не будуць выкананыя іх умовы, то знімуцца з выбарчага працэсу, адышлі ў мінулае. Дзеянні і словы апазіцыйных лідараў зараз намнога больш разважлівыя, не шматслоўныя, і здаецца намнога больш прадуманыя чым у мінулым. А самае галоўнае, не адарваныя ад рэчаіснасці.

Здаецца планы і задачы на гэтых выбарах апазіцыйныя структуры Гародні маюць, але не спяшаюцца раскрываць іх да канца.

– Беларускі Народны Фронт бярэ ўдзел у выбарах, і гарадзенская структура таксама, – тлумачыць кіраўнік гарадзенскага БНФ Вадзім Саранчукоў. – Але гаварыць зараз за ўвесь выбарчы перыяд крыху зарана. Трэба ісці ад этапу да этапу, карэктуючы свае дзеянні ў залежнасці ад сітуацыі. Зараз мы канцэнтруемся на камісіях. Пасля будзем глядзець, якім шляхам нам ісці далей.

Дваццаць чацвёртага жніўня БНФ праводзіць чарговы Сойм, на якім будуць разглядацца бягучыя пытанні па выбарах.

У гэты ж дзень Цэнтральная рада пройдзе і ў Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамадзе (БСДГ). І там галоўнай будзе выбарчая тэматыка.

Складаную сітуацыю перад выбарамі ў Гарадзенскай структуры АГП не хавае кіраўнік Гарадзенскай гарадской арганізацыі гэтай палітычнай партыі Уладзімір Пруднікаў.

– Мы рыхтаваліся да гэтых выбараў, і галоўную стаўку рабілі на нашага абласнога кіраўніка Мікалая Саляніка. І як на кандыдата, і як на лідара, які павядзе за сабой іншых. У яго быў не толькі высокі аўтарытэт у арганізацыі, але і вельмі вялікая актыўнасць, якая давала надзеі на тое, што за ім і за нашымі ідэямі пойдуць не толькі партыйцы, але і іншыя гарадзенцы, – тлумачыць Уладзімір. – На жаль так сталася, што Мікалай Салянік выключаны з партыі за тое, што увайшоў у БНК. З яго выключэннем з АГП гарадзенская структура нязгодна. Зразумела, што такая сітуацыя не ўзмацняе партыйную актыўнасць, асабліва ў выбарчы перыяд.

Сам Мікалай Салянік працягвае удзел у выбарчай кампаніі, толькі ўжо ў іншым аб’яднанні, з-за якога і ўзніклі ў яго праблемы з менскім кіраўніцтвам АГП.

– Мы стараемся аб’яднаць пэўныя сілы вакол сябе. Зразумела, што ёсць такая пляцоўка як сацыял-дэмакраты. Мы плануем супрацоўнічаць і з хрысціянскімі дэмакратамі і з іншымі, хто захоча ісці разам з намі і падзяляе нашы погляды. Да канца раскрываць нашыя планы яшчэ рана, але зараз у выбарчай кампаніі мы бярэм удзел.

 Лідар хрысціянскіх дэмакратаў Гародні Яўген Дудкін таксама нешматслоўны.

– Магу сказаць што ад нашай структуры адзін ці два чалавекі пойдуцьна выбары. Астатняе агучым неўзабаве.

Прадстаўнікі структур, якія не могуць зарэгістравацца, таксама не хваляцца вялікай колькасцю кандытатаў. Ім застаецца вылучацца толькі зборам подпісаў як незалежным кандыдатам. Зрэшты, некаторыя партыйцы, якія маюць права вылучацца ад сваіх партый, паралельна плануюць збіраць подпісы, каб мець непасрэдны кантакт з выбарцамі.

Можна ўжо сказаць з упэўненасцю, што дэмакратычная апазіцыя Гарадзеншчыны на гэтых выбарах будзе прадстаўлена не ў самым вялікім складзе, у параўнанні з мінулымі выбарамі. Але яна будзе. Яе ўдзел у выбарчай кампаніі адчувацца таксама будзе.

23.08.2019

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты