Навіны

Гарадзенскія праваабаронцы супраць дыскрымінацыі беларускай мовы

Па ініцыятыве гарадзенскіх праваабаронцаў “Вясны”, да якіх далучылася і гарадзенскае БХК, у межах кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, назіральнікі Віктар Сазонаў і Раман Юргель, а таксама журналіст Уладзімір Хільмановіч звярнуліся ў абласны і гарадскі выканаўчыя камітэты.

Праваабаронцы ў сваіх зваротах звяртаюць увагу на тое, што адбываецца сістэмная дыскрымінацыя беларускай мовы на галоўных дзяржаўных сайтах вобласці. Нават зараз, у час так званай выбарчай кампаніі, калі заканадаўства абавязвае праз гэтыя сайты належна інфармаваць насельніцтва пра хаду кампаніі, на беларускамоўных версіях дадзеных сайтаў беларуская мова ігнаруецца. Змест у нібыта бенларускамоўнай версіі сайтаў падаецца толькі па-руску.

У тэксце звароту ў аблвыканкам гаворыцца наступнае:

"Сайт Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта ёсць галоўным дзяржаўным сайтам Гродзенскай вобласці. Ён з’яўляецца важным элементам камунікацыі і інфармавання грамадзян пра дзяржаўную палітыку і жыццё рэгіёна. На жаль, сайт Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта паўнацэнна функцыянуе і інфармуе грамадзян толькі на рускай мове. А між тым, дзяржаўная беларуская мова ёсць адной з найпершых адметнасцяў нашай краіны. Мова тытульнай нацыі не можа быць дыскрымінаваная ні ў які спосаб, тым больш, што паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь яна з’яўляецца дзяржаўнай, а гістарычна першай атрымала такі статус. Беларуская мова ў публічнай камунікацыі дэманструе ўсім незалежнасць нашай дзяржавы, прэзентуе адметнасць яе культуры і традыцый.

 Усё сказанае датычыць і інфармацыі пра выбары ў Рэспубліцы Беларусь. Ужо на вашым сайце створаны беларускамоўны банер “Выбары”. Аднак напаўненне гэтай рубрыкі поўнасцю на рускай мове. Інфармацыя пра выбарчыя акругі і іншае пададзена толькі па-руску.

Абапіраючыся на вышэйсказанае, прапануем вам стварыць і мець на афіцыйным сайце паўнацэнную беларускамоўную версію. Гэта будзе адпавядаць поўнасцю заканадаўству Рэспублікі Беларусь. Упэўнены таксама, што гэта будзе спрыяць росту аўтарытэту рэгіянальнай дзяржаўнай улады.

 У адпаведнасці з законам “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб” просім пісьмова паведаміць пра захады і меры, зробленыя ў адпаведнасці з дадзеным зваротам, у вызначаны законам тэрмін".

Аналагічны зварот пададзены і ў Гарадзенскі гарвыканкам.

 

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты