Навіны

Новая "вайна" на месцы "Старога млыну"

Гарадзенцам і многім гасцям гораду добра памятная старая чабурэчная "Ля старога млына", што стаяла праз плошчу ад чыгуначнага вакзалу, паблізу цяперашняга "Еўраопту". Кавярня два дзясяткі гадоў была папулярнай у жыхароў і гасцей гораду. У гэтай кавярні былі дастаткова смачныя чабурэкі. „Млын” з яго недарагім харчаваннем доўгі час быў невялікай візітоўкай Гародні.

Так выглядала кавярня ў апошні год працы

У лістападзе 2017 года кавярня была зруйнавана паводле пастановы мясцовых уладаў. Пачаткова казалася, што нібыта ўсё робіцца дзеля рамонту гарадскіх падземных камунікацый. Жыхары бліжэйшага дому, што па вуліцы Ажэшкі-42, спадзяваліся, што пасля тут паўстане рэакрацыйная зона з дрэвамі і магчыма дзіцячымі пляцоўкамі. Аднак пасля высветлілася, што на гэтае месца зусім іншыя планы.

 

"Стары млын" у час руйнавання. Лістапад 2017 года

Пазней высвятлілася, што на пляцоўцы памерам 6 сотак збіраюцца пабудаваць кафэ-кандытарскую. Мясцовыя жыхары сталі актыўна пратэставаць супраць новай "забягалаўкі", сцвярджаючы, што яны і так стаміліся ад п'яных кампаній па суседстве з домам. Тады інвестары новай забудовы спыніліся і канфлікт надоўга сцішыўся.

Аднак днямі жарсці разгарэліся з новай сілай. Забудоўшчык абнёс тэрыторыю драўляным плотам. Яшчэ летась начальнік землеўпарадкавальнай службы Гарадзенскага гарвыканкаму Андрэй Кухцюк адзначаў, што новае кафэ прадугледжана генеральным планам забудовы гораду.

 Яшчэ летась замоўца будоўлі Аляксандр Бычкоўскі, які ёсць уладальнікам кандытарскага цэху “Парэчча”, прапанаваў жыхарам перамовы і даць адказы па ўсіх пытаннях. Аднак людзі не захацелі ісці на нейкі кампраміс, жыхары катэгарычна супраць пабудовы якой-кольвек кавярні. Жыхары прапаноўвалі бізнесоўцу пабудаваць кавярню зусім у іншым мікрараёне, дзе няма ці зусім мала кропак грамадскага харчавання - прыкладам у Вішняўцы ці на Альшанцы. Аднак, такія прапановы сталіся непрыймальнымі для бізнес-планаў. Насельнікі ж 200-кватэрнага дому з адрасам Ажэшкі-42, стаялі і стаяць на сваім.

Зараз побытавы канфлікт зноў абвастрыўся. Жыхары збіраюць подпісы супраць непажаданай для іх пабудовы. Бізнесовец сцвярджае, што нічога сацыяльна небяспечнага ён будаваць не збіраецца, а ўтульнае кафэ без алкаголю для сямейнага адпачынку будзе вельмі дарэчы. Маўляў, жыхары і госці гораду будуць задаволеныя гэтай кавярняй з кандытарскімі вырабамі.

Канфлікт за пляцоўку пакуль не развязаны. Відавочна, што заказчык будоўлі мае ўсю патрэбную дакументацыю і юрыдычна яго пазіцыя моцная. Аднак жыхары настроены супраць. Ці прыслухаецца мясцовая ўлада да голасу і рэзонаў мясцовых жыхароў? У цяперашняй сістэме ўлады гэта здараецца надзвычай рэдка.

 

 

14.08.2019 Тэгі: Гародня, Гродна

Архіў

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты