Навіны

Зачэпічы: свята беларускай паэзіі і песні (шмат фота)

У вёсцы Зачэпічы на Дзятлаўшчыне адбылося Трэцяе Гарадзенскае абласное свята беларускай паэзіі, якое арганізавала Гарадзенскае аддзяленне Саюза беларускіх пісьменнікаў супольна з ТБМ з удзелам Дзятлаўскага райвыканкаму.

Свята сабрала ў Зачэпічы гарадзенскіх паэтаў і бардаў з Гародні, Наваградку, Ліды, Слоніма. І яно стала традыцыйным. А справа ў тым, што некалькі гадоў таму ў Зачэпічах быў пастаўлены камень з мемарыяльнай дошкай, прысвечанай тром вясковым паэтам, якія нарадзіліся ў Зачэпічах і актыўна друкаваліся ў заходнебеларускім друку ў 1930-х гадах. Гэта Пятрусь Граніт, Васіль Струмень і Гарасім Прамень.

Колькі гадоў таму і было вырашана штогод праводзіць у Зачэпічах свята беларускай паэзіі. Сёлета яно атрымалася святам і паэзіі, і песні. Свае песні на словы беларускіх аўтараў хораша і пранікнёна спявалі барды Алесь Закрэўскі, Сяргей Чарняк, Уладзімір Хільмановіч, Міхась Зізюк, Святлана Абдулаева.

Шчыра пра свята ў Зачэпічах казалі кіраўнік Гарадзенскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Валянцін Дубатоўка, грамадскі актывіст з Дзятлава Валерый Петрыкевіч, які запрасіў усіх на наступны год у Зачэпічы і падзякаваў дзятлаўскім чыноўнікам за спрыяннне ў правядзенні гэтага мерапрыемства.

Пра сяброўства зачэпіцкіх паэтаў з Валянцінам Таўлаем згадаў Алесь Хітрун з Ліды, пра слонімскі літаратурны альманах “Паланэз” казаў Сяргей Чыгрын са Слоніма, пра любоў да роднай мовы, да нашай зямлі нагадаў рэдактар газеты “Наша слова” Станіслаў Суднік. Свае вершы ў Зачэпічах чыталі Ала Петрушкевіч, Раіса Лакіза, Мечыслаў Курыловіч і іншыя паэты гарадзенскай зямлі.

Пасля заканчэння мерапрыемства ўсе прысутныя ўсклалі кветкі да магілы Петруся Граніта і сфатаграфаваліся на вясковай вуліцы, якая носіць яго імя. А старшыня мясцовага сельскага Савета Валерый Верамейчык падзякаваў ад імя ўсіх вяскоўцаў за свята.

Будзем спадзявацца свята беларускай паэзіі і песні будзе адбывацца ў Зачэпічах штогод.

 

Архіў

Сьнежань 2019
1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031

Відэа

праваабарончыя сайты