Навіны

Адны на востраве

У гэтым месяцы беларускія аналітыкі, журналісты, палітолагі вялікімі шэрагамі і вялізнымі газетнымі ды інтэрнэтнымі калонкамі падводзяць вынікі 25-гадовага кіравання Рэспублікай Беларусь першым і дагэтуль адзіным прэзідэнтам дзяржавы. 10 ліпеня 1994 года пасля другога тура прэзідэнцкіх выбараў у найноўшай гісторыі наступіў кардынальны пункт адліку асаблівага кірунку развіцця і існавання. Чвэрць стагоддзя па мерках гісторыі – імгненне, але па мерках асобнага чалавечага жыцця – цэлая вечнасць. Вырасла цэлае пакаленне, нарадзілася яшчэ адно, а тое, што выбрала для цэлага народа савецкае мінулае, амаль цэлым пакаленнем адышло з гэтым вялікім грахом у іншы свет.

За дваццаць пяць гадоў суседзі беларусаў памянялі па шэсць-сем кіраўнікоў сваіх дзяржаў, паспелі перажыць і крызісы і пад’ёмы, некаторыя цэлыя рэвалюцыі. Суседзі не пераўтварыліся ў квітнеючыя краіны, але маюць усе падставы глядзець на нас у дыяпазоне ад спачування да раздражнення, ад паблажлівасці да здзеклівасці. Можна знайсці разгорнуты адказ, чаму так здарылася, што еўрапейская краіна з славутай гісторыяй і багатай культурай апынулася апошняй дыктатурай кантыненту. Можна бясконца выяўляць першапрычыну такога стану, які вынікае найперш з імперскай палітыкі Расеі. Але няма адказу на іншае пытанне – як выбрацца з гэтай глыбокай балотнай каляіны і здабыць права на змены, на пераўтварэнне сімбіёзу афрыканска-азіяцкай мадэлі кіравання Беларуссю ў дэмакратычную.

Зрэшты, ужо ўсе еўрапейскія палітыкі і ўрады перасталі называць персаналісцкі аўтарытарны рэжым Лукашэнкі апошняй дыктатурай Еўропы. Спачатку з дзяржавай РБ актыўна пачалі супрацаваць заходнія краіны, такія як Германія, Аўстрыя, Францыя, цяпер падцягнуліся і ўсходнія, якія яшчэ зусім нядаўна самы перажылі падобныя прыгнятальныя рэжымы. Адпаведна з тэорыяй і практыкай рэал-палітыкі, якая так расквітнела за апошнія дзесяць-пятнаццаць гадоў. А такіх палітыкаў, як Вацлаў Гавел, Лех Качыньскі ці Вітаўтас Ландсбергіс на кантыненце больш  няма. Сучасныя еўрапейскія прагматыкі пляваць хацелі на беларускія дэмакратычныя рухі і памкненні. Зараз нават візы зрабіць прадстаўнікам грамадзянскай супольнасці стала праблематычна. Еўрапейская бюракратыя і канцыляршчына нарастаюць з кожным годам. Вось ужо і візы згаданыя шэнгенскія для беларусаў будуць па 80 еўра. Еўразвяз канчаткова глядзіць на беларусаў, як на людзей другога, ці нават трэцяга гатунку. Усемагутная ненажэрная бюракратыя хоча нажыцца на бядзе беларусаў, гатовая забраць у іх нават права перамяшчацца праз мяжу. Каму справа да патрэбаў і жыцця маленькага чалавека!? У свеце няма літасці, як некалі казаў Сакрат Яновіч.

Вось псеўдабежанцаў з Азіі і Афрыкі, бальшыня з якіх ненавідзіць еўрапейцаў, можна пускаць у Еўропу тысячамі, дзясяткамі тысяч, не тое што без візаў, а нават без дакументаў. Пад іх можна пракручваць мільённыя, так званыя сацыяльныя праекты пад нібыта адаптацыю з адпаведнымі вялізнымі адкатамі. Такая палітыка шыракаў-меркеляў і ім падобных, якія пра заўтрашні дзень Еўропы даўно не дбаюць. То навошта гэтай еўразвязаўскай бюракратыі законапаслухмяныя працавітыя беларусы? Хай альбо плацяць гэтай бюракратыі, альбо загінаюцца ў сваёй краіне.

А вось чыноўнікі Беларусі, нават вельмі адыёзныя, зараз чаканыя госці на сама высокіх еўрапейскіх форумах і канферэнцыях. Нічога, што ровень іх адукацыі, кампетэнцыі, разумення ніяк не адпавядае дэкляраваным еўрапейскім каштоўнасцям. Галоўнае – гэта супольныя грантавыя праграмы і праекты, а вось як іх рэалізаваць-пракруціць, каб усе былі задаволеныя, тут у іх абсалютнае паразуменне.

Так што грамадзяне Беларусі застаюцца зараз на сваёй “няшчаснай выспе” без выбару і выбараў, без правоў і свабоды. Застаюцца пасярод акіяну бюракратыі і крывадушнасці абсалютна самотнымі. Пакуль неяк прыстасоўваюцца і выжываюць на гэтым “востраве стабільнасці”, але ўсё больш упадаюць у дэпрэсію і зняверанасць.      

Уладзімір Хільмановіч

Архіў

Кастрычнік 2019
123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031

Відэа

праваабарончыя сайты