Навіны

105 гадоў з дня нараджэння Міхася Рагулі

Беларускі грамадска-палітычны, культурніцкі дзеяч Міхась Рагуля нарадзіўся 6 жніўня 1914 года ў вёсцы Ачукевічы на Наваградчыне. Гэтая вёска дала для беларускага руху адразу некалькі актыўных дзеячаў, носьбітаў гэтага прозвішча. Міхась Рагуля – сын вядомага палітычнага дзеяча Васіля Рагулі. Ужо з дзяцінства Міхась змагаўся з цяжкасцямі і перашкодамі. Пра яго раннюю біяграфію можна крыху даведацца з кніжкі “Успамінаў” якраз бацькі Васіля Рагулі. Сын выдаў яе ў Нью-Ёрку ў 1957 годзе. У прадмове да гэтых успамінаў Міхась Рагуля выяўляе патрыятычныя погляды і асуджае ўсе захопніцкія рэжымы, якія прыходзілі ў Беларусь.

Міхась Рагуля навучаўся ў Наваградскай беларускай гімназіі, а пасля яе закрыцця ў 1933 годзе вучыўся на інжынера ў Варшаўскай палітэхніцы. У Варшаве ўваходзіў у кіраўніцтва Асветнага таварыства беларусаў. Далей, у 1940-1941 гадах, быў працяг вучобы ў Львоўскай палітэхніцы.

Летам 1941 года Міхась Рагуля вярнуўся ў Беларусь, працаваў загадчыкам аддзела культуры і асветы Віцебскай гарадской управы. Дбаў пра беларускія выдавецтва, школьніцтва, тэатр, іншыя беларускія справы. Тады ж стаў разам з сваім малодшым сябрам Усеваладам Родзькам ды іншымі аднадумцамі заснавальнікам падпольнай Беларускай Незалежніцкай партыі, мэтай якой было змаганне за незалежнасць Беларусі ад усіх, у тым ліку ад немцаў. Міхась Рагуля удзельнічаў таксама ў падрыхтоўцы партыйных праграмы і статута новай партыі. Быў рэдактарам падпольнага “Бюлетэня БНП”. Паводле сведчанняў Барыса Рагулі першы “Бюлетэнь БНП” выйшаў у Вiцебску, але распаўсюджваць яго пачалi ў Наваградку. Месца выдання першага нумару было выбрана невыпадкова. Менавiта ў Вiцебску займаў пасаду бурмiстра горада старшыня ЦК БНП Усевалад Родзька. Тут працаваў ва ўправе i Мiхась Рагуля, які меў падпольную мянушку “Чорны”. Першы нумар падпольнага “Бюлетэня...” быў набраны на друкарскай машынцы і памножаны на шапiрографе або рататары. У iм былi змешчаныя праграма i статут Беларускай Незалежнiцкай Партыi, а таксама iнфармацыя пра заснавальнiцкi з’езд БНП. Усяго ж выйшла 6 нумароў бюлетэня, з якіх два ў Беларусі, а іншыя ў Нямеччыне.

У 1942-43 гадах Міхась Рагуля рэдагаваў дадатак да газеты “Новый путь” – беларускамоўны дадатак пад назвай “Беларуская старонка”. Дадатак выходзiў штотыднёва з вясны 1942 года. У жніўні-кастрычніку 1944 года Рагуля – выкладчык у ваеннай школе “Дальвіц”. Пасля вайны вучыўся ў нямецкім Марбургу, уваходзіў у склад управы Цэнтралі Беларускіх Студэнцкіх Арганізацыяў. Потым скончыў палітэхніку ў баварскім Мюнхене, атрымаўшы дыплом інжынера. У канцы 1948 года выключаны з БНП. Стварыў “уласную” партыйную арганізацыю (прыхільную да Рады БНР), старшынём якой некалькі гадоў з’яўляўся.

У 1950 годзе Міхась Рагуля пераехаў у ЗША. Зрабіў там выдатную кар’еру ў галіне будаўніцтва фабрычных печаў. У 1950-ых гадах браў удзел у беларускім грамадскім жыцці, быў сябрам рэдкалегіі газеты “Беларус”. Пазней адышоў ад актыўнай грамадскай дзейнасці. Паводле ўспамінаў Янкі Запрудніка быў гарачым патрыётам Беларусі, чалавекам лагоднай натуры і добрых звычак.

Памёр Міхась Рагуля 6 ліпеня 2002 года. Пахаваны на беларускай частцы могілак у Іст-Брансьвіку (штат Нью-Джэрсі).

06.08.2019

Архіў

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты