Навіны

Абласны суд прадказальна не задаволіў скаргу Вітольда Ашурка

30 ліпеня Гарадзенскі абласны суд прадказальна не задаволіў касацыйную скаргу грамадскага актывіста з Бярозаўкі Вітольда Ашурка. Суддзя Анатоль Заяц 10 хвілін у прысутнасці некалькіх журналістаў і праваабаронцаў зачытваў скаргу і матэрыялы справы, пасля чаго зрабіў 20-хвілінны перапынак.

З'явіўшыся зноў у залі суда, Заяц абвесціў сваю пастанову - пакінуць рашэнне Лідскага раённага суда правамоцным. Вітольд Ашурак на "разглядзе" скаргі не прысутнічаў.

Напомнім, што 17 чэрвеня бягучага году Вітольд Ашурак і Сяргей Пантус выйшлі да будынку Лідскага райвыканкаму з плакатам “Мёртвая Дзітва”, інфармуючы такім чынам жыхароў пра небяспеку для здароўя і звяртаючыся да мясцовай улады. Гэта адбылося таму, што на тэрыторыі Лідскага раёна адбылося надзвычайнае здарэнне, па-сутнасці экалагічная катастрофа.

 

Яшчэ 11 чэрвеня 2019 года стала вядома пра моцнае забруджванне ракі Дзітва і мор рыбы. Атручванне рэк Дзітва і Нёман адбылося праз зліў нечыстотаў з ачышчальных збудаванняў Лідскай жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Аднак ніякіх інфармацыйных і іншых дзеянняў па папярэджанні насельніцтва пра небяспеку ўлады Лідскага раёна цягам 6 дзён (!) не зрабілі. 

Мясцовая міліцыя склала на Сяргея Пантуса і Вітольда Ашурка пратаколы пра нібыта адміністрацыйныя правапарушэнні, а Лідскі раённы суд надзвычай хутка (ужо 20 чэрвеня) пастановай старшыні суда Вячаслава Мацука аштрафаваў кожнага на 10 базавых велічынь.

Вітольд Ашурак не пагадзіўся з рашэннем Лідскага раённага суда і падаў касацыйную скаргу ў абласны суд.

Архіў

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты