Навіны

140 гадоў з дня нараджэння Васіля Рагулі

Беларускі палітычны, грамадска-культурніцкі дзеяч, педагог, актывіст беларускай эміграцыі Васіль Рагуля нарадзіўся 16 (28) ліпеня 1879 года ў вёсцы Ачукевічы Любчанскай воласці (цяперашні Наваградскі раён). Скончыў пачатковую школу, а ў 1898 годзе настаўніцкую семінарыю ў Маладэчне. Да 1903 года быў настаўнікам пачатковай школы ў вёсцы Налібакі на Стаўпеччыне. Далей вучыўся ў Віленскім настаўніцкім інстытуце, які скончыў у 1906 годзе. Некаторы час працаваў настаўнікам у Мінскім павеце, Смаргоні, Мінску. Арыштоўваўся ў 1906 годзе за ўдзел у рэвалюцыйных падзеях. Ужо тады актыўна ўлучыўся ў грамадскую працу, у сваёй мясцовасці на вакацыях стварыў тэатральны гурток, а таксама дапамагаў землякам паступіць на вучобу.

Васіль Рагуля ўдзельнічаў у Першай сусветнай вайне, мабілізаваны ў войска ў 1914 годзе. Ваяваў на Заходнім фронце, тады ж уступіў у Расійскую дэмакратычную партыю. У 1917 годзе ў Мінску быў удзельнікам Першага Усебеларускага кангрэсу. Увосень 1918 года Рагуля пераехаў у Мінск на стала і працаваў як настаўнік чыгуначнай чатырохкласнай школы. Вясной 1920 года, з прыходам у Мінск палякаў, школа была зачынена, а настаўнікі былі пушчаныя “на зялёную траву”.

Васіль Рагуля пераехаў у сваю вёску, маючы карову, каня, плуг і барану узяўся за гаспадарку. Грошай катастрафічна бракавала. Потым прыйшлі бальшавікі і мабілізавалі Рагулю зноў у войска, завезлі ў Смаленск. Там ён прабыў у Чырвонай Арміі да ратыфікацыі польска-савецкай дамовы. 24 красавіка 1921 года Рагуля ўцёк з Чырвонай Арміі дахаты. Дома застаў толькі дзяцей, жонка трагічна загінула ў выніку апёкаў. Зазнаў разам з дзецьмі беднасць і нястачу, не было нават абутку.

У 1922 годзе абраны дэпутатам у польскі сойм ад Блоку нацыянальных меншасцяў, у 1928 годзе ад таго ж блоку – у сенат. Уваходзіў у Беларускі пасольскі клуб. Адзін з ініцыятараў стварэння і кіраўнікоў Беларускага сялянскага саюзу. Арыштаваны тагачаснымі польскімі ўладамі, быў засуджаны да зняволення на два гады.

Пасля вызвалення з турмы ў 1930-ых гадах Васіль Рагуля вярнуўся ў родную вёску, працаваў на сялянскай гаспадарцы. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР, з верасня 1939 года працаваў настаўнікам у мясцовай дзесяцігадовай школе. 20 чэрвеня 1941 года арыштаваны савецкімі карнымі органамі. Аднак з пачаткам нападу фашыстоўскай Германіі на Савецкі саюз уцёк з пад арышту. Рагулю ўдалося ўцячы за Менскам з цягніка, які вёз яго ў Сібір і пешшу вярнуцца дахаты. У родных мясцінах беларускі актыў выбраў яго старшынём беларускага валаснога камітэту. Мястэчка Любча было першай мясцінай на Наваградчыне, дзе быў узняты бел-чырвона-белы сцяг. Пры нямецкай акупацыі наваградскі гэбітскамісар прызначыў Васіля Рагулю без ягонай згоды бурмістрам Дзятлаўскага раёну, што пазней наклала на яго ярлык калабаранта. Таксама Рагуля ўдзельнічаў у Другім Усебеларускім кангрэсе.

У ліпені 1944 года Васіль Рагуля эміграваў. Жыў у Нямеччыне, потым у Бельгіі. Яшчэ ў Бельгіі напісаў свае ўспаміны, якія былі выданыя. У 1993 годзе у Мінску гэтыя “Успаміны”, дзе расказваецца пераважна пра 1920-30-ыя гады і дзе змешчаны выбраныя прамовы, а таксама іншыя дакументы, былі перавыданыя.

Пазней, у 1950 годзе, Васіль Рагуля пераехаў у ЗША да сына. Памёр ён пасля доўгай і цяжкай хваробы 16 чэрвеня 1955 у Нью-Ёрку.

28.07.2019

Архіў

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты